Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДАФРОНТАЎЦЫ ПРЭЗЭНТАВАЛІ СВОЙ ПРАЕКТ НОВАЙ ПРАГРАМЫ ПАРТЫІ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, БНФ мае патрэбу ў сур'ёзным абнаўленьні свайго іміджу. Умацаваньне ж палітычнага аўтарытэту патрабуе праграмных зьменаў:

(Севярынец: ) "Праграма БНФ, прынятая ў 1993 годзе, падаецца нам састарэлай. Мы прапануем свой праект. Ён адрозьніваецца ад старога некалькімі прынцыповымі рэчамі. Галоўны акцэнт у праграме робіцца на канкрэтныя патрэбы абуджэньня беларускага грамадзтва, утварэньня нацыянальнага руху, стратэгіі рэформаў, якія чакаюць Беларусь".

Малады Фронт лічыць найпершай задачай ідэйнае рэфармаваньне БНФ. Вось што паведаміў на гэты конт намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Выразны акцэнт праграмы на пытаньнях хрысьціянскага, духовага адраджэньня краіны — гэта першачарговая задача Маладога Фронту. Гэта першы крок у такім сьветапоглядным абнаўленьні БНФ. Мы перакананыя, што грамадзкая ідэалёгія, базаваная на пытаньнях нацыянальнага і духовага адраджэньня, — гэта якраз тая ідэалёгія, якая можа прывесьці да вызваленьня нацыі. Праграмнае пытаньне будзе пытаньнем нумар адзін на зьезьдзе".

Яшчэ адзін намесьнік старшыні Маладога Фронту Яўген Скочка ў рэфармаваньні БНФ лічыць найактуальнейшым вырашэньне наступнага пытаньня:

(Скочка: ) "Рэч у тым, што калі адбываўся мінулы зьезд Народнага Фронту, Маладому Фронту тады шмат чаго абяцалі і, вядома ж, абяцаньні зараз ня спраўджваюцца. Моладзі можна паабяцаць, а затым піхнуць проста. Кіраўніцтва, якое абіраецца, прэзэнтуе сваю праграму і, калі гэтая праграма не выконваецца, яго трэба мяняць. І каб кожная каманда мела магчымасьць прэзэнтаваць сваю праграму, мела магчымасьць папрацаваць, паказаць, на што яна здольная, і магчымасьць нешта зьмяніць. Трэба мяняць у тым ліку і кіраўніцтва".

Аднак у цэлым Малады Фронт ня вызначыўся адносна кадравага пытаньня. Вось што патлумачыў на гэты конт Павал Севярынец:

(Севярынец: )"Гэта — нацыянальны рух. Тут мы павінны вельмі ашчадна ставіцца да пытаньня пэрсаналіяў. Фронт — арганізацыя, якая змагалася паўтара дзясятка гадоў з камунізмам, з дыктатурай, з імпэрыяй, і тут кавалерыйскім наскокам усяго ня вырашыш. Тут трэба мяняць асьцярожна.

Мне здаецца, што Малады Фронт мог бы на зьезьдзе паспрыяць кампрамісу паміж Вінцуком Вячоркам і Вячаславам Сіўчыкам. Таму мы размаўляем з усімі: і спадаром Вінцуком, і спадаром Івашкевічам, і спадаром Фёдаравым, і спадаром Хадыкам, якія прэтэндуюць на намесьніцкія пасады. Размаўляем нават са спадарыняй Сямдзянавай і спадаром Кавальцом, якія б складаныя ў нас ні былі стасункі зь імі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG