Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ НАВУКІ


Сяргей Шупа, Вільня

* МЫС КАНАВЭРАЛ (ФЛОРЫДА). Ва ўмовах павышанай бясьпекі агенцтва НАСА рыхтуецца да запуску першага касьмічнага чаўнака ва ўмовах ваеннага часу. Касьмічны карабель Endeavour стартуе ў пятніцу зь сям’ю астранаўтамі на борце. Чаўнок возьме з сабой больш за 6 тысячаў амэрыканскіх сьцяжкоў, якія пасьля вяртаньня будуць падараваныя сем’ям ахвяраў тэрарыстычных нападаў 11 верасьня. Endeavour даставіць заменны экіпаж на Міжнародную Касьмічную Станцыю.

* ТОКІЁ. Японскі ўрад распарадзіўся дасьледаваць нядаўнія падземныя штуршкі ў раёне гары Фудзіяма. На працягу апошняга году ў раёне гары былі зафіксаваныя землятрусы малой магутнасьці - 221 у мінулым лістападзе і больш за 100 сёлета ў красавіку і траўні. Навукоўцы тлумачаць гэтыя зьявы павышэньнем актыўнасьці магмы ўнутры вулькана. Дасьледаванье будуць працягвацца тры гады. Іх мэта — прадказаць магчымыя вывяржэньні і землятрусы.

* ПАСАДЭНА (КАЛІФОРНІЯ). Амэрыканскім астраномам з Каліфарнійскага Тэхналягічнага Інстытуту упершыню ўдалося выявіць хімічны склад атмасфэры плянэты па-за Сонечнай сыстэмай. З дапамогай арбітальнага тэлескопа Хабл у складзе атмасфэры плянэты, што аддаленая ад Зямлі на 150 сьветлавых гадоў, быў знойдзены натрый. Навукоўцы лічаць гэта важным крокам, бо скарыстаная тэхналёгія можа ў будучыні быць ужытая для выяўленьня жыцьця на іншых плянэтах.

* Навукоўцы сочаць за велізарным айсбэргам, які адкалоўся ад Антарктычнага ледніка. Айсбэрг даўжынёй 35 кілямэтраў і шырынёй 15 кілямэтраў адкалоўся ў лістападзе ад ледніка Пайн-Айлэнд на поўдні мора Амундсэна. За айсбэргам сочаць з дапамогай адмысловага касьмічнага спэктра-радыёмэтра агенцтва НАСА. На думку навукоўцаў, аддзяленьне айсбэрга ад ледніка сьведчыць пра сур’ёзныя кліматычныя зьмены ў Антарктыцы.

* Першы амэрыканскі індыянін-астранаўт возьме з сабой на Міжнародную Касьмічную Станцыю арліныя пёры. Джон Бэнэт Герынгтан, індыянін з племя чыкасо, штат Аклахома, хоча, каб ягоны палёт стаўся прыкладам для іншых карэнных амэрыканцаў. Герынгтан, марскі афіцэр і былы лётчык-выпрабавальнік, плянуе паляцець у космас у жніўні наступнага году. Мара астранаўта — вярнуцца ў родне племя і распавядаць дзецям чыкасо каля вогнішча пра свае касьмічныя падарожжы.

* КЕМБРЫДЖ. Дасьледнікі музэю археалёгіі і антрапалёгіі Кембрыджскага Ўнівэрсытэту выявілі, што людзі, пачынаючы ад Каменнага Веку, заўсёды баяліся ваўкалакаў, вампіраў і пачвараў. Дасьледаваньне першабытнага мастацтва засьведчыла шматлікія творы насьценнага жывапісу з выявамі гібрыдных істотаў з рысамі жывёлы і чалавека. Росьпісы сьцен у пячорах з падобнымі сюжэтамі сустракаюцца ў Эўропе, Афрыцы і Аўстраліі. Паводле навукоўцаў, страх перад гібрыднымі істотамі — стары, як само мастацтва.

* БОН. Нямецкі фізык Ральф Геблер выявіў, што ва ўмовах стрэсу расьліны выдзяляюць павышаную колькасьць этылену. Ужыўшы адмысловы сэнсар для рэгістрацыі газавых выдзяленьняў і пераклаўшы іх на мову гукаў, навуковец прадэманстраваў свой мэтад на публіцы, абрэзаўшы ліст архідэі. Прысутныя на прэзэнтацыі пачулі пранізьлівы крык расьліны.

* НЬЮ-ЁРК. Каралавыя рыфы ва ўсім сьвеце ўвесь час памяншаюцца ў памерах. Праведзенае ААН дасьледаваньне паказала, што рыфы займаюць у 10 разоў меншую тэрыторыю, чым меркавалася раней. У Індыйскім акіяне зьнішчана каля 80 працэнтаў усіх каралавых рыфаў. Экалягічныя арганізацыі ва ўсім сьвеце папярэджваюць, што каралавыя рыфы ў сьвеце стаяць на мяжы поўнага зьнікненьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG