Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПУЦІН НЕ РАЗГЛЯДАЕ ЛУКАШЭНКУ ЯК ЧАЛАВЕКА, НА ЯКОГА ТРЭБА РАБІЦЬ СТАЎКУ”


Віталь Цыганкоў, Прага

(Цыганкоў: ) “Чаму, на вашую думку, Лукашэнка застаўся ва ўладзе? Што адрозьнівае яго, напрыклад, ад аўтакратычных кіраўнікоў Сярэдняй Азіі, які маюць прызнаньне і падтрымку з боку Захаду?”

(Бургэр: ) “Я думаю, Лукашэнка застаўся ва ўладзе галоўным чынам таму, што ён мае значную падтрымку ў Беларусі. Тут безумоўна, трэба ўзяць пад увагу дэмаграфічны стан у краіне, немагчымасьць апазыцыі атрымаць доступ да незалежных СМІ, кантроль Лукашэнкі над усімі формамі дзяржаўнай улады. Калі вы задаеце пытаньне, чаму некаторыя аўтарытарныя рэжымы Сярэдняй Азіі атрымалі прызнаньне з боку ЗША, то мой адказ такі – ЗША недастаткова пасьлядоўныя ў сваёй зьнешняй палітыцы. Ці сапраўды Лукашэнка горшы за іншых кіраўнікоў, якія прыцягваюць значна менш увагі ЗША? – гэта цяжка ацаніць”.

(Цыганкоў: ) “Што вы думаеце пра апазыцыю ў Беларусі. Ці няма ў вас адчуваньня, што апазыцыя таксама вінаватая ў паразе на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах?”

(Бургэр: ) “Я адчуваю, што апазыцыя зрабіла ўсе магчымае, што яна магла ў такіх абставінах. У яе было мала доступу да дзяржаўных мэдыяў, былі жорсткія абмежаваньні ў тых сродкаў, якія апазыцыя магла патраціць на кампанію, закон аб выбарах быў распрацаваны такім чынам, каб гарантаваць пераабраньне Лукашэнкі. Відавочна, што Домаш мог атрымаць галасы тых людзей, якія ў апазыцыі да Лукашэнкі, а Ганчарык прэзэнтаваўся як палітык з такім добразычлівым характарам і да таго ж лідар афіцыйных прафсаюзаў, куды ўваходзіць большасьць беларускага насельніцтва. Ганчарык выглядаў досыць моцным кандыдатам, але бяручы да ўвагі ўсе акалічнасьці кампаніі, пра якія я ўжо казаў, я думаю, было нерэалістычным чакаць паразы Лукашэнкі. Аднак я хачу сказаць, што іронія такіх людзей як Лукашэнка альбо Назарбаеў у Казахстане, – калі б яны мелі сапраўды вольныя выбары з заходняга пункту гледжаньня, я не ўпэўнены, што Лукашэнка бы прайграў. Цалкам верагодна, што нават на вольных і справядлівых выбарах Лукашэнка б таксама перамог”.

(Цыганкоў: ) “Зараз, калі расейска-амэрыканскія стасункі на ўздыме, якія персьпектывы Лукашэнкі з гэтага пункту гледжаньня? Ці будзе Пуцін імкнуцца паўплываць на Лукашэнку?”

(Бургэр: ) “Я думаю, важна разглядаць гэтае пытаньне ў кантэксце доўгатэрміновай будучыні Расеі. Расея стаіць на парозе дэмаграфічнага крызісу. Будучыня Расеі як краіны, бяручы пад увагу насельніцтва Кітаю і рост колькасьці мусульманскага элемента ў Расеі, залежыць ад таго, наколькі Расея стане больш эўрапейскай краінай. У палітычным і ваенным сэнсе Расея калісьці можа стаць удзельнікам Эўразьвязу. Я думаю, што Пуцін мае стратэгічнае бачаньне краіны. Я лічу, што пасьля 11 верасьня Пуцін вырашыў паставіць на супрацоўніцтва з ЗША. Калі ён выкарыстоўвае Лукашэнку як перашкоду для больш шчыльных адносінаў з ЗША, некаторыя рэчы, якія Расея робіць для дапамогі Лукашэнкаўскага рэжыму, могуць стаць важным крытырам, такія як пастаўкі энэргіі. Трэба таксама трымаць на ўвазе, што Лукашэнку не ўдалося ажыцьцявіць сваё жаданьне стварыць саюз. Зразумела, Пуцін не жадае заахвочваць сабе канкурэнта, і ў выніку, я думаю, Пуцін не разглядае Лукашэнку як чалаквека, на якога трэба рабіць стаўку ў будучыні. Шмат з таго, што адбудзецца з Лукашэнкам далей, залежыць ад таго, наколькі Пуцін будзе цаніць стасункі з Беларусьсюі стратэгічныя адносіны з НАТО”.

(Цыганкоў: ) “Што павінна зрабіць міжнародная супольнасьць цяпер у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі? Што можна зрабіць з таго, што не было зроблена раней?”

(Бургэр: ) “На дадзены момант гэта апошні законапраект, прапанаваны ў Кангрэс сэнатарам Джэсі Гелмсам. Гэта заклік да падтрымкі дэмакратычных сілаў у Беларусі, незалежных мэдыяў, заклік да санкцыяў супраць лукашэнкаўскага рэжыму, таксама заклік заблякаваць міжнародную фінансавую дзейнасьць усясьветнага банку, МВФ, гэтак далей. Таксама варта забараніць уезд беларускім чыноўнікам у ЗША.

Інтарэсы ЗША рэалістычна не заўсёды супадаюць з эўрапейскімі. Таму мы ў ЗША можам дазволіць сабе, стоячы ўбаку, глядзець на беларускую ізаляцыю ад усяго сьвету. У той час калі краіны ў Эўропе, якія бліжэй да Беларусі, не абавязаныя падтрымліваць такое рэзкае стаўленьне ЗША да Лукашэнкі.

Заўсёды паўстае пытаньне, ці трэба ўводзіць эканамічныя санкцыі і наколькі гэта будзе прадуктыўным. Усясьветны банк, напрыклад, нядаўна, ухваліў выдаткаваньне Беларусі крэдыту, накіраванага на паляпшэньне сістэмы ацяпленьня ў школах ды іншых сацыяльных установах – праект, які дапаможа паспалітым беларусам. Многія кажуць, што санкцыямі мы ня хочам пашкодзіць паспалітым людзям Беларусі. Гэта безумоўна, цяжкае пытаньне, як абраць найлепшы шлях, каб спрыяць разьвязаньню палітычных пытаньняў без учыненьня шкоды беларускаму народу.

Яшчэ адна рэч, якую я хачу тут падкрэсьліць – гэта магчымасьць пакінуць Беларусь. Гэта важны чыньнік у адказе на пытаньне, чаму беларуская апазыцыя не гэтулькі эфэктыўная. Людзі, якія незадаволеныя палітычнай сытуацыяй у Беларусі, могуць пакінуць краіну. У выніку гэта падрывае сілы апазыцыі, бо магчыма, людзі, якія былі самымі рашучымі і небясьпечнымі для рэжыму, зьехалі ў Маскву, Нямеччыну, Польшчу. Тыя, якія застаюццца, неабавязкова могуць быць самымі здольнымі і актыўнымі. Гэта важны чыньнік падчас ацэнкі і разуменьня палітычнай дынамікі ўнутры Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG