Супрацоўнікі райаддзела міліцыі па тры-чатыры чалавекі ў кожнай групе заходзілі ў кватэры, затрымліваючы ўдзельнікаў ланцугу. А калі таго, каго яны шукалі, на месцы не было, пакідалі позвы з выклікам у пастарунак. Гэтак учора быў затрыманы Аляксей Сідак, на якога ў пастарунку склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Затрымалі і Андрэя Валынца, што ўчора падыходзіў да "Ланцугу неабыякавых людзей" і прасіў на памяць партрэт Зьміцера Завадзкага.
Склалі пратакол і на Уладзімера Малярчука, старшыню філіяў Беларускага Гельсынскага камітэту і Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі. Яму прыпісваецца арганізацыя недазволенага ўладамі "Ланцуга неабыякавых людзей", у якім узялі ўдзел 32 чалавекі зь ліку сябраў АГП, руху супраціву "Зубр", арганізацыі "Маладыя сацыял-дэмакраты" і Свабоднага Прафсаюзу .
Сёньня ж адбылося першае паседжаньне разгляду адміністрацыйных справаў спадароў Сідака, Валынца і Малярчука. Але падсудныя сваю віну ня прызналі ды запатрабавалі, каб у судзе ўдзельнічыў адвакат. Судзьдзя Уладзімер Ямяльлянчык хадайніцтва задаволіў ды перанёс разгляд справы на 14 сьнежня.