Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СОТАЯ НОБЭЛЕЎСКАЯ ПРЭМІЯ МІРУ


Валер Каліноўскі, Прага

У Осла ў сувязі з юбілейнымі ўрачыстасьцямі прыехалі 30 з 39 жывых на сёньня ляўрэатаў прэміі міру. У адмысловай супольнай заяве яны заклікалі ўрады краінаў сьвету стварыць Міжнародны суд у справе вайсковых злачынстваў. Стагодзьдзе прэміі міру супала з вайной у Афганістане і абвастрэньнем сытуацыі ў некаторых іншых рэгіёнах плянэты. Падчас цырымоніі ў мэрыі Осла Кофін Анан сказаў наступнае:

(Анан: ) “Мы ўвашлі ў трэцяе тысячагоддзе праз вогненную браму. Цяпер, пасля жудасных падзеяў 11 верасня мы бачым далей і лепей, – і мы разумеем, што чалавецтва непадзельнае. Новыя праявы небясьпекі не бачаць розьніцы паміж расамі, нацыямі ці рэлігіямі”.

Гэта ня першая нобэлеўская прэмія, якую атрымалі асобныя інстытуты альбо супрацоўнікі ААН, такіх выпадкаў ў гісторыі было 13. Але ўпершыню гэтую ўзнагароду атрымала сама Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў.

(Анан: ) “Ад імя маіх калегаў, што працуюць ва ўсіх інстытутах ААН, ва ўсіх кутках зямлі, якія прысьвяцілі сябе і ў многіх выпадках рызыкуюць жыццямі ў сваім змаганьні за мір, я дзякую нобэлеўскаму камітэту за гэты высокі гонар”.

Датычна ўзнагароджаньня самога Кофі Анана Нобэлеўскі камітэт ў сваім кастрычніцкім рашэнні зазначыў, што Анану ўдалося “удыхнуць новае жыццё” ў гэтую арганізацыю. Гэтае рашэньне, відаць, не падтрымалі толькі ахвяры генацыду 1994 года ў Руандзе, якія здолелі выжыць, ды сем’і мусульманаў са Срэбраніцы, што гінулі ад рук баснійскіх сэрбаў у 1995 годзе ў той час, калі Кофі Анан кіраваў там міратворчымі сіламі ААН.

Тым ня менш у большасьці краінаў адзначаюць плённасьць працы Кофі Анана дзеля пераадоленьня ў сьвеце галечы, парушэньняў правоў чалавека, вырашэньня праблемы СНІДу, ўрэгуляваньня вострых балканскіх і блізкаўсходняга канфліктаў.

Пасьля 11 верасьня Кофі Анан шмат зрабіў, каб за гэтае злачынства, учыненае канкрэтнымі асобамі, у сьвеце не лічылі вінаватымі ўсіх мусульманаў.

Ураджэнцу Ганы Кофі Анану 63 года. Ён пасьпяхова працуе ў структурах ААН з 1962 года, сёлета ён быў пераабраны на другі тэрмін ў якасьці Генэральнага сакратара ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG