Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАД АРЫШТАМ ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ РАСПРАЦОЎВАЎ НОВУЮ ПРАГРАМУ БНФ


Валер Каліноўскі, Менск

Палітычных вязьняў з ізалятара на працу не выводзілі, таму пад арыштам спадар Севярынец працаваў над праграмай БНФ, што будзе разглядацца чарговым партыйным зьездам у сьнежні.

Сёлета Павал Севярынец правёў за кратамі, у спэцпрыёмніку і ізалятары, амаль паўтара месяца. Ён зазначае, што адміністрацыя гэных установаў падзяляе асуджаных на палітычных і звычайных. Палітычных не выклікаюць на працу, ім не дазваляецца больш як адна перадача, абмяжоўваецца час шпацыру.

(Севярынец: ) "Умовы былі сапраўды досыць жорсткія, у ізалятары часовага ўтрыманьня Менскага раёну была вельмі цесная камэра, вельмі шмат людзей: на 8 месцаў там да 15 чалавек даходзіла. Даводзілася спаць на падлозе па чарзе. На саміх нарах — клапы. Кармілі значна горш, чым на Акрэсьціна, і даволі кепская сытуацыя была з вывадам на вуліцу. Палітычных не выводзлі наагул: ні мяне, ні Хведара Жывалеўскага не выводзілі нават на двор".

Усё ж Павал Севярынец плённа выкарыстаў гэтыя тыдні ў вязьніцы: ён распрацаваў альтэрнатыўны варыянт новай праграмы БНФ да зьезду, які пройдзе 15–16 сьнежня.

(Севярынец: ) "Спачатку міліцыянты, якія дастаўлялі ў райаддзел, спрабавалі зьдзекавацца, але завязалася нармалёвая дыскусія, потым нармалёвая гутарка, і ўрэшце яны прызналі, што ня едуць у Чачэнію менавіта дзякуючы Народнаму Фронту, Маладому Фронту і апазыцыі.

На саміх "сутках" міліцыянты ставяцца вельмі асьцярожна, пабойваюцца, у Менскім раёне, відаць, яшчэ не было прэцэдэнтаў, каб сядзелі палітычныя, таму баяцца перадаць перадачу, баяцца ісьці на любы кантакт і стараюцца нейкім чынам заглянуць у будучыню, спытаць: ці ўлада зьменіцца насамрэч? Натуральна, зьменіцца!"

З нагоды незаконных дзеяньняў міліцыі і абмежаваньня правоў арыштаваных паводле палітычных меркаваньняў спадар Севярынец зьбіраецца напісаць скаргу ў пракуратуру. Павал Севярынец зазначае, што іншыя арыштаваныя ставіліся да яго вельмі паважліва:

(Севярынец: ) "Вельмі нармальныя людзі, калі паглядзець каго бяруць на суткі — звычайныя рабацягі, ставяцца рэзка супраць Лукашэнкі, падтрымліваюць маладафронтаўскую акцыю ў Курапатах, большасьць пра гэта ведае, чытала, чула альбо нават бачыла па тэлевізары, і таму мне было даволі лёгка, там я быў на правах аўтарытэта фактычна.

Што цікава, "на сутках", у ізалятары часовага ўтрыманьня, трапіўся "зэк" з прозьвішчам Лукашэнка, дык калі яго міліцыянты адразу пачалі ўшчуваць, маўляў, што ж ты ганьбіш прозьвішча, ён горда адказаў: гэта Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч ганьбіць маё прозьвішча".

Павал Севярынец заўважыў, што пасьля выбараў паводзіны супрацоўнікоў праваахоўчых органаў сталі больш жорсткімі, і спадзявацца на лібэралізацыю ў краіне ня варта, лічыць ён. Але сярод іншых высноваў, якія зрабіў спадар Севярынец, былі і досыць нечаканыя:

(Севярынец: ) "На "сутках" чалавек атрымлівае ідэальныя ўмовы для разумовай працы. Адпачынак там, канечне, ня вельмі камфортны, але тым, хто звыклы да выпрабаваньняў, можна спакойна жыць. Самае галоўнае, каб чалавек не губляў веры і аптымізму, бо раней ці пазьней мы пераможам, гэта ведаюць і тыя, хто нас утрымлівае, і тыя, хто нас адсылае на "суткі". Гэта відаць па іхных прысудах, па карных апэрацыях, якія яны робяць".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG