Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖАНЧЫНА Ў ІСЬЛЯМЕ


Кастусь Бандарук, Прага

У перадачы ўдзельнічаюць: Эліма Джапарава, журналістка агенцтва Internews з гораду Ош у Ферганскай даліне Кыргістану, Валерыя Порахава, перакладчыца Кур’ану на расейскую мову, якая прыняла ісьлям, а таксама Разалія Александровіч, беларуская татарка-мусульманка.

Нагадаю, што ў перадачы два тыдні таму пра статус жанчыны ў ісьляме выказваліся самі мужчыны. Гэта ўсходазнаўца Аляксей Малашэнка з Масквы, публіцыст-габрэй з Варшавы Канстанты Гэббэрт і намесьнік муфція мусульманаў Беларусі Ібрагім Канапацкі. Спадар Гэббэрт сьцьвердзіў, што ў ісьляме статус жанчыны ўсё ж няроўнапраўны з мужчынамі. Аб гэтым сьведчыць хаця б той факт, што мужчына можа мець чатыры жонкі, аднак жанчына ня можа мець чатырох мужоў. Аляксей Малашэнка лічыць, што Кур’ан хутчэй ўзвышае жанчыну, а дыскрымінацыя жанчыны магчымая толькі як вынік скажэньня ісьляму. Ібрагім Канапацкі прыгадаў аят Кур’ану, у якім гаворыцца: “Найлепшы з вас той, хто найлепш ставіцца да сваёй жонкі”. Ён казаў, што ў ісьляме жанчына стала надзвычай ахоўванай каштоўнасьцяй, а няроўнасьць паміж мужчынам і жанчынай зьвязаная зь іх іншай прыродай і іншымі заданьнямі, найперш роляй жонкі і маці.
Дзякуючы тэлебачаньню ды іншым СМІ, увесь сьвет можа бачыць, якое мейсца ў мусульманскіх грамадзтвах займае жанчына.

Натуральна, у першую чаргу кідаецца ў вочы тое, што ў публічных месцах яны зьяўляюцца толькі ў цёмных вопратках з ног да галавы.
Для многіх гэта дастатковы доказ загнанасьці мусульманскай жанчыны, і тут ўзьнікае пытаньне наконт рацыянальнасьці самога ісьляму? Фэмінісцкія арганізацыі зьвяртаюць увагу на тыя запісы ў Кур’ане, дзе гаворыцца, што мужчына мае больш правоў, чым жанчына, што, напрыклад, у выпадку спадчыны, мужчыны атрымоўвае ў два разы болей, чым жанчына. Што думае на гэты конт эўрапейка і адначасова знаўца ісьляму Іман Валерыя Порахава.

(Бандарук: ) “Валерыя Міхайлаўна, “Российская газета” зьмясьціла Вашае інтэрвію Міхаілу Гохману пад загалоўкам “Прапусьціце даму ў гарэм”. Вы заявілі, што “найлепшае месца для жанчыны, дзе яна сябе адчувае шчасьлівай і свабоднай, гэта мусульманскія краіны… Найлепшы варыянт для жанчыны – жыць ў ісьлямскім сьвеце”. Вы таксама лічыце, што няма рэлігіі, якая давала б чалавеку гэтулькі правоў, гарантавала б камфорт, як ісьлям. Тым ня менш, асабліва на Захадзе, многія лічаць, што жанчына ў ісьляме дыскрымінаваная, і што крыніца гэтага няроўнапраў’я, калі не ў самым Кур’ане, дык у традыцыі. Што Вы думаеце на гэты конт?”

(Іман Валерыя Порахава: ) “Не. Тое, што мы зараз назіраем ў г. зв. мусульманскіх краінах, гэта цалкам ня тое, аб чым нам гаворыць Усявышні ў Кур’ане. У Кур’ане вельмі дакладна ўказаныя правы мужчынаў і жанчынаў. “У вас адны і тыя ж правы, але ў мужчыны на адну ступень больш”. Гэтая “ступень больш” тычыцца матэрыяльнага забесьпячэньня сям’і. Муж поўнасьцю адказны за ўтрыманьне сваёй сям’і. Калі жонка вырашыць працаваць па-за хатай, то ўвесь ейны заробак не йдзе ў сямейны бюджэт, але ў ейную кішэню. У гэтым сэнсе, у жанчыны нават больш правоў, чым у мужчыны. Калі мужчына вырашыць жаніцца, адразу акрэсьліваецца перадшлюбны падарунак, гэтак званы “махр”, які зьяўляецца як бы страхавым полісам жанчыны на будучыню. “Махр” акрэсьліваецца ў дакладным лічбавым вымярэньні. Таму і ў выпадку спадчыны сын атрымоўвае ў два разы болей, чым дачка. Справа ў тым, што калі мужчына ажэніцца, ён таксама будзе вымушаны забясьпечыць сваёй жонцы матэрыльны бок, а жонка прыйдзе на гатовае. Жанчына атрымоўвае меншую долю спадчыны, бо яна нікому не дае, але прымае, атрымоўвае. У гэтым сэнсе і гаворыцца, што ў мужчыны на адну ступень больш правоў, чым ў жанчыны”.

Гаварыла Валерыя Порахава. Тым з нашых слухачоў, якія ня чулі пра Валерыю Порахаву, хачу сказаць трохі пра яе самую. Валерыя Порахава, паходзіць са шляхецкай пецярбурскай сям’і. Ейны бацька быў расстраляны ў часе сталінскіх рпэпрэсіяў, а яна сама нарадзілася ў лягеры каля Уфы. У 1985 годзе, са сваім мужам-сырыйцам Мухамадам Саідам Аль Рошдам Порахава пераяжджае ў Дамаск, прымае ісьлям ды імя Іман. Там 12 гадоў працуе над расейскім перакладам Кур’ану. У 97 годзе Ісьлямская Акадэмія Аль Азхар Аль Шарыф прызнае ейны пераклад кананічным і дае дазвол на публікацыю. Валерыю Порахаву называюць “найбольш вядомай жанчынай ў ісьлямскім сьвеце”. Яна – выдатны вучоны, сябра некалькіх Акадэміяў Навук, аўтар мноства навуковых публікацыяў. Кожную пятніцу на канале РТР яна вядзе праграму “Усе суры Кур’ану”.

Гэта ў якасьці даведкі, але вернемся ўласна да правоў жанчыны ў ісьляме. Ці тая першарадная ў ісьляме і прадпісаная Кур’анам ды шарыятам роля жонкі і маці, ахоўніцы дамашняга ачагу, можа задаволіць кожную жанчыну? Вось, што думае на гэты конт беларуская татарка-мусульманка Разалія Алекасандровіч.

(Александровіч: ) “Я, напэўна, ня тая мусульманка, як гэта прынята лічыць у мусульманскім сьвеце. Я ўсё ж жыву ў Беларусі, дзе ісьлям – не вядучая рэлігія. Я мусульманка па выхаваньні і па сваіх бацьках, выхаваня на традыцыях, якія захаваліся ў нас. У маладосьці гэта ня так выяўлялася, але зараз мне ўжо за 40. У гэтым узросьце Прарок Мухамад пачаў запісваць Словы Гасподнія. Зараз у мяне да ўсяго нейкае іншае стаўленьне, я разумею, што я мусульманка па ўспрыняцьці сьвету, па стаўленьні да таго, што адбываецца, найперш у маіх адносінах зь людзьмі, у магчымасьцях самавыяўленьня, у маіх адносінах з процілеглым полам. Я першую ролю і месца ў жыцьці аддаю мужчыне, лічу, што за ім першае слова; яно як бы больш моцнае і трывалае. Калі ўспамінаю сваю маці і як цяпер лічу сама, мне не хацелася б быць празьмерна навідавоку. Я наагул лічу, што лёс краіны залежыць ад таго, якую ролю бярэ на сябе мужчын і ў сям’і і ў грамадзтве. Мне здаецца: толькі тады, калі мужчына зразумее, што толькі ён можа загарантаваць дабрабыт сваёй сям’і, забясьпечыць жанчыне магчымасьць выхоўваць дзяцей, толькі тады ў нас усё будзе нармальна. Я лічу, што сапраўды, гэта было Божае пасланьне, калі мусульманам было сказана, што мужчына – галоўны. Галоўны ня ў сэнсе вяршэнства над жанчынай, але ў сэнсе большай адказнасьці”.

(Бандарук: ) “Менавіта. Мы гаворым пра статус мусульманскай жанчыны ў сям’і і грамадзтве. У цяперашніх умовах у Беларусі гэта нерэальна, але ці, тэарэтычна кажучы, Вам адпавядала б тое месца ў сям’і, тая матэрыяльная залежнасьць ад мужа, роля ўтрыманкі, роля найперш жонкі і маці, забясьпечанай, але ўсё ж абмяжаванай?”

(Александровіч: ) “Гэта дастойнае месца. Я толькі мару аб гэтым, таму што зараз на мне ўся адказнасьць за сям’ю, за яе фінансавае забесьпячэньне. Я бяз мужа выхоўваю дачку. І яшчэ напэўна таму, што калі б у мяне было матэрыяльнае забесьпячэньне, я яшчэ ў большай ступені выявілася б як пісьменьніца. Прычым, я гэта ўжо рабіла б па жаданьні.. Я не пайшла б на працу, каб зарабляць грошы на ўтрыманьне, але ўклала б душу ў справу, якую сама сабе абрала. Я проста малілася б на таго мужчыну, які мне гэта дазволіў бы. Я сама хацела б быць лепшай хатняй гаспадыняй, бо зараз на гэта я проста ня маю часу. Я лічу, што так было б лепш”.

Гаварыла Разалія Александровіч. Сярод прыкладаў дыскрымінацыі жанчыны ў ісьляме называецца некалькі рэчаў. Гэта шматжэнства, пазбаўленьне права на працу, вучобу і кар’еру, абавязковае нашэньне паранджы, зачыненаксьць ў хаце, беспярэчнае падпарадкаваньне мужу. У Кур’ане сказана, што ўпартую, непаслухмяную жанчыну можна адлупцаваць. Гэта моцны аргумэнт у карысьць таго, што мусульманка ўсё ж дыскрымінаваная?

(Іман Валерыя Порахава: ) “Калі жанчына вельмі ўпартая, яна і стварае атмасфэру свавольства ў сям’і. Вось гэтага рабіць нельга. Жанчына зьяўляецца лагодным, далікатным, ласкавым бокам. Калі мужчына, які, напрыклад, 12 гадзінаў ў суткі працуе, каб утрымаць сям’ю, часам можа страціць цярплівасьць, то жанчына, якая не працуе альбо працуе дзеля свайго задавальненьня, сваё свавольства павінна стрымліваць. Аднак у Кур’ане не гаворыцца, што такую трэба адразу ўдарыць. Там гаворыцца: “Спачатку вы яе адлучайце ад ложа, пакажыце, што ейныя паводзіны вам не падабаюцца, але не падымайце рук. Вы сьпярша скарыстайце ўсе іншыя мэтады, угаворвайце, адлучайце ад ложа, і толькі калі не паслухае, тады можаце яе ўдарыць. Але, што цікава, у Кур’анічным тэксьце ў якасьці прылады пакараньня названы пучок саломы. Безумоўна, гэта хутчэй сымбаль фізычнага пакараньня, чым боль. Тут пытаньне болю не стаіць. Муж проста страціў цярплівасьць і гэткім чынам карае жанчыну. Дарэчы, не выключаецца такое ж пакараньне і мужчыны з боку жанчыны, і аб гэтым у суне Прарока таксама выразна гаворыцца”.

Гэта была Іман Валерыя Порахава. Што тычыцца беларускіх сем’яў, дык вельмі часта муж ня толькі ня дбае пра сям’ю, але п’е і б’е. Тымчасам ў ісьляме, акрамя забароны спажывання сьвініны, тытню і наркотыкаў, строга забароенае ўжываньне алкагольных напояў. У сувязі з гэтым, беларусы-мусульмане павінны быць лепшымі мужамі і бацькамі за астатніх. Ці ёсьць нейкія маральныя перавагі ў беларускіх мусульманаў? Разалія Александровіч:


(Александровіч: ) “Я ня бачу ніякіх маральных перавагаў над іншым ніводнага сьведамага і веруючага чалавека. Сапраўдны і мусульманін, і хрысьціянін будуць сябе паводзіць аднолькава прыстойна. Я бачу перавагу ў сэнсе таго выхаваньня, што чалавек павінен быць адказны, што ў яго павінна працаваць галава. І таму, у каго засталося нешта з такога выхаваньня, ён напэўна будзе прыстойным сем’янінам. Але, на жаль, у Беларусі, як многія ў нашым грамадзтве, татары таксама любяць прыкладацца. Я ведаю таксама даволі непрыстойныя прыклады таго, што і яны ўжываюць алкагольныя напоі. Гэта ўжо мабыць і не залежыць ад таго, якой ён веры, а хутчэй ад ўплыву асяродзьдзя і атмасфэры папярэдніх дзесяцігодзьдзяў. Аднак тыя, хто зараз вяртаецца да мусульманскай веры, яны паводзяць сябе прыстойна, хаця я й не хачу разьмяжоўваць паводле рэлігійнай прыкметы. Я хачу толькі адзначыць на прыкладзе сваіх блізкіх, сваякоў, што бачу ў іх вялікую адказнасьць за дзяцей. Вось кожны з маіх цёткаў, дзядзькаў, мае бацькі і мае бабулі проста дрыжэлі за сваіх дзяцей. Я ня памятаю, каб нехта зрабіў больш дзеля сябе, чым дзеля сваіх дзяцей”.

Гэта была думка беларускай мусульманкі-татаркі Разаліі Александровіч. Зразумела зьнешне беларускія мусульманкі нічым не адрозьваюцца ад ўсіх астатніх жанчынаў. Яны як усе працуюць і як усе апранаюцца, хаця яны і мусульманкі. А вось што тычыцца іншых краінаў, дык там такое немагчымае. Я маю на ўвазе ў прыватнасьці вышэйзгаданую паранджу, якая для заходняга сьвету асацыюеца з ісьлямам і зьяўляецца сымбалем дыскрымінацыі жанчыны. Вось што лічыць наконт гэтага мусульманка з адносна лібэральнага Кыргізстану, жыхарка гораду Ош у Ферганскай Даліне Эліма Джапарава:

(Джапарава: ) “Так, гэта вынікае менавіта з ісьляму. Аднак ў момант прыняцьця некаторыямі рэгіёнамі ісьляму бывала, што новая рэлігія йшла на некаторыя саступкі мясцовым традыцыям. Напрыклад, у Кыргізстане пасьля прыняцьця ісьляму захавалася шмат што са старога. Лібэральны ісьлям такое дапускае, некаторыя ж яго плыні – не. Зразумела, у некаторых мусульманскіх краінах жанчына ня можа без мужчыны выйсьці на вуліцу, павінна крочыць трохі ззаду за ім, ня можа займаць высокія дзяржаўныя пасады. Аднак ў некаторых краінах ад гэтых правілаў адмаўляюцца. Трэба таксама прызнаць, што нярэдка гэткі статус зьяўляецца вынікам дабраахвотнага выбару жанчыны. Яна гэта ня лічыць дыскрымінацыяй, калі яна мусульманка. Ёй проста падабаецца такое жыцьцё. Дарэчы, аб’ектыўнасьць – паняцьце таксама шырокае. Па-мойму, калі сама мусульманка лічыць свой статус нармальным, то і я лічу, што гэта нармальна. Напрыклад, калі апрануць паранджу на кыргізку, для яе гэта будзе абмежаваньне ейных правоў, бо ў нас жанчыны ніколі не насілі паранджу. Аднак калі жанчына недзе ў Іране альбо ў Афганістане ўсё жыцьцё гэтак апраналася, то ёй і ня ўздумаецца здымаць паранджу. Бяз гэтага яна сябе проста не ўяўляе”.

Гаварыла Эліма Джапарава з Кыргізстану. Як гаварыў ўжо ў мінулай перадачы Ібрагім Канапацкі, у Кур’ане гаворыцца пра вопратку мусульманкі, але не пра паранджу, але пра хіджаб, які не закрывае ўсё цела з ног да главы. Спадарыня Порахава.

(Порахава: ) “Я хачу вам з поўнай адказнасьцю сказаць аб тым, што ўсё гэта ня так! У ніводным аяце Кур’ану, у ніводным аўтэнтычным хадзісе нашага Пророка (хай блаславіць Яго Госпад), нідзе не сказана, што жанчына павінна насіць паранджу. Больш таго, у 10-й суры Кур’ану гаворыцца, як на самой справе павінны жанчыны апранацца: “Прыбірайцеся ва ўпрыгожаньні. У самыя ўрачыстыя строі”. Забараняецца толькі непрыстойная вопратка, якая можа быць запрашэньнем да распусты: адкрытыя ногі, рукі, грудзі, сьпіна. Такая аголенасьць жанчыны, вельмі кароткая спаднічка, празрыстая блюзка з-пад якой бачныя ейныя прыгожыя сэксуальныя формы, ня будзем крывіць душою, гэта запросіны да распусты. Праўда, гэта прыгожа, але з другога боку, гэта вельмі сэксуальна. Калі жанчына гэтак апранаецца да шлюбу, дык яна хоча прывабіць, знайсьці сабе мужа з дапамогай сэксуальных пекнасьцяў. Але ж, яны часовыя, кароткатрывалыя. Яна проста выстаўляе іх напаказ, нядумаючы аб нейкай псыхалягічнай сумяшчальнасьці са сваім будучым мужам, што ёй прыйдзецца пражыць зь ім ўсё жыцьё. Я лічу, што яна павінна прывабіць да сябе мужчыну нечым іншым, сваім інтэлектам, сваёй незвычайнасьцю, а ні ў якім разе не сэксуальнасьцю. Калі яна паказвае свае пекнасьці пасьля шлюбу, гэта ізноў жа свайго роду здрада, хаця і тэхнічна яна не адбылася. Самае важнае, калі жанчына гатовая на гэта і паказвае іншаму мужчыну свае сэксуальныя прывабнасьці”.

Тут да сказанага Іман Валерыяй Порахавай хачу дадаць, што прыстойная вопратка рэкамэндуецца таксама хрысьціянскімі цэрквамі. Галаўны ўбор быў абавязковы для жанчынаў з часоў Хрыста, аднак зараз ён захаваўся толькі ў манашак. У кожным разе, хрысьціянкам рэкамэндуецца апранацца прыстойна. Зараз, калі мы бачым адваротнае, дык гэта проста вынік сэкулярызацыі, усё меншага ўплыву Царквы на ўсе сфэры жыцьця. Але вернемся да ісьляму. Хаця паводле Кур’ану імкненьне да ведаў абвязковае для ўсіх мусульманаў, гэта значыць мужчынаў і жанчынаў, аднак мусульманкі ня маюць аднолькавай магчымасьці зрабіць прафэсійную кар’еру, удзельнічаць ў публічным жыцьці, у выбарах, займаць высокія пасады. У адным з хадзісаў Прарока сказана: “Людзі не дасягнуць вялікіх посьпехаў, калі дазволяць жанчыне быць іхным лідэрам”. Спадарыня Порахава, Ваша думка на гэты конт.

(Порахава: ) “Гэта не аўтэнтычны хадзіс. Арыентавацца можна толькі на тыя, якія называюцца “сагіф”, сапраўдныя. Адносна таго, што лідэрства жанчынаў не гарантуе посьпеху – гэта няпраўда. Гэта несапраўдны хадзіс. Па ўсім Кур’анічным тэксьце гучыць заклік да чытаньня, назапашваньня ведаў. Калі я ўпершыню прыехала ў Іран, я была ўражаная колькасьцю адукаваных жанчынаў. Мне здавалася, што іх больш, чым мужчынаў. Калі вы паедзеце ў Сырыю, Ярданію, Ліван, вы будзеце ўражанымі, як там дэмакратычна, прыгожа апранутыя жанчыны. Яны не агаляюцца, але яны апранутыя модна, прыгожа, у сьветлыя колеры. Гэта няпраўда, калі кажуць, што ісьлямская жанчына ня можа мець посьпеху ў грамадзкім, публічным жыцьці. Праўда, я не кажу пра такія краіны як Афганістан, якія наагул цяжка назваць мусульманскімі. Афганістан вельмі грубы, неадукаваны. Возьмем Інданэзію. Там ня тое, што дыскрымінацыя жанчынаў. Там непісьменныя людзі, і такое ў іх і стаўленьне да жыцьця. Гэта генэтычныя альбо этнічныя мусульмане. Ён нарадзіўся ў мусульманскай сям’і. Ён ведаюеформулу “ Няма Бога акрамя Алаха, а Магамет Яго пасланьнік”, і гэта ўсё, што ён ведае. А далей, гэта ўжо абсалютная традыцыя. І вось мы не павінны блытаць традыцыю, нагрувашчваньне традыцыйных прыхамацяў з Кур’анічным вучэньнем”.

(Бандарук: ) “Валерыя Міхайлаўна, Вы гаворыце, што ў некаторых краінах жанчыны маюць шырокі доступ да асьветы, да адказных пасадаў. Але ж затое ў іншых краінах жанчыны ня маюць выбарчых правоў, яны ня могуць працаваць па-за хатай. Ім без дазволу мужа ня толькі нельга падарожнічаць, але і выходзіць з хаты. (У Кур’ане сказана: “Прабывайце ў сваіх дамах” (33,33) А ўсё гэта ў краінах, якія лічаць сябе і нават называюць “ісьлямскімі дзяржавамі”. Як можна гэта патлумачыць?”

(Порахава: ) “Калі мы возьмем Савудаўскую Арабію, то я лічу, што гэта пародыя на ісьлям. Ніякага ісьляму там няма, аьлбо дакладней, яго там нагэтулькі мала, што незразумела, чаму краіна, якая зьяўляецца ахоўніцай сьвятых месцаў, гэтак непрыгожа паводзіць сябе ў дычыненьні да Кур’анічнага веравучэньня. З другога боку, калі возьмем Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, дык гэта цалкам іншая краіна. Вельмі важна ўсьведамляць, ці нейкая краіна выконвае Божа Закон, ці не. Ці можа яна на гэты статут апранула свае ўласныя выдумкі і традыцыі. Чаму Савудаўская Арабія поўнасьцю накінула жанчынам чорны колер і паранджу? Усявышні нам кажа вельмі выразна: “Я дам вам вялікую колькасьць колераў і кветак”. Калі некаторыя краіны абіраюць для сябе ў якасьці асноўнага колеру жаночай вопраткі, дык гэта непісьменна. Што тычыцца свабоды перамяшчэньня жанчынаў, дык паводле Кур’ану, жанчына павінна адбываць свае паездкі ў суправаджэньні мужчыны, таму што ён зьяўляецца ахоўнікам і гарантам абароны ейнага гонару. На жанчыну можа быць зьдейсьнены напад, хуліганства. Колькі бывае згвалтаваньняў і крадзяжоў. І таму, каб прадухіліць падобнае, жанчыне, як фізычна слабейшай, у публічных месцах, рэстарацыях, кавярнях, замежных паездках і ўвогуле ў любых паездках, павінен спадарожнічаць мужчына: муж, брат, старэйшы сын і любы мужчына, які гарантуе ёй бясьпеку. Гэта робіцца выключна для бясьпекі і абароны ейнага гонару”.

Гаварыла Іман Валерыя Порахава. У сёньняшняй перадачы ўзялі удзел вельмі розныя мусульманкі, з рознай ступеньню ведаў і рэлігійнай сьвядомасьці. Адна былая праваслаўная расейка з арыстакратычнай сям’і прыняла ісьлям і сталася выдатным знаўцам гэтай рэлігіі. Другая зь іх, Эліма Джапарава, нарадзілася і выхавалася ў Кыргізстане, які заўсёды быў ісьлямскай краінай, але дзе вяртаньне да ісьляму толькі адбываецца. Свае думкі выказала таксама беларуская татарка Разалія Александровіч, якая жыве ў спэцыфічных умовах, у краіне зь невялікай мусульманскай меншасьцяй. Мы не вычарпалі тэму, але прадставілі некалькі поглядаў на статус жанчын ў ісьляме, і я дзякую за гэта маім сёньняшнім суразмоўніцам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG