Угодкі земляка-пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча адзначаюць на Віцебшчыне ўжо 15-ы раз. І штогод яны праходяць па-рознаму, у вялікай ступені гэта залежыць ад непрадказальнага беларускага бюджэту.
Сёлета ў Віцебску дзень нараджэньня Караткевіча адзначаны ўскладаньнем кветак да помніка пісьменьніку, літаратурнымі чытаньнямі ў бібліятэцы, якая носіць ягонае імя, адкрыцьцём выставы ў літаратурным музэі ды ўручэньнем прэміяў імя Караткевіча тутэйшым літаратарам.
Гэтая прэмія абласнога маштабу прысуджаецца ўжо другі год запар, і паказальным зьяўляецца сам падбор ляўрэатаў. Так, летась найбольш вартым прэміі імя Ўладзімера Караткевіча, з пункту гледжаньня абласнога начальства, стаўся паэт Алег Садтук, вядомы сваімі пралукашэнкаўскімі поглядамі ды адпаведна скіраванай мастацкай творчасьцю.
Сёлета прэмія прысуджаная рэктару Віцебскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Аркадзю Русецкаму, колішняму функцыянэру ЦК КПБ ды цяперашняму "сэнатару" Лукашэнкавага парлямэнту. Цікава й тое, што ягоная кніга пад назваю "Ўладзімер Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасьць", за якую ён уганараваны сёлета прэміяй, выйшла яшчэ ў 1991-м годзе.
Другі сёлетні ляўрэат, паэт Аркадзь Нафрановіч, шараговы беларускі пэнсіянэр ды былы настаўнік, ня змог сёньня прысутнічаць на ўручэньні прэміяў, бо яму проста не дасталося квітка на віцебскі цягнік. І ні абласныя, ні гарадзкія, ні пастаўскія раённыя ўлады ніякім чынам не паклапаціліся пра тое, каб чалавек патрапіў на сьвяткаваньне ў такі ўрачысты для яго дзень.
Трэці ляўрэат, паэт Давід Сімановіч, узнагароджаны прэміяй за прапагандаваньне творчасьці Караткевіча, мусіў і сёньня, як у мінулыя гады, весяліць нешматлікую публіку: весьці рэй на ўсіх сёньняшніх віцебскіх імпрэзах.
Тымчасам, у Воршы, на радзіме пісьменьніка, сьвяткаваньне сёньня прайшло больш сьціпла. Тут таксама былі ўскладзеныя кветкі да помніка, прайшлі сьвяточныя імпрэзы ў школах. Аднак цэнтрам сьвяткаваньняў мусіў бы стацца мэмарыяльны музэй Караткевіча, афіцыйна адкрыты яшчэ летась, да 70-х угодкаў пісьменьніка, толькі музэй знаходзіцца зараз у аварыйным стане.
Музэй разьмешчаны ў старым будынку былога радзільнага дома, дзе й зьявіўся на сьвет будучы славуты пісьменьнік, і рэстаўрацыйныя працы патрабавалі ў свой час значных фінансавых укладаньняў. Афіцыйныя ўлады на Караткевічы вырашылі зэканоміць, і Лукашэнкавага гранту на стварэньне музэя хапіла толькі на касмэтычны рамонт ды пачатковую экспазыцыю ў адной залі. Ды нават гэтую экспазыцыю давялося разьбіраць літаральна праз 3 дні: у сьценах засталіся шчыліны, і таму яны пачалі імкліва пакрывацца цьвільлю.
Вось ужо год, як музэя па-ранейшаму няма. І ягоная дырэктарка Іна Байкова дагэтуль узгадвае крылатую фразу тагачаснага загадчыка аршанскага аддзелу культуры Віталя Рымкевіча: "Гэта ВАШ Караткевіч". Шкадуючы грошай, гарадзкія ўлады сваім Караткевіча не лічылі.
Але менавіта таму, што шмат для каго з аршанцаў Караткевіч "свой", спадарыня Байкова прыклала ўсе намаганьні, каб да сёлетніх угодкаў у караткевічаўскім музэі адкрылася хаця б часовая выстава, на якой наведнікі могуць убачыць сёньня больш як 300 экспанатаў.