Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ І ЎКРАІНА ЗАСТАЛІСЯ З ДАЎГАМІ Й БЕЗЬ МЯЖЫ


Юры Сьвірко, Менск

Прэсавы сакратар украінскага прэм'ер-міністра Сяргей Нагаранскі распавёў радыё “Свабода” пра вынікі чарнігаўскае сустрэчы ягонага шэфа Анатоля Кінаха зь беларускім калегам Генадзем Навіцкім

(Нагаранскі: ) “Абодва прэм'ер-міністры ў часе прэсавае канфэрэнцыі падкрэсьлілі тое, што ўзровень дачыненьняў на сёньня не адпавядае мажлівасьцям нашых краінаў. Калі казаць пра гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, дык аб'ём гандлю сёлета паміж нашымі краінамі склаў каля 700 мільёнаў амэрыканскіх даляраў. Заплянавана на наступны год павялічыць таварабарот, які мае складаць як мінімум 1 мільярд. То бок, гаврока ідзе пра шырокае супрацоўніцтва, гэта па-першае. А па-другое, бакі адзначылі, што на сёньня не адпавядае мажлівасьцям і памежнае супрацоўніцтва, а менавіта супрацоўніцтва памежных абласьцей”.

Праблема ж самой мяжы засталася нявырашанай, бо, паводле Аляксандра Лукашэнкі, дамова пра дзяржаўную мяжу з Украінай ратыфікаваная ў Менску ня будзе, пакуль Кіеў не выплаціць даўгі на суму больш як 200 мільёнаў даляраў. Беларускі прэм'ер Генадзь Навіцкі ў часе свайго папярэдняга кіеўскага візыту абяцаў, што пытаньне пра запазычанасьць Украіны будзе абмеркаванае на камісіі ў Чарнігаве. Але вось што кажа пра гэтае пытаньне Сяргей Нагаранскі, афіцыйны прадстаўнік украінскага Кабінэту міністраў:

(Нагаранскі: ) "Не, не абмяркоўвалася, таму што гэтыя пытаньні, якія назьбіраліся яшчэ з часоў СССР, пастаянна знаходзяцца на разглядзе і ўкраінскае, і беларускае часткі камісіі. Але ж канкрэтных рашэньняў на гэтым паседжаньні не было прынята, таму што дужа доўгі гэты працэс і ніхто й не плянаваў, ня ставіў за мэту вырашыць гэтыя пытаньні – наконт даўгоў, якія, паўтараю, назьбіраліся з часоў СССР”.

Ён таксама паведаміў, што наступная сустрэча беларускага й украінскага прэм'ераў адбудзецца ў Мазыры ў другім паўгодзьдзі наступнага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG