Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФРАЙМУТ ДУВЭ: "У БЕЛАРУСІ ЦЭНЗУРА 19-ГА СТАГОДЗЬДЗЯ"


Юры Сьвірко, Менск

Артыкул XIX Усеагульнае дэклярацыі правоў чалавека, якую прыняла Генэральная асамблея ААН роўна 53 гады таму, вызначае, што "кожны чалавек мае права на свабоду перакананьняў і на свабоднае выказваньне іх, гэтае права ўлучае свабоду бесьперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананьняў і свабоду шукаць, атрымліваць інфармацыю й ідэі любымі сродкамі й незалежна ад дзяржаўных межаў".

Беларусь таксама падпісала гэтую дэклярацыю, але гэта не перашкаджае афіцыйнаму Менску яе не выконваць. Адно з апошніх пацьверджаньняў гэтаму — закрыцьцё незалежнае гарадзенскае газэты "Пагоня". Я папрасіў пракамэнтаваць гэты факт прадстаўніка АБСЭ ў справе свабоды сродкаў масавае інфармацыі Фраймута Дувэ, які даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода. Вось што кажа пра "Пагоню" спадар Дувэ:

(Дувэ: ) "Паводле некаторых стандартаў, гэта малая газэта, але гэта вельмі важны малы голас у сваім рэгіёне. Улады казалі спачатку, што "Пагоня" не была зарэгістраваная належным чынам. Я думаю, што дзеля свабоды сродкаў масавае інфармацыі, нават калі вы выпускаеце рукапісную штодзённую газэту й раздаяце яе іншым, вам ня трэба рэгістравацца.

Я пагаджаюся, што калі гэта пераходзіць у бізнэс, мусіць быць нейкая форма рэгістрацыі, але гэта ніколі ня можа быць прычынай для закрыцьця газэты. Таму што калі гэта малая газэта, а ўлады ці суд закрываюць яе з гэтай нагоды, насамрэч яны паказваюць іншыя матывы.

Малыя газэты, малыя галасы могуць мець аграмадны ўплыў на іншыя галасы — на галасы большасьці. Таму я думаю, што гэта ня толькі памылка ў справе свабоды СМІ, але й памылка што да ўласных інтарэсаў уладаў. Бо цяпер грамадзтва будзе падазраваць, што ўлады мелі асаблівую зацікаўленасьць пазбавіцца гэтай незалежнай газэты, пазбавіцца крытычнага слова.

Яшчэ быў другі элемэнт — "Пагоню" абвінавацілі ў паклёпе на прэзыдэнта. Я думаю, што ўсе абраныя палітыкі мусяць быць адкрытыя да крытыкі й мусяць прымаць больш радыкальныя галасы, калі параўноўваць іх зь іншымі, неабранымі грамадзянамі краіны. Я сам быў сябрам парлямэнту цягам многіх гадоў, і там мушу прымаць, што з такой адказнасьцю перад грамадзтвам я больш адкрыты для крытыкі, чым іншыя. Гэта частка сучаснай дэмакратыі.

Я рады, што крымінальныя абвінавачаньні супраць газэты "Пагоня" былі адхідленыя Вышэйшым гаспадарчым судом. Я таксама вітаю тое, што "Артыкул ХІХ" і Міжнародная ліга правоў чалавека скрытыкавалі закрыцьцё газэты ды што "Пагоня" скарысталася мажлівасьцю, нададзенай 21-м стагодзьдзем, — яна працягвае выходзіць у Інтэрнэце.

Пры такім уціску пайсьці ў Інтэрнэт — гэта адчыняе шлях да шмат якіх рэчаў. Мы мелі падобнае разьвіцьцё падзеяў у Сэрбіі цягам некаторага часу, калі некаторыя станцыі былі закрытыя й былі вымушаныя вяшчаць зь іншых краінаў. Але быць абмежаваным толькі да Інтэрнэту — гэтае вельмі дрэнны сыгнал для краіны".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Дувэ, вы сказалі, што абраны палітык мусіць быць ляяльным да крытыкі. Аднак у часе верасьнёўскіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі газэты выходзілі зь вялікімі белымі плямамі замест артыкулаў, са старонак зьнікалі крытычныя загалоўкі. Як вы ставіцеся да гэтага? Ці можа ваш офіс дапамагчы беларускім незалежным газэтам?"

(Дувэ: ) "Мы ўжо крытыкавалі ўрад Беларусі за гэта, таму што гэта адкрытая й прамая цэнзура, цэнзура вельмі старога тыпу. Гэта цэнзура 19-га стагодзьдзя й ранейшых часоў. Забарона артыкулаў, калі газэта выходзіць зь белымі старонкамі, сталася тым мэтадам, які амаль выпіхнуў Беларусь з агульнае гісторыі Эўропы. Таму я вельмі спадзяюся, што гэтага ня здарыцца зноў.

Як вы ведаеце, мой офіс ня мае прамога права ўмешвацца — мы толькі папярэджваем урад. І мы мусім спрабаваць пераўтварыць нашу бездапаможнасьць ва ўплывовасьць".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Дувэ, вы, напэўна, ведаеце, што паводле сакрэтнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі незалежныя журналісты пазбаўленыя права прысутнічаць на мерапрыемствах зь ягоным удзелам. Спадар Лукашэнка ўвогуле ня ладзіць прэсавыя канфэрэнцыі, дзе маглі б прысутнічаць прадстаўнікі незалежных ад яго мэдыяў. Як вы можаце пракамэнтаваць гэта?"

(Дувэ: ) "На маю думку, гэта вельмі контарпрадукцыйнае пасланьне. Рабіць сэлекцыю вушэй і вачэй, адбіраць журналістаў, якія пра цябе пішуць, — гэта можа проста ізаляваць кіраўнікоў, якія ня любяць публічнай дэмакратыі.

Напрыклад, была краіна, дзе прэзыдэнт кантраляваў сродкі масавае інфармацыі й праводзіў тую ж лінію, ня быў адкрыты для крытычных, апазыцыйных журналістаў. Гэта быў Мілошавіч. І ўсе зьмены, якія адбыліся ў часе югаслаўскае рэвалюцыі, адбыліся насуперак таму факту, што чалавек пры ўладзе кантраляваў бальшыню мас-мэдыяў і асабліва кантраляваў тых журналістаў, якім дазвалялася яго інтэрвіюяваць.

Гэты тып арганізацыі ўласнай капсулы маўчаньня, зь якой вы ня робіце нічога, акрамя накіраваньня вашых словаў наўпрост у каналы, якія гэта распаўсюджваюць — непрафэсійна й не па-журналісцку. Гэта контарпрадукцыйны мэтад. Але ён гэта робіць, і гэта адразу выклікае шмат сумневаў наконт вядучага палітыка, які гэта робіць".

(Карэспандэнт: ) "Адной з вашых калегаў — Даяне Моксі — забаранілі ўезд у Беларусь, таму вы скасавалі свой сёлетні візыт у Менск. Што вы можаце сказаць пра гэты факт і ці зьбіраецеся вы ўсё ж у Беларусь?"

(Дувэ: ) "Я, вядома ж, паеду ў Беларусь. Нявыдачу візы адной з маіх супрацоўніц я не магу прыняць паводле міжнародных стандартаў. Гэта датычыць ня столькі Беларусі, колькі прынцыпаў арганізацыі міжнароднае супольнасьці. Я магу дапусьціць такое толькі ў той пэрыяд і ў тых рэгіёнах, дзе йдзе вайна — напрыклад, у Афрыцы, калі адзін з ваяўнічых бакоў кажа: мя ня хочам бачыць гэтую асобу. Міжнародная супольнасьць можа дапусьціць такое толькі пры драматычных абставінах.

Таму я не магу прыняць падобнае. І я атрымаў вялікую падтрымку майго рашэньня ня ехаць. Але мы рыхтавалі журналісцкі сэмінар і, нягледзячы ні на што, яго правялі — у Вене.

Цяпер, пасьля 11 верасьня, мае пляны зьмяніліся. 55 краінаў-сяброў АБСЭ патрабуюць, каб я прыехаў, а за чатыры гады знаходжаньня на сваёй пасадзе я наведаў толькі 30 зь нечым, таму я ня маю прамога адказу", — сказаў Радыё Свабода пра свой будучы візыт у Беларусь Фраймут Дувэ, прадстаўнік АБСЭ ў справе свабоды сродкаў масавае інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG