Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЫК ЯКІ Ж УЗРОВЕНЬ РАДЫЯЦЫІ ШКОДНЫ ДЛЯ ЗДАРОЎЯ?


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Радыяцыя ад ядзерных установак у параўнаньні з прыроднай – невялікая. Да апошняга часу лічылася, што кожнае перавышэньне гэтай радыяцыі патэнцыйна небясьпечнае. Але некаторыя навукоўцы сумняваюцца ў гэтым. Праблема актуалізуецца і больш сотні атамных электрастанцыяў праходзяць бясконцыя праверкі на магчымасьць працягваць працу. Да гэтага дадаецца і праблема абясшкоджаньня ядзерных адкідаў.

Жарсьці кіпяць яшчэ й таму, – кажа былы дырэктар інстытуту ракавых хваробаў, прафэсар Артур Уптан, – што мы рэгулюем радыяцыйныя дозы ў межах ніжэйшых ад натуральнага радыяцыйнага фону.

Паводле адмысловага бюро Кангрэсу ў справе назіраньня за радыяцыяй, нягледзячы на дзесяцігодзьдзі дасьледніцкай працы навуковага абгрунтаваньня ў пытаньні ніжэйшага дапушчальнага ўзроўню радыяцыі няма.

Паводле экспэртаў, яшчэ больш заблытвае сытацыю тое, што стандарты, закліканыя рэгуляваць радыяцыю, пераблытаныя.

Управа аховы навакольнага асяродзьдзя лічыць стандартам прамянёвага эфэкту з аднае крыніцы – 15 мілірэм на год, без уліку больш як 4-ох мілірэм, якія выпраменьвае зямля. Для параўнаньня, у часе рэнтгэну, чалавек атрымлівае прыблізна 10 мілірэм беспасярэдне на грудзі, што адпавядае 1-2 мілірэмам на ўсё цела. Камісія ў справе ядзернага кантролю лічыць 25 мілірэм на год прыймальным узроўнем радыяцыі зь якой заўгодна крыніцы, у той час, як натуральны фонавы ўзровень радыяцыі ў ЗША складае 350 (а ў некаторых месцах і вышэй) мілірэм на год.

Паводле навукоўцаў, у вялікіх гарадах чалавек атрымлівае ад 100 да 200 мілірэм радыяцыі з космасу.

У той самы час, радыяцыя зь некаторых крыніцаў (напрыклад ад сканэраў) не рэгулюецца наагул.

Звычайна пры ацэнцы прамянёвай рызыкі навукоўцы ўжываюць так званую лінейна-парогавую мадэль вызначэньня дозы. Яна мае на ўвазе, што бясьпечных дозаў не існуе наагул, а верагоднасьць захварэць на тую ці іншую хваробу ад радыяцыі павялічваецца паралельна з ростам радыяцыйнага выпраменьваньня.

Гэта нялёгка прадэманстраваць. Рызыка атрыманьня раку ад радыяцыі павялічваецца з павелічэньнем дозы. Нават у людзей, якія знаходзіліся пад вялікімі дозамі радыяцыі (ад 80 да 90 тысячаў тых, што перажылі ядзерныя выбухі ў Хірасіме і Нагасакі), цяжка выявіць сувязь паміж ракавымі хваробамі і радыяцыйнай дозай.

З тых, хто ў 45-м годзе пацярпеў ад радыяцыі, – кажа доктар Мэльлер, – амаль палова – жывыя. У той самы час, 12 тысячаў ахвяраў ядзернага бамбаваньня памерлі ад раку. Пры гэтым, у 700 памерлых рак быў выкліканы іншымі прычынамі. Гэта даводзіць, што адна сотая мілірэму радыяцыі не нясе ў сабе вялікай рызыкі захварэць на рак.

Некаторыя навукоўцы лічаць, што лінейна-парогавая мадэль – найлепшы спосаб вызначэньня прамянёвай рызыкі. Іншыя цьвердзяць, што ёсьць парог, ніжэй ад якога радыяцыя не нясе небясьпекі. Але ёсьць і такія, якія цьвердзяць, што нізкія дозы радыяцыі нават карысныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG