Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЮДЖЭТ-2002 СЁНЬНЯ ТАК І НЕ ПРЫНЯЛІ


Юры Сьвірко, Менск

Мажліва, што ў новы год Беларусь увойдзе без зацьверджанага дзяржаўнага бюджэту. Сёньня "палата прадстаўнікоў" разглядала адпаведны праект у апошнім, другім чытаньні, але так і не змагла яго прыняць.

Спрэчкі разгарнуліся вакол артыкула, што вызначае памер падатку, які пойдзе ў рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагападарчае прадукцыі, а таксама ў дарожны фонд.

Праект бюджэту прадугледжваў стаўку 2% ад агульнай выручкі, зь якіх 1% прызначаны сельскай гаспадарцы, а яшчэ 1% — дарожнікам. Аднак аграрныя лябісты зрабілі ўсё, каб свой 1% пераўтварыць у 1,5%, і большасьць дэпутатаў "палаты" прагаласавала за павелічэньне стаўкі адзінага плацяжа з 2 да 2,5%. Пасьля гэтага далейшае галасаваньне згубіла сэнс, бо ўвесь бюджэт разьлічваўся зыходзячы са стаўкі 2% ад выручкі ўсіх суб'ектаў гаспадаркі.

Што такое спрэчная 0,5% у абсалютных лічбах? — запытаў я міністра фінансаў Беларусі Мікалая Корбута.

(Корбут:) "Ну вы бачыце, калі 1% — гэта 300 мільярдаў рублёў, вы ж бюджэт можаце ўзяць паглядзець, дык яшчэ на 0,5% — гэта недзе 150 мільярдаў рублёў. Зразумела, што вялікая сума. І маюць рацыю, што мы страчваем: але ж цану адразу не падымеш — усё пакладзецца на сабекошт. Гэта прыкладна пад 30 мільярдаў рублёў паступленьняў у бюджэт губляецца. Гэта ёсьць пэўная разбалянсоўка".

(Карэспандэнт: ) "Вы думаеце — перагаласуюць?"

(Корбут: ) "Ну дык бюджэт жа прымаць трэба".

Мікалай Корбут сказаў журналістам, што для яго такі жорсткі падыход дэпутатаў "палаты" быў нечаканым, але заклікаў не драматызаваць сытуацыю.

Аднак старшыня аграрнае камісіі "палаты прадстаўнікоў" Аляксандар Азарчанкаў заявіў перад галасаваньнем папраўкі, што калі адлічэньні ў сельскагаспадарчы фонд ня будуць павялічаныя, дык ён пакіне пасаду кіраўніка камісіі. Галасаваньне было пайменнае, і 62 дэпутаты падтрымалі павелічэньне фінансаваньня аграрнага фонду.

Міністар падаткаў і збораў Канстанцін Сумар заявіў, што такое рашэньне падвысіць падатковую нагрузку на прамысловасьць — прыблізна на 1,2–1,4%. Урэшце "палата" вырашыла дакладна падлічыць, колькі набудзе сельская гаспадарка і колькі страціць прамысловасьць, і разышліся да аўторка.

А да таго дэпутат Іван Пашкевіч афіцыйна прапанаваў, каб урад у справаздачы за бюджэт 2002 году паінфармаваў пра даходы ад продажу зброі. Я папрасіў пракамэнтаваць гэта міністра фінансаў Мікалая Корбута.

(Корбут: ) "Навошта мне камэнтаваць? Будзе запісана — будзем даваць справаздачу. І ўвогуле: ня трэба шукаць смажанага там, дзе нават дыму няма".

Спадар Корбут зрабіў таксама цікавую заяву напярэдадні чарговай маскоўскай сустрэчы кіраўнікоў Расеі й Беларусі, што плянуецца на 25 сьнежня. Аляксандар Лукашэнка заявіў сёньня, што "цяпер з расейскім бокам ідуць вельмі жорсткія перамовы на ўзроўні прэзыдэнтаў, урадаў і экспэртаў". Ягоны ж міністар фінансаў пра пэрспэктывы інтэграцыі з Расеяй у сваёй галіне кажа:

(Корбут: ) "У нас ня будзе адзінай падатковай сыстэмы — пакуль, прынамсі, найбліжэйшым часам. З тае прычыны, што яны маюць свае віды падаткаў, якіх у нас ня будзе. Мы абмяркоўвалі, што базавыя прынцыпы падаткаабкладаньня, асноўныя віды падаткаў і падатак спагнаньня мы ўзгоднім — так яно й будзе. Але, як і ў кожнай краіны, усё адно будуць свае асаблівасьці".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG