Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ


Юрась Барысевіч, Менск

Беларуская Акадэмія мастацтваў сёлета атрымала ад дзяржавы на навучальныя патрэбы толькі 5 млн. рублёў, але сама зарабіла на платным навучаньні студэнтаў 168 млн. Цяпер Акадэмія хоча прысабечыць будынак Палітэхнікуму, што стаіць у яе двары, каб набраць яшчэ больш студэнтаў на платную форму навучаньня. Гэтаму праекту была прысьвечаная сустрэча выкладчыкаў Акадэміі мастацтваў са старшынём Савету Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Аляксандрам Вайтовічам. Сустрэча прайшла безвынікова: Вайтовіч параіў прасіць грошы для патрэбаў Акадэміі ў Лукашэнкі, а на перадачу ёй будынку Палітэхнікуму — як і на пашырэньне фінансаваньня зь дзяржаўнага бюджэту — прасіў не разьлічваць.

Выстава скульптураў Валерыя Калясінскага адкрылася ў Валожынскім музэі. Сярод трох дзясяткаў твораў — партрэты Барбары Радзівіл і Адама Міцкевіча, рэльефы з выявамі старадаўняй беларускай архітэктуры і рамантычнымі вобразамі ўладароў Вялікага Княства Літоўскага. Валеры Калясінскі разам з архітэктарам Юрыем Казаковым распрацавалі праект першага ў Беларусі коннага помніку. Мяркуецца, што гэты помнік Стэфану Баторыю будзе ўсталяваны ў Горадні перад Фарным касьцёлам.

Беларуская Музычная Альтэрнатыва пры падтрымцы Польскага інстытуту ў Менску выпусьціла альбом “Сэрца Эўропы in Rock”. 10 гуртоў з польскае Беласточчыны сьпяваюць пераважна па-беларуску, а 8 беларускіх (у тым ліку “Крама” й “NRM") — па-польску. Сярод гэтых рарытэтных запісаў — песьня гурту “Новае неба” “Гэта мы”, якая прызначалася для альбому “Цэпэліны”, але ў яго не ўвайшла.

У мастацка-гістарычным музэі Ліды праходзіць выстава “Ад лідзкіх муроў пачыналі мы крок”. Навуковыя супрацоўнікі музэю Натальля Хацяновіч і Валеры Слаўкін сабралі й аздобілі зьвесткі пра чатыры сотні лідчукоў, што пакінулі сьлед у гісторыі беларускае літаратуры. Адным зь першых сярод іх быў лідзкі стараста Ян Абрамовіч, які ў XVI стагодзьдзі склаў і выдаў “Катэхізыс”, дзе было каля 300 рэлігійных песень.

20 сьнежня ў кінатэатры “Зьмена” мае адбыцца імпрэза, прысьвечаная 115-м угодкам з дня народзінаў кампазытара-эмігранта Міколы Равенскага, аўтара гімну “Магутны Божа” на словы Натальлі Арсеньневай. Сярод іншых адметных твораў Равенскага — песьня на словы Канстанцыі Буйло “Люблю наш край, старонку гэту”, першая беларуская гістарычная опэра “Браніслава” й першая беларуская апэрэта “Залёты”. У праграме вечарыны — фільм Міхася Жданоўскага “Ўспамін пра Міколу Равенскага” й прэзэнтацыя кампакт-дыску з найлепшымі творамі кампазытара.

У Музэі сучаснага мастацтва адчынілася выстава бабруйскага скульптара Валерыя Калтыгіна. Паводле словаў аўтара, “мастацтва — гэта прыемная форма шызафрэніі”. Калтыгін працуе ў тэхніцы народнага ганчарства, але надае посуду й дэкаратыўным скульптурам авангардныя формы. Адзіны каляровы твор у экспазыцыі ўвасабляе параненага ваяра з гербу “Пагоня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG