У памяшканьні Вышэйшай школы журналістыкі, дзе ладзілася сустрэча з маладымі беларускімі палітыкамі, сёньня не хапіла месцаў для ўсіх ахвотных. Якая была мэта сёньняшняй сустрэчы? Гаворыць прадстаўнік Беларускага Інстытуту ў Варшаве, які наладзіў спатканьне, Вольга Гардзейчык.
(Гардзейчык: ) “Мы хочам прадэманстраваць маладым палякам, што можна чакаць ад Беларусі заўтра. На Беларусі мусіць аджыць пакаленьне старых выбаршчыкаў і прыйсьці пакаленьне выбаршчыкаў новых. Вядома, што маладыя выбаршчыкі будуць галасаваць за новых палітыкаў. А новыя палітыкі, гэта сёньняшнія лідары моладзевых фракцыяў апазыцыйных партыяў”.
Прысутныя, а гэта былі ў асноўным польскія студэнты, пыталіся ў прадстаўнікоў Маладога Фронту, Маладой Грамады, моладзевай фракцыі АГП, Задзіночаньня беларускіх студэнтаў ды прадстаўнікоў руху “Зубр” пра цяперашнюю палітычную сітуацыю ў Беларусі, ды пра ўплыў, які на яе маюць моладзевыя апазыцыйныя арганізацыі. Паводле гасьцей зь Беларусі, папулярнасьць іхных арганізацыяў у краіне расьце, а гэта значыць, што цяперашняе беларускае кіраўніцтва ня мае шансаў на падтрымку з боку моладзі. Гаворыць Уладзімер Кобец з руху “Зубр“:
(Кобец: ) “Сярод моладзі ад 18 да 25 год за Лукашэнку галасавалі лічаныя адсоткі, у той час як супраць яго галасавала пераважная большасьць моладзі – больш за 60%. Гэта паказвае, што ў дыктатуры няма будучыні”.
У часе сустрэчы амаль усе беларускія госьці казалі пра неабходнасьць больш шчыльнага супрацоўніцтва з моладзевымі грамадзкімі рухамі ды палітычнымі партыямі з-за мяжы, у тым ліку з Польшчы, якая мае каштоўны досьвед барадзьбы з камуністычнай дыктатурай.
Гаворыць Таццяна Алесіна, прадсатўніца “Маладой Грамады”:
(Алесіна: ) “Кантакты важныя для нас таму, што яны дазваляюць нам ня быць зацягнутымі ў багну маргіналізацыі, да статусу нейкіх напаўлегальных, закрытых структураў. Гэта кантакты, якія нас вучаць і пашыраюць наш сьветапогляд. Зрэшты, для сацыял-дэмакратаў, міжнародныя кантакты былі заўсёды важныя”.
У супрацоўніцтве зацікаўленыя і палякі. Як сказаў радыё “Свабода” вядучы сустрэчы, вядомы публіцыст часопісу Newsweek Войцэх Мазярскі, тое, што адбываецца ў Беларусі ёсьць ледзь не дакладным адбіткам польскіх падзеяў 20-ці гадовай даўніны, і таму палякі зь непакоем сочаць за тым, што робіцца за іхнай усходняй мяжой.
(Мазярскі: ) “Мы ёсьць блізкімі суседзямі, маем шмат агульных традыцыяў, агульную гісторыю, і таму дзіўна было, б каб мы не цікавіліся беларускімі падзеямі”.