Нагадаю, што ў перамовах удзельнічаюць 4 дэлегацыі. Дзьве зь іх, па 11 дэлегатаў кожная, прадстаўляюць Паўночны альянс і групоўку былога караля. Аднак у Бонн не прыбылі асабіста ні кіраўнік Паўночнага альянсу, адхілены ў 96 годзе талібамі ад ўлады прэзыдэнт Афганістану Бурхануддзін Рабані, ні былы кароль Захір Шах. Па 5 дэлегатаў маюць дзьве астатнія, эмігранцкія групоўкі: гэтак званая “Пэшаварская група”, якую падтрымвае Пакістан, і “Кіпрыйская група”, якой спрыяе Іран. Найбольшая паводле колькасьці этнічная група пуштунаў, зь якой дагэтуль паходзілі ўсе валадары краіны, ня мае на канфэрэнцыі асобнай дэлегацыі, хаця іхныя прадстаўнікі і ўваходзяць ва ўсе чатыры дэлегацыі. У якасьці назіральнікаў за ходам перамоваў сочаць прадстаўнікі шэрагу краінаў, у тым ліку ЗША, Расеі, Пакістану, Індыі, Кітаю, Ірану, Вялікабрытаніі, а таксама прадстаўнікі патэнцыйных краінаў-донараў, якія гатовыя матэрыяльна падтрымаць пасьляваенную адбудову краіны.
У лісьце, накіраваным удзельнікам канфэрэнцыі, генэральны сакратар ААН Кофі Аннан заклікаў іх, каб яны “не змарнавалі гістарычны шанец”, не дапусьцілі памылак зь мінулага. Адкрываючы форум, міністар замежных справаў ФРГ – Ёшка Фішэр заклікаў афганцаў да прымірэньня і “гістарычнага кампрамісу”. Ён запэўніў, што гэтым разам Захад не пакіне Афганістан на волю лёсу, як гэта зрабіў напрыканцы 80-х пасьля вываду савецкіх войскаў. Фішэр дадаў, што адначасова міжнародная супольнасьць чакае ад будучага ўраду Афганістану павагі да правоў чалавека, у прыватнасьці, жанчынаў, яўна дыскрамінаваных рэжымам талібаў. Таксама прадстаўнік Белага Дому Фляйшэр адзначыў, што ЗША разьлічваюць на стварэньне шматэтнічнага ўраду, адкрытага таксама для жанчынаў. У канфэрэнцыі ўдзельнічаюць тры жанчыны, аднак ўсе яны прадстаўляюць эмігранцкія арганізацыі.
Асноўная практычная мэта перамоваў: стварэньне часовага ўраду і вызначэньне складу будучых міратворчых сілаў ААН. Кіраўнік дэлегацыі Паўночнага альянсу Юнус Кануні супакоіў астатнія групоўкі і адзначыў, што этнічныя таджыкі і ўзбэкі, якія з 13-га лістападу кантралююць Кабул, ня маюць намеру захапіць ўсю ўладу, як гэта зрабілі ў 92-м годзе. “Мы ня хочам манапалізаваць ўладу, але хочам вывесьці Афганістан зь сярэднявечча,” – сказаў Кануні. Гатоўнасьць да супрацоўніцтва з астатнімі фракцыямі выказаў таксама ў лісьце пуштунскі арыстакрат Хамід Карзай, сілы якога паўсталі супраць талібаў ў Кандагары. “Мы адзін народ. Мы адна культура. Мы аб’яднаныя, а не падзеленыя. Мы разам вызнаем ісьлям, але талерантны ісьлям,” – сказаў Хамід Карзай. Прадстаўнік ААН Ахмэд Фавзі паведаміў, што ўжо на першым паседжаньні дэлегаты дамовіліся наконт часовай адміністрацыі. Прыблізна да канца сакавіка яна была б ўхваленая Вялікім Сходам Афганскіх Старэйшынаў – Лоя Джырга. Гэты ўрад кіраваў бы краінай цягам двух гадоў. Пасьля гэтага ізноў сабралася б Лоя Джырга, каб ухваліць новую канстытуцыю краіны.
Амэрыканскі дыплямат Джэймс Добінс, пасланьнік прэзыдэнта Буша ў цэнтральнай Азіі, паведаміў, што падрабязныя дыскусіі толькі пачынаюцца, аднак усе чатыры дэлегацыі гатовыя даручыць кіраваньне краінай былому каралю Захір Шаху. 87-гадовы манарх 28 гадоў жыве на выгнаньні ў Рыме. У 73 годзе яго адхіліў ад ўлады стрыечны брат Мухамад Дауд, які ўсталяваў рэпубліку і пяць гадоў пазьней загінуў ў выніку камуністычнага перавароту. “Я лічу былога караля аб’яднаўчай асобай і спадзяюся, што ён будзе гатовы і будзе ў стане выканаць гэтую ролю,” – сказаў Добінс.
Каля замку Пэтэрсбэрг дэманстравалі каля 300 прыхільнікаў манарха трымаючы партрэты Шаха з часоў ягонага кіраваньня. На жыль, у Афганістане былы кароль запомніўся як слабы і нерашучы манарх, кіраўнік дзяржавы, і удзельнікі канфэрэнцыі гатовыя даручыць яму хутчэй сымбалічна-дэкаратыўную функцыю. Існуюць таксама рознагалосьсі ў пытаньні: хто зойме ключавыя пасады міністраў абароны, унутраных справаў і фінансаў. Спрэчным застаецца таксама пытаньне гарантаваньня бясьпекі пасьля адхіленьня талібаў ад ўлады. Палявыя камандзіры, а таксама некаторыя суседнія краіны, такія як Іран, супраціўляюцца прысутнасьці ў Афганістане міжнародных міратворчых сілаў.