Спадарыня Ганчар піша, што ў Беларусі службовыя асобы не жадаюць нічога рабіць, каб высьветліць лёс скрадзеных людзей: "у прыватнай размове са мною былы старшыня беларускага КГБ генэрал Мацкевіч пацьвердзіў, што да гэтага злачынства непасрэдна датычныя прэзыдэнт Лукашэнка і генэральны пракурор Віктар Шэйман. На 28 лістапада ў Вас заплянаваная сустрэча з Лукашэнкам, ці гатовы Вы паціснуць руку чалавеку, які мае дачыненьне да гэтых выкраданьняў?"
Зінаіда Ганчар у сваім лісьце спасылаецца на тое, што яна нарадзілася і вырасла ў Расеі. Яна нагадвае Ўладзімеру Пуціну ягоныя выказваньні пра тое, што Расея павінна дапамагаць сваім суайчыньнікам за мяжой. Апроч таго, "ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, і ў краінах Захаду даўно разумеюць, што дэманстратыўны цынізм і беспакаранасьць дзеяньняў адміністрацыі Лукашэнкі грунтуюцца на падтрымцы расейскіх чыноўнікаў, маўчаньні расейскіх уладаў".
Зінаіда Ганчар у сваім лісьце пытаецца ў прэзыдэнта Расеі: "Ці адпавядае сяброўства з эўрапейскім ізгоем стратэгічным інтарэсам вашай краіны?"