Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША РАЗРЫВАЮЦЬ ДАМОВУ 1972 ГОДА АБ СУПРАЦЬРАКЕТНАЙ АБАРОНЕ


Валер Каліноўскі, Прага

На мінулым тыдні ў ЗША прайшло пасьпяховае выпрабаваньне новых наземных тэхналёгіяў супрацьракетнай абароны. Дамова 1972 года дазваляе такія выпрабаваньні, але Пэнтагон мае намер выпрабоўваць марскія радары, антыракетныя зьнішчальнкіі, а пазьней – і касьмічныя супрацьракетныя сыстэмы. Гэта ўжо супярэчыць дамове, якая фактычна тармозіць далейшыя распрацоўкі Пэнтагону.

Пад ціскам Пэнтагону, занепакоенага разгортваньнем супрацьракетнага шчыта, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш мае намер афіцыйна паінфарамваць Расею аб тым, што Злучаныя Штаты выходзяць з дамовы 1972 года аб супрацьракетнай абароне. Пра гэта паведаміла агенцтва Associated Press са спасылкай на прадстаўнікоў амэрыканскага ўраду.

Гэтае рашэньне будзе аб’яўленае празь некалькі дзён. Пасьля чаго пачнецца адлік паўгадовага тэрміну, які патрабуецца дзеля канчатковага выйсьця з гэтай дамовы.

Гэткае рашэньне дазволіць Бушу зрабіць істотны крок у справе выкананьня ягоных перадвыбарчых абяцаньняў усталяваць антыракетную сыстэму, якая абараняла б ЗША і іхных хаўрусьнікаў, уключаючы Расею, ад ракетных удараў з краінаў, што падтрымліваюць міжнародны тэрарызм.

Падпісаная ў часе халоднай вайны дамова 1972 года базавалася на тым, што адсутнасьць абароны ад ракетных атакаў будзе стрымліваць бакі ад выкарыстаньня ядзенай зброі. Але за апошнія тры дзесяцігодзьдзі сьвет значна зьмяніўся, цяпер і іншыя краіны авалодваюць ракетнай зброяй. Як зазначаюць у Белым доме, Расея больш не зьяўляецца ворагам ЗША, але Амэрыка мае патрэбу ў абароне ад патэнцыйных атакаў з Паўночнай Карэі, Ірану, іншых краінаў зь ядзернымі амбіцыямі.

Паводле нядаўняй заявы самога Буша, тэрарыстычныя атакі 11 верасьня выразна выявілі патрэбу ў антыракетным шчыце.

Нягледзячы на гэта, Расея і шэраг іншых краінаў адмоўна ставяцца да выхаду ЗША з дамовы 1972 года, зазначаючы, што гэта можа справакаваць новую гонку ядзерных узбраеньняў. Крытыкі гэтага пляну таксама зазначаюць, што пабудова супрацьракетнага шчыта будзе каштаваць велізарных грошаў. Але рашэнне ўжо прынятае.

Тым ня менш, міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд зазначыў, што нават пасьля таго, як урад Злучаных Штатаў паінфармуе Расею аб намеры выйсьці з гэтай дамовы, ЗША будуць зацікаўленыя ў працягу дыялёгу з Расеяй з мэтай падрыхтоўкі іншай дамовы на гэты конт.

Расея і ЗША ўжо наблізіліся да істотнага скарачэньня сваіх ядзерных арсэналаў, і адпаведная дамова, паводле словаў расейскага МЗС Ігара Іванова, можа быць гатовая ўжо да візыту ў Маскву Джорджа Буша, заплянаванага на вясну наступнага года. Але ў Вашынгтоне не выключаюць, што Расея можа зьвязаць далейшае скарачэньне ядзерых узбраенняў зь нявыхадам ЗША з дамовы 1972 года, настолькі Расея нязгодная з гэтым крокам адмінітстрацыі Джорджа Буша.

Цяпер у Вашынгтоне абмяркоўваць магчымую рэакцыю Расеі на чакаемае рашэньне Буша. На думку прадстаўніка прыватнай Асацыяцыі кантролю за ўзбраеньнямі Дэрыла Кімбала, гэта можа падарваць намаганьні Уладзімера Пуціна праводзіць празаходнюю зьнешнюю палітыку.

Але прадстаўнік фонду “Гэрытаж” Арыэль Коэн мяркуе, што ўсё ж гэтае рашэньне не прывядзе да аднаўленьня канфрантацыі паміж ЗША і Расеяй. Коэн прадказавае, што Расея вымушаная будзе зьмірыцца зь ім, і што сустрэчная прапанова ЗША аб скарачэньні ядзернай зброі зробіць яго больш прыцягальным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG