Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫСТАВА ЗАБАРОНЕНЫХ ЦЭНЗУРАЙ ТВОРАЎ


Валянціна Аксак, Менск

Акцыя распачалася на менскай вуліцы Дзімітрава, ля былога дому нумар тры. Свае забароненыя цэнзурай творы мастакі разьвесілі на драцяным плоце, які цяпер аточвае тое, што яшчэ нядаўна было помнікам архітэктуры дзевятнаццатага стагодзьдзя. Пра гісторыю гэтага злачынства дзяржавы распавёў мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Экспазыцыю на плоце склалі творы мастакоў, якія за прамінулае дзесяцігодзьдзе зазналі цэнзуру. Гэта такія аўтары як Лявон Бартлаў, Мікола Крукоўскі, Алесь Марачкін, Алесь Пушкін, Алег Карповіч...Усяго тут каля дваццаці твораў, якія былі зьнятыя з выставаў суполкі "Пагоня" ці да гэтага часу чакаюць вырашэньня свайго лёсу, як прыкладам зроблены для Зэльвы скульптарам Міхалам Іньковым помнік Ларысе Геніюш. Выстаўленыя таксама эскізы грошай, прапанаваных для зацьверджаньня Вярхоўнаму Савету 12 скліканьня, эскізы вайсковых знакаў ды амуніцыі, якія былі зробленыя на пачатку дзевяностых для беларускага войска, газэты зь белымі плямамі, цудам ацалелы экзэмпляр парэзанай на макулатуру кнігі "Радно" паэта Эдуарда Акуліна.

Але цэнзуру за прамінулае дзесяцігодзьдзе зазнала значна больш твораў, чымся паказаныя на гэтай выставе. Ці азначае гэта, што іхныя аўтары па нейкіх прычынах адмовіліся ад удзелу ў ёй. Высьветлілася, што справа ў іншым. Гаворыць адзін з арганізатараў акцыі мастак Алесь Пушкін.

(Пушкін: ) "Было наадварот шмат людзей, якія казалі пра тое, што іхныя творы зазналі цэнзуру. Але калі я папрасіў іх назваць час, калі іхныя творы падпалі пад цэнзуру, і прозьвішчы чыноўнікаў, якія яе ўчынялі, то яны не змаглі гэтага зрабіць. І не прынесьлі свае творы на выставу, пабаяліся, бо трэба будзе адказваць на гэтыя пытаньні і журналістам і наведнікам выставы".

Акцыя на вуліцы Дзімітрава доўжылася ад трэцяй да чацьвертай гадзіны дня, а затым арганізатары перавезьлі творы ў галерэю "Золата", што месьціцца на вуліцы Сурганава. Там да ўдзельнікаў імпрэзы далучыліся сьпявачка Кася Камоцкая са сваімі недазволенымі на канцэртах некаторымі песьнямі ды стваральнік і рэжысэр незалежнага тэатру "Вольная сцэна" Валеры Мазынскі, які распавёў пра цэнзуру ў тэатрах.

Мяркуецца, што забароненыя цэнзураю творы будуць экспанавацца ў "Золаце" да 20 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG