Каштоўны падарунак ад амэрыканскае амбасады прывезьлі асабіста Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі спадар Майкл Козак, які прыехаў у Віцебск разам з жонкаю спадарыняй Эйлін Козак, і аташэ ў пытаньнях інфармацыі, адукацыі і культуры спадар Майкл Райнэрт.
Перадаючы кнігі ў фонд будучае музэйнае бібліятэкі, Майкл Козак заўважыў:
(Козак: ) “У нас атрымалася ўдалае супрацоўніцтва з музэем і нам вельмі прыемна распачаць акцыю ахвяраваньняў на карысьць бібліятэкі ў Віцебскім музэі Марка Шагала. Марк Шагал – гэта, напэўна, найбольш вядомы сёньня ў Амэрыцы ўраджэнец Беларусі”.
Дырэктарка музэя Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая распавяла прысутным, што ўрачыстае адкрыцьцё бібліятэкі плянуецца правесьці наступным летам падчас сьвяткаваньня 115-х угодкаў мастака. На сёньняшні дзень музэй ужо мае каля 2-х тысячаў разнастайных выданьняў, прысьвечаных Шагалу, і вось яшчэ 33 выдадзеныя ў Амэрыцы кнігі перададзеныя пэрспэктыўным чытачам ды аматарам мастацтва. І гэта, падкрэсьліла спадарыня Хмяльніцкая, першы прэцэдэнт супрацоўніцтва шагалаўскага музэю з замежнымі амбасадамі.
Апроч некалькіх дзясяткаў кніжак, амэрыканская амбасада зрабіла віцяблянам гэтымі днямі яшчэ адзін падарунак: колькі дзён таму ў абласной бібліятэцы адчыніўся цэнтар масавага Інтэрнэт-карыстаньня ды Інтэрнэт-навучаньня у межах так званай INTERNET ACCESS TRAINING PROGRAM. Грошы на стварэньне цэнтру, ахвяраваныя кангрэсам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Адмініструе гэтую праграму міжнародная няўрадавая арганізацыя IREX. Цяпер кожны ахвотны можа прыйсьці ў новы цэнтар і на працягу гадзіны бясплатна працаваць у Інтэрнэце.
Сёньня амэрыканскі амбасадар Майкл Козак наведаў гэты цэнтар IATP, а таксама паглядзеў выступленьне амэрыканскіх артыстаў на Міжнародным Фэстывалі Сучаснай Харэаграфіі. Заўтра Надзвычайны і Паўнамоцны Ппсол ЗША ў Беларусі Майкл Козак плянуе сустрэцца з віцебскімі студэнтамі.