Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФАШЫСТЫ Ў БЕЛАРУСІ ПАЧУВАЮЦЦА ВОЛЬНА


Любоў Лунёва, Менск

Менчукі прызвычаіліся да таго, што на сталічных вуліцах часта можна ўбачыць юнакоў у паўвайсковай чорнай вопратцы з фашыстоўскай свастыкай на рукавах. Яны распаўсюджваюць улёткі з заклікамі да "новага парадку" ў Беларусі й заклікаюць уступаць у іхную арганізацыю.

Два гады таму, пасьля таго, як прыхільнікі РНЕ пабілі сяброў "Хартыі-97", супрацоўнікі міліцыі пад ціскам дэмакратычных арганізацыяў некалькі разоў затрымлівалі маладых фашыстаў на месцы іхнага зборышча каля філярмоніі. Некалькі затрыманых нават правялі пэўны час у спэцпрыёмніку на вуліцы Акрэсьціна, у тым ліку й нябожчык Глеб Самойлаў.

Учора музыканты галяндзкага рок-гурта "Трэці камень" склікалі прэсавую канфэрэнцыю, каб выказаць абурэньне выхадкамі фашыстаў падчас канцэрту. Больш як два дзясяткі скінгедаў выкрыквалі фашыстоўскія прывітаньні й паводзілі сябе вельмі нахабна, а супрацоўнікі міліцыі не затрымалі ніводнага хулігана.

Слова намесьніку лідэра Маладога Фронту Аляксею Шэіну:

(Шэін: ) "Заўсёды, калі ёсьць нейкая моладзевая акцыя, ці то канцэрт, ці іншая — звышпільная ўвага. Сьцягваюць сілы міліцыі й АМОНу. А тое, што не караюць такія адкрытыя фашыстоўскія выступленьні — паказвае карані таталітарнага рэжыму. Маладафронтаўскую акцыю ўшанаваньня менскіх падпольшчыкаў (нагадаю, антыфашыстоўскую акцыю) гвалтоўна разагнаў менскі АМОН. Людзі сядзелі суткі й атрымалі вялізныя штрафы. Гэта паказвае прафашыстоўскую сутнасьць уладаў".

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч адзначыў, што ніводная акцыя моладзевых сацыял-дэмакратычных арганізацыяў не абыходзілася бяз жорсткіх затрыманьняў міліцыянтамі:

(Статкевіч: ) "Шмат выпадкаў затрыманьняў, арыштаў, нават зьбіцьця сяброў моладзевых арганізацыяў сацыял-дэмакратычнай партыі. Але зусім іншае стаўленьне да арганізацыяў фашыстоўскіх. Я ніводнага разу ня бачыў і ня чуў, каб кагосьці затрымалі за распаўсюд прэсы й расклейку плякатаў ад РНЕ. Была інфармацыя пра сумеснае патруляваньне на вуліцах міліцыі разам з актывістамі РНЕ ў Першамайскім раёне Менску. Даўно ходзяць чуткі пра тое, што РНЕ знаходзіцца пад дахам Міністэрства ўнутраных справаў. Сумная вельмі асацыяцыя пра прыярытэты й ідэалёгію нашай улады".

Старшыня моладзевай арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Алесь Карніенка дадаў:

(Карніенка: ) "Думаю, што ў міліцыі, у прыватнасьці, у АМОНу, такая ж самая ідэалёгія ў жыцьці, як і ў гэтых РНЕшнікаў — біць, ціснуць. Культ сілы. Паглядзеўшы на тых людзей, якія лупцавалі па галавах без разбору дзяўчат і хлопцаў, тапталі іх у бруд, тых амонаўцаў, якія займаліся гэтай працай на Курапатах, паглядзеўшы ім у вочы — я слаба ўяўляю адрозьненьне інтэлекту і жыцьцёвай ідэалёгіі РНЕшніка і амонаўца. Яны, можа, толькі адрозьніваюцца камплекцыяй, колькасьцю і масай мышцаў, колькасьцю падцягваньняў і адцісканьняў".

Супрацоўнікі міліцыі камэнтаваць гэтую сытуацыю Свабодзе адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што яны толькі чулі пра фашыстаў, але самі апошнім часам ня бачылі іх на вуліцах. Апроч таго, на канцэрты такіх рок-гуртоў як "NRM", "Новае неба", "Уліс" іх пасылае кіраўніцтва. Там міліцыянты павінны сачыць за грамадзкім парадкам — дакладней, пільнаваць, каб не было бел-чырвона-белых сьцягоў і воклічаў "Жыве Беларусь". Наконт фашыстаў ніякіх загадаў ад начальства міліцыянты не атрымлівалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG