Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІ ХЛЕБ ЗАХАПІЎ ГОМЕЛЬСКІЯ РЫНКІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Нягледзячы на мароз, гандаль хлебам ля міні-рынку, што на Прывакзальным пляцы, ідзе даволі бойка. Прадаюць хлеб і батоны зь велізарных сумак адразу ў двух месцах. Побач — жанчыны, крыху зводдаль — малады чалавек гадоў трыццаці.

Гамяльчанка Алена ўжо атаварылася і пагаджаецца адказаць на колькі пытаньняў:

(Алена: ) "Во, набрала цэлую торбу. За 500 рублёў два дні магу есьці зь сям'ёй. Дзякуй ім, што прывозяць. Таньней, чым у нас — і смачней".

(Карэспандэнт: ) "А дзе звычайна куплялі хлеб?"

(Алена: ) "У сябе ў краме, але ж там заўсёды чэрствы".

Расейскі хлеб вязуць у Гомель з суседняй Бранскай вобласьці, найбольш са Злынкі й Навазыбкава. І хаця, напрыклад, да Навазыбкава звыш сотні кілямэтраў, такі бізнэс выгадны і для чаўнакоў, і для пакупнікоў.

Цікаўлюся ў расейца, што назваўся Мікалаем, колькі каштуе прывезеная прадукцыя.

(Карэспандэнт: ) "Колькі каштуюць вашы батоны?"

(Мікалай: ) "240 рублёў".

(Карэспандэнт: ) "А чорны хлеб?"

(Мікалай: ) "280. Ёсьць яшчэ булкі салодкія з разынкамі — па 250 рублёў".

Акурат пасьля размовы ў хлебнай краме №3 на вуліцы Валатаўской параўнаў згаданыя цэны з коштам гомельскага хлеба. Падобныя батоны, хлеб і булкі даражэйшыя прыкладна на чвэрць, іншыя — на трэціну, а "Траецкі" хлеб — амаль удвая.

Па некаторых зьвестках, штодня ў абласным цэнтры прадаецца 15–16 тон прывазнога белага і чорнага хлеба. На міні-рынку "Давыдаўскія рады" абсталяваныя нават шапікі для продажу хлеба з Расеі.

Кіраўніцтва аб'яднаньня "Гомельхлебпрам" пратэстуе супраць расейскай хлебнай інтэрвэнцыі. Адпаведныя лісты дасылаюцца ў аблвыканкам, гарадзкую адміністрацыю, Камітэт хлебапрадуктаў.

Начальніца аддзелу збыту "Гомельхлебпраму" Валянціна Кудзюкова кажа, што раней у горадзе аб'яднаньне прадавала за суткі 120–130 тон хлеба і вырабаў з мукі, зараз — ня больш за 90 тон.

Што да кошту хлеба, то спадарыня Кудзюкова скардзіцца на вышэйшыя, чымсьці ў Расеі, цэны на муку. Таму гомельскі хлеб і даражэйшы. Якасьць жа, на ейную думку, заўсёды лепшая не на велізарных хлебазаводах, а на малых пякарнях, дзе хлеб бліжэйшы да чалавечых рук. Да таго ж у рэцэптуры патрэбны розныя дабаўкі, якія гомельскія хлебазаводы з-за цяжкога фінансавага стану не заўсёды маюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG