Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ ЎНАЧЫ Ў КУРАПАТАХ ЛЕДЗЬ НЕ АДБЫЛАСЯ АВАРЫЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньняшняя ноч і дзень у Менску выдаліся вельмі марознымі. Пасьля ўчорашняга сьвяткаваньня ў Курапатах угодкаў Слуцкага збройнага чыну ў лягеры засталося 8 валанцёраў ад Беларускай партыі свабоды, руху "Зубр" і Маладога фронту. У намёце, каля печкі, было досыць цёпла і валанцёры спадзяваліся, што іхнае дзяжурства пройдзе спакойна, аднак пасярод начы побач зь лягерам адбылося нечаканае здарэньне. Распавядае валанцёр Мікіта Засім:

(Засім: ) "Увечары ўсё было спакойна. А ўначы нейкі п'яны мужчына на машыне разам з дзьвюмя жанчынамі “селі ў яму”. Добра, што ён пасьпеў націснуць на гальмар, бо інакш яны бы папросту забіліся. Хлопцы даставалі яго".

(Карэспандэнт: ) " Ён хіба зьехаў сюды ў Курапаты?"

(Засім: ) " Не. Там, дзе яма й труба, ён ехаў па дарозе, і нічога ня ведаў. Але ж там усё перакапана, нават здаецца дарожныя знакі стаяць. Ён ледзь не паваліўся, але выцягнулі, нармальна. Потым прыйшлі міліцыянты, пачалі правяраць і аказалася, што ў яго няма нават дакумэнтаў на машыну".

Як гэта ні дзіўна, але міліцыянты ня толькі не затрымалі п'янага кіроўцу, які невядома якім чынам трапіў на перакапаны ўчастак дарогі ды пацярпеў ад аварыі, але па-сяброўску пагутарылі зь ім і адпусьцілі.

Будаўнічыя работы былі адноўленыя сёньня ў Курапатах а 8 гадзіне раніцы. Будаўнікі закопвалі трубу вадасьцёку й раўнялі дарожны насып. Аднак пасьля размовы з валанцёрамі, будаўнікі заняліся й прыборкай тэрыторыі. Гаворыць валанцёр Аляксей, вядомы як Капэлян:

(Аляксей: ) "Я зь сябрам займаўся пяском. Прыгнаў трактар, які ўзяў ў працоўных, каб тут зрабілі адкос, дзе некалі заваліўся трактар. Мой сябра добраўпарадкаваў тэрыторыю. Потым я ўзяў бульдозэр, а ён выраўняў пляцоўку, дзе былі навернутыя кучы пяску. Бульдозэр усё зрабіў, усё выраўняў".

Валанцёры кажуць, што ў іх склаліся прыязныя адносіны з рабочымі, і работы на курапацкім участку дарогі вядуцца без парушэньняў дамоўленасьцяў. Учора ўвечары валанцёры ўсталявалі ўздоўж мяжы ўрочышча 7 новых крыжоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG