10 лістападу адстаўны паліцэйскі кіраўнік Манфрэд Кітлаўс глянуў на злосных падлеткаў і зразумеў, што дапусьціў дурацкую памылку. У часе сваёй лекцыі перад навучэнцамі сярэдняй школы ва ўсходнім Бэрліне Кітлаўс сказаў, што ён даўно захапляўся амэрыканцамі. 17-18 гадовыя вучні былі абураныя. Як нехта мог паважаць нацыю адказную за Хірасіму, В’етнамскую вайну і зьнішчэньне бізонаў?
Кітлаўс мусіў бы ведаць, што ў школах усходняй Нямеччыны пануе антыамэрыканскі гнеў. Настаўнікі Саксоніі зларадна ўспрынялі атакі на цэнтар міжнароднага гандлю, а адзін зь іх сказаў сваім вучням: “Нарэшце Амэрыка пачуе смак уласных лекаў”. У жыльлёвым раёне Бэрліну Гогэншоўгаўзэн, якому некалі аддавала перавагу камуністычная эліта, настаўнік склаў антыамэрыканскі маніфэст і прычапіў яго на дошку абвестак у сярэдняй школе. “Паколькі Злучаныя Штаты”, – пісаў ён. – “зьяўляюцца сыстэмай, якая заўсёды ўзносіць на вяршыні злачынцаў тыпу расіста Буша, ідэя падтрымкі ЗША пасьля 11 верасьня – вычварная”.
Заканчэньне халоднай вайны зьмяніла мапу Нямеччыны, але гэта было самае лёгкае. Шмат з таго, што было прадуктам 40-гадовай камуністычнай прапаганды застаецца. На думку многіх апытаных "Ossies" (усходнікаў) жыцьцё пры таталітарызме паляпшалася з году ў год. Расчараваньне да іх прыйшло толькі цяпер, калі пачаў узрастаць уплыў тых людзей, якія ва Ўсходняй Нямеччыне прамывалі глузды і праводзілі рэпрэсыі.
Сярод гэтых расчараваных – настаўнікі, якія вучаць дзяцей, што жыць рэглямэнтаваным жыцьцём лепш, чым у дэмакратычным “воўчым грамадзтве”.
Сярод гэтых расчараваных – злачынцы з патаемнай паліцыі Stasi (Штазі), якія любяць нацыстаў і не раскайваюцца. Яны – шарагоўцы раптоўна адроджанай камуністычнай партыі, якая сёлета ў часе гарадзкіх выбараў у Бэрліне атрымала 50% усходніцкіх галасоў. “Мы думалі, што пазбавіліся ад злачынцаў, а тыя ізноў адшукалі лесьвіцу наверх, так як гэта было калісьці”, – скардзіцца Зыгфрыд Паўль, які пры старым рэжыме прасядзеў 19 месяцаў у вязьніцы.
Магчыма Нямеччына – ахвяра сваіх добрых намераў. У імя цярпімасьці і сацыяльнага міру ўзьяднаная нацыя не правяла чысткі сваёй усходняй эліты. Толькі некалькі найгоршых страцілі працу. Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі ГДР было найгоршай тайнай паліцыяй у гісторыі краіны. Плён ягонай дзейнасьці 250 тысячаў палітзьняволеных. Сотні памерлых. Але шмат больш – траўмаваных.
Нямецкі суд даў катам віртуальную амністыю, калі пастанавіў, што ніхто не нясе адказнасьці за дзеяньні, якія можна кваліфікаваць як “звычайную камуністычную практыку”. Ніводны сьледчы Stasi, ніводны агэнт альбо начальнік не былі асуджаныя за пакуты, якія яны прынесьлі. Наадварот, былы кіраўнік Stasi кажа, што ён і ягоныя экс-калегі адчуваюць гонар за тое, што баранілі краіну ад “паразітаў і сабатажнікаў”.
Сёньня бальшыня чыноўнікаў Stasi маюць прыватныя бізнэсы. Шмат хто зь іх, паводле аналітыкаў часапісу NEWSWEEK фінансуюцца з 15 мільярдаў схаваных быламі карумпаванымі вышэйшымі камуністычнымі чыноўнікамі ў 1990 годзе. Адзін з найбольш вядомых так бы мовіць “псыхіятараў” Stasi, які паводле былых вязьняў даваў ім прэпараты-стымулятары псыхозу, каб выцягнуць прызнаньні, цяпер мае прыбытковую практыку ў Бэрліне. (Тэма ягонай доктарскай дысэртацыі называлася “Як аптымізаваць псыхалягічны срыў у зьняволеных”). Манфрэд Штольп, якога Штазі некалі завербавала для працы ў дэсыдэнцкіх колах царквы, цяпер губэрнатар Брадэнбургу. Многія іншыя на сьхіле дзён Усходняй Нямеччыны набылі нерухомасьць. Больш як 90% вясковых земляў на ўсходзе ізноў апынулася ў руках Stasi і іншых камуністычных чыноўнікаў.
Ossies, якія скардзяцца, часьцяком не знаходзяць агульнай мовы з тымі хто мае ўладу. Летась ва ўсходнім цэнтры вугальнай прамысловасьці Котбус мясцовая журналістка Сымона Вэндлер раскрыла тое, што яна і ейны рэдактар называюць сеткай тайнай паліцыі і іншых камуністычных афіцыйных асобаў, якія ўжывалі сваё службовае становішча (пасады ва ўрадзе, банку ці прыватных кампаніях) дзеля таго каб забясьпечыць адзін аднаго прыбытковымі кантрактамі.
Калі Вэндлер абвесьціла пра пачатае ёй сьледства, як жахлівы адгалосак “штазеўскай” тактыкі запалохваньня, ёй і рэдактару газэты пачалі званіць па начох, пасылаць ананімныя сьмяротныя пагрозы.
“Тое, што некаторыя з найбольш пасьпяховых сёньняшніх людзей – былыя злачынцы – абраза для кожнага, хто пакутваў пад камунізмам,” – кажа Вэндлер.
Яна не адзіная, хто паўстаў перад адплатай. У вёсцы Мэкленбург дробныя фэрмэры, просячы сваю долю з калектыўных гаспадарак, якімі цяпер кіруюць былыя камуністы, пераканаліся, што ў выніку вэтэрынары перасталі лячыць іхных кароў, а адзіная бэнзакалёнка гораду адмовілася прадаваць ім паліва. Мясцовае ж правасудзьдзе таксама знаходзіцца ў руках былых камуністаў.
Цалкам аддадзеныя на самавольства нямецкіх судоў, некаторыя ахвяры спадзяюцца, што плянаваны Ўсясьветны Суд, куды можна будзе падаць нявырашаныя нацыянальнымі судамі справы, дапаможа ім знайсьці првасудзьдзе. Тымчасам ахвяры спадзяюцца, што з ростам усьведамленьня камуністычных злачынстваў, цалкам зьменіцца і настальгія па мінуламу.
У Гогэншонгаўзэне былая сядзіба Stasi была ператвораная ў цэнтар дакумэнтацыі злачынстваў былога рэжыму. Дырэктар цэнтру Губэрт Кнабль кажа, што бальшыня ўсходненямецкіх настаўнікаў усё яшчэ адмаўляецца ўздымаць пытаньне пра злоўжываньні рэжыму ў дачыненьні да іхных навучэнцаў. Але колькасьць наведнікаў цэнтру расьце. “Незалежна ад таго, як хутка вы спрабуеце пахаваць мінулае, яно заўсёды вяртаецца на прыканцы,” – кажа ён. І часам ніколі не сыходзіць – дадае аўтар артыкулу пад назовам “Былое Штазі ніколі не памірала”, зьмешчанага ў апошнім нумары часапісу NEWSWEEK.
Наступствы камуністычнага рэжыму ў Нямеччыне і ў Беларусі розныя. Неўміручая Штазі – усё ж толькі рэха дзесяцігадовае даўніны ў параўнаньні зь неўміручым беларускім КГБ. Можа быць менавіта таму нямецкія настаўнікі выкладаюць свае дысцыпліны зусім не з падручнікаў ужываных некалі ў ГДР, а іхны дабрабыт немагчыма параўнаць з дабрабытам беларускага пэдагога. Яны жывуць у свабоднай дэмакратычнай краіне і іхныя падлеткі позна ці рана зразумеюць і ацэняць мінулае свайго народу, а значыць зразумеюць і ацэняць будучыню, але гэта будуць ня тыя ўнівэрсытэты, якія сёньня праходзіць у недэмакратычнай і несвабоднай Беларусі нашая моладзь.