З просьбай патрабаваць ад уладаў рэабілітацыі Ларысы Геніюш зьвярнулася да старшыні БГК Тацяны Процькі група беларускіх пісьменьнікаў. 9 сьнежня мінула 45 гадоў з часу вяртаньня Геніюшаў з сыбірскіх лягераў, і беларуская творчая інтэлігенцыя хацела ўсталяваць у Зэльве помнік паэтцы, але мясцовыя ўлады не дазволілі. Маўляў, Ларыса Геніюш да гэтага часу не рэабілітаваная.
Цяперашняя спроба афіцыйнай рэабілітацыі вядомай беларускай паэткі — ужо трэцяя. У 1990 годзе Пракуратура БССР адмовіла ў гэтым групе творчай інтэлігенцыі. А яшчэ праз 7 гадоў на адпаведны зварот Гельсынскага камітэту быў атрыманы адказ зь Вярхоўнага Суду, у якім паведамлялася, што Ян і Ларыса Геніюшы былі асуджаныя справядліва, а таму падставаў для перагляду іхнай справы, маўляў, няма.
Аднак прадстаўнікі Гельсынскага камітэту спадзяюцца, што цяперашняя спроба рэабілітацыі Ларысы Геніюш можа быць пасьпяховай. Гаворыць намесьнік старшыні БГК Гары Паганяйла:
(Паганяйла: ) "Справа ў тым, што адбыліся зьмены Крымінальнага кодэксу, прававога рэжыму тых злачынстваў, у якіх іх вінавацілі. Другое — гэта незаконнасьць дзеяньняў уладаў у адносінах да Геніюш. Гэта ня толькі задача праваабаронцаў. Гэтага дамагаецца і шырокая грамадзкасьць. Улады павінны на гэта адрэагаваць".
Паколькі Ларыса Геніюш і ейны муж былі грамадзянамі Чэхаславаччыны й іх выдалі Савецкаму Саюзу незаконна, то прадстаўнікі БГК накіравалі ва ўрад Чэхіі зварот з просьбай на афіцыйным узроўні падтрымаць патрабаваньне да беларускіх уладаў пра рэабілітацыю.