Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАРОДНАЯ ГРАМАДА РЫХТУЕ СВОЙ ПРАЕКТ СТРАТЭГІІ АДНОСІНАЎ ЭЎРОПЫ ДА БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня кіраўніцтва "Народнай грамады" арганізавала прэсавую канфэрэнцыю па выніках свайго нечарговага зьезду, які прайшоў у суботу. Больш за 90% дэлегатаў пераабралі на старшыню Міколу Статкевіча. Альтэрнатыўнага кандыдата не было. Ня меншая колькасьць галасоў дэлегатаў была аддадзеная за намесьнікаў старшыні Ўладзімера Нісьцюка, Алеся Арэстовіча, Віталя Малашку й Ніну Стужынскую.

Зьезд прыняў фактычна ўсе прапанаваныя дакумэнты й рэзалюцыі акрамя адной — "Аб стаўленьні партыі да магчымых выбараў у парлямэнт саюзу Беларусі й Расеі". Большасьць дэлегатаў зьезду "Народнай грамады" лічыць, што гаварыць пра гэтыя выбары заўчасна, а некаторыя ўвогуле разглядаюць удзел у падобным мерапрыемстве як здраду Беларусі. З гэтай пазыцыяй мусіць лічыцца й кіраўніцтва партыі.

Гаворыць Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) "Уся наша партыя, як адзін чалавек, — яна ня хоча гэтых выбараў, яна хоча, каб яны не адбыліся. І калі кіраўніцтва партыі прапанавала ўжо вызначыць, як дзейнічаць, калі выбары будуць прызначаныя, то ўсё ж большасьць вырашыла акцэнт расставіць на іншым — не будзі ліха, пакуль яно ціха. Калі ж выбары будуць прызначаныя, даручылі рашэньне прыняць ЦК.

Гэта дэмакратычная партыя. Я неаднаразова апынаўся ў меншасьці пры галасаваньні. Гэта нармальна, партыя прыняла рашэньне і я, як старшыня мушу выконваць гэтае рашэньне".

Праўда, лідэр "Народнай грамады" прагназуе, што, калі гэтыя выбары будуць прызначаныя, ЦК партыі прыме рашэньне браць у іх удзел, хаця й не выключае, што многія сябры будуць іх байкатаваць.

Паводле Мікалая Статкевіча, ягоная партыя на просьбу эўрапейскіх сацыял-дэмакратаў цяпер распрацоўвае свой варыянт стратэгіі Захаду да Беларусі. Галоўная мэта стратэгіі — як мага шырэйшыя кантакты эўрапейскіх арганізацыяў з прадстаўнікамі беларускай улады, апазыцыі й трэцяга сэктару дзеля пашырэньня ідэяў дэмакратыі. На думку Статкевіча, ізаляваным у Беларусі мусіць адчуваць сябе толькі адзін чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG