Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНФЛІКТ У ГАЙНАЎЦЫ ПАМІЖ ПОЛЬСКАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВОЙ ДЫ АРГАНІЗАТАРАМІ ФЭСТЫВАЛЮ


Аляксей Дзікавіцкі, Гайнаўка

Напярэдадні найвышэйшая духоўная асоба праваслаўнай царквы ў Польшчы мітрапаліт Сава, выдаў загад аб стварэньні арганізацыйнага камітэту Гайнаўскіх Дзён царкоўнай музыкі, якія мусяць замяніць традыцыйны Фэстываль царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы.

Найбольш дзіўным ёсьць тое, што ў склад аргкамітэту прадстаўнікі Царквы не запрасілі заснавальніка ды шматгадовага дырэктара сусьветна вядомага Фэстывалю царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы Мікалая Бушко.

Адразу па стварэньні аргкамітэту, прэсавы сакратар Праваслаўнай Царквы ў Польшчы айцец Хэнрык Папроцкі паведаміў Польскай прэсавай агэнцыі, што Дні царкоўнай музыкі мусяць замяніць Фэстываль царкоўнай музыкі, які існуе ўжо больш за 20 гадоў. Аднак сёньня Хэнрык Папроцкі сказаў радыё “Свабода”, што нічога ў гэтай справе дакладна невядома. Ці наагул будзе новы фэстываль, вырашыць аргкамітэт у часе свайго першага паседжаньня, якое мае адбыцца ў хуткім часе.

(Папроцкі: ) “Пакуль нічога невядома. Трэба чакаць на рашэньне самаўраду і рады фэстывалю”.

Аднак прэсавы сакратар падцьвердзіў, што Праваслаўная царква ня можа прыйсьці да паразуменьня ў справе фэстывалю з ягонымі цяперашнімі арганізатарамі.

(Папроцкі: ) “Немагчыма было дайсьці да паразуменьня з фэстывалям і ад гэтага ўсе праблемы”.

Неафіцыйна вядома, што Праваслаўная царква незадаволеная тым, што арганізатары фэстывалю занадта часта ў сваіх мэтах выкарыстоўваюць прыметнік “царкоўны”, як напрыклад у назове Фундацыі Царкоўнай музыкі, створанай дзеля пошуку грошай на фэстываль.

Заснавальнік і шматгадовы дырэктар фэстывалю Мікалай Бушко, паведаміў карэспандэнту радыё “Свабода”, што чуў пра ініцыятыву царквы толькі са сродкаў масавай інфармацыі. Спадар Бушко прызнаўся што ня ведае, чаму яго не запрасілі ў аргкамітэт новай імпрэзы, аднак спадзяецца, што паразуменьне ў гэтай справе ўсё ж магчымае:

(Бушко: ) “Я спадзяюся, што будзе адзін фэстываль. Фэстываль, які сябе апраўдаў і які мы тут умеем арганізоўваць. Аб гэтым сьведчыць 20 гадоў фэстывалю ды больш за 400 хораў з 27 краінаў цэлага сьвету”.

Спадар Бушко таксама падкрэсьліў, што вядомы на ўвесь сьвет фэстываль Царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы мусіць надалей застацца адкрытым для ўсіх.

(Бушко: )“Веру, што ніхто ніхто ня хоча зьмяніць прынамсі спраўджанай формулы фэстывалю ў якім ёсьць мейсца для ўсіх: праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў, няверуючых, для ўсіх, хто хоча сьпяваць у нас царкоўную музыку”.

Цяпер застаецца чакаць на паседжаньне створанага Царквой арганізацыйнага камітэту, пасьля якога стане вядомы далейшы лёс фэстывалю Царкоўнай музыкі ў Гайнаўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG