Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭРАРЫСТЫ ЗАХАПІЛІ ШПІТАЛЬ У КАНДАГАРЫ, А АМЭРЫКАНЦЫ ЎЖЫЛІ ЗВЫШМОЦНЫЯ БОМБЫ


Віктар Дзятліковіч, Афганістан

Узначальвае тэрарыстаў адзін з найбліжэйшых паплечнікаў мулы Амара Хафіз Маджыд. Пакуль што з тэрарыстамі вядуцца перамовы, але новы губэрнатар Кандагару Хаджы Гуляга ўжо заявіў, што ў любым выпадку Хафіз Маджыд будзе зьнішчаны, нават калі ён добраахвотна зкладзе зброю.

Невядома адкуль зьявіўся гэта атрад тэрарыстаў. Раней паведамлялася, што быццам усе талібы, якія знаходзіліся ў Кандагары альбо здалі зброю, альбо ўцяклі з гораду. Тычылася гэта найперш замежных наймітаў, на якіх не распаўсюджваецца амністыя. Аднак, як бачым, частка ўзброеных талібаў не пакінула горад.

Гэта ўжо другі раён у Кандагары, дзе талібы аказваюць супраціў. Ужо цягам некалькіх дзён атрады колькасьцю да 300 чалавек кантралююць аэрадром у Кандагары.

За разьвіцьцём падзеяў назіраюць, але пакуль займаюць пазыцыю неўмешальніцтва амэрыканскія дэсантнікі, база якіх месьціцца ў 90 кілямэтрах ад Кандагару.

Яны зараз займаюцца больш мірнымі справамі. Напрыклад, ужо другі дзень адбудоўваюць амэрыканскую амбасаду ў Кабуле. За дэсантнікамі зь цікаўнасьцю назіраюць мясцовыя жыхары. Я запытаўся сёньня ў іх, ці падабаецца ім, што ў Афганістане знаходзяцца амэрыканскія жаўнеры. Адзін з кабульцаў адказаў: “Амэрыканцы прыйшлі сюды змагацца з тэрарыстамі, і гэта добра. Але калі мы зь іхнай дапамогай пераможам талібаў, ім трэба будзе вяртацца дадому”.

Як бачым, афганцы вельмі рады гасьцям, але толькі да таго часу, пакуль яны маюць магчымасьць зь іхнай дапамогай вырашаць свае праблемы.

Працягваюцца баі і ў горным раёне Тора Бора. Сёньня амэрыканская авіяцыя ў першы раз ужыла там звышмоцныя бомбы, якія зьнішчаюць усё жывое ў радыюсе 300 мэтраў ад эпіцэнтру выбуху і могуць зьніштожыць горныя бункеры, дзе хаваюцца талібы.

За некалькі гадзінаў да таго, як амэрыканцы ўжылі гэтыя бомбы, байцоў Паўночнага альянсу адвялі ад першай лініі фронту, каб яны не пацярпелі пад час бамбаваньня.

Аднак нават гэткія мэтады барацьбы пакуль не прыносяць плёну. Талібы і сябры Аль-Кайды трымаюць жорсткую абарону ў Тора Бора.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG