Такое рашэньне выкліканае іхным банкруцтвам. Беларускія гандлёвыя дамы мяркуюць ліквідаваць у Растове, Кастраме, Валгаградзе, Пецярбургу, Смаленску, іншых расейскіх рэгіёнах.
У Смаленску, як паведаміў сёньня нашаму радыё мясцовы бізнэсовец Мікалай Ахрэменка, пра колішні беларускі гандлёвы дом засталіся толькі ўспаміны.
(Ахрэменка: ) "Так, быў тут нейкі, але, па-мойму, ён нават не працаваў. Прынамсі, я ня бачыў, каб ён працаваў. Але нас гэтае закрыцьцё не датычыць. Мы ўжо пяць гадоў гандлюем беларускімі таварамі, ад запалак да аўтамабіляў, і зьбіраемся надалей працаваць. А што да "Белрэсурсаў", то вакол іхнага дому было хіба што шмат шуму", — прыгадаў спадар Ахрэменка, дырэктар смаленскага гандлёвага цэнтру, які займаецца продажам беларускіх тавараў.
Беларускія гандлёвыя дамы пачалі ўзьнікаць у Расеі гады чатыры таму. Ініцыятарам быў Аляксандар Лукашэнка — падчас паездак у рэгіёны Расейскай Фэдэрацыі ён дамаўляўся пра гэта з губэрнатарамі. Як вынікала з тлумачэньняў Лукашэнкі, гандлёвыя дамы практычна ўвасобяць яго інтэграцыйную палітыку, дапамогуць актывізаваць эканамічнае супрацоўніцтва.
Гэтага аднак не адбылося. З дваццаці адкрытых беларускіх гандлёвых дамоў пасьля цяперашняга рашэньня "Белрэсурсаў" застанецца ў Расеі толькі дзевяць. Чаму ініцыятыву Лукашэнкі напаткала гэткая няўдача?
Екацерынбург — адзін з рэгіёнаў Расеі, дзе пра гандлёвыя дамоўленасьці кіраўніка Беларусі зь мясцовай элітай зараз ня хочуць згадваць. Вось меркаваньне на гэты конт кіраўніка екацерынбурскага аддзяленьня амбасады Беларусі ў Расеі Аляксандра Сусьлянкова:
(Сусьлянкоў: ) "Праблему "Белрэсурсаў" двума словамі нельга растлумачыць. Тут трэба шукаць карэнную прычыну. Гэта быў першы досьвед, таму, магчыма былі памылкі. На мой погляд, самае галоўнае — знайсьці саліднага партнэра. Гэта — больш як палова посьпеха.
І другі чыньнік: трэба добра прадумаць мэханізм узаемных разьлікаў і паставак тавараў. Мы зараз тут у Екацерынбургу адкрылі Беларускі гандлёвы дом, але ён заснаваны не "Белрэсурсамі", а Міністэрствам прамысловасьці. Дык ён працуе. Гэта як бы мадэль, якую спрабавалі ва ўральскім рэгіёне, упершыню ў Расеі".
Між тым, паводле незалежных назіральнікаў, масавае банкруцтва беларускіх гандлёвых дамоў у Расеі мае банальную прычыну. Арганізацыяй іхнай дзейнасьці займаліся ўлады, а не бізнэсоўцы. На расейскім жа рынку зараз цалкам гаспадарыць прыватная ініцыятыва. З другога боку, гэтае банкруцтва, як лічаць экспэрты, пацьвердзіла небясьпеку для беларускіх таваравытворцаў. Попыт на іхную прадукцыю ў Расеі няспынна падае.