Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ГАНЧАРЫК: ЗАСТАЮСЯ І Ў ПАЛІТЫЦЫ, І Ў ПРАФСАЮЗАХ


Міхал Стэльмак, Менск

(Карэспандэнт: ) "З часу прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі мінула амаль тры месяцы. Як вы лічыце, за гэты пэрыяд у дачыненьнях прафсаюзаў і ўладаў нешта зьмянілася?"

(Ганчарык: ) "Зьмянілася — але, на жаль, да горшага. Чаму? Таму што ўлада заняла такую пазыцыю, што кіраўніцтва Фэдэрацыі, і найперш я, зьмянілі сваю пазыцыю — каб я прызнаў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, з чым я не магу пагадзіцца. І па-другое, каб я пакінуў гэтую пасаду".

(Карэспандэнт: ) "Вы вось раней рэгулярна сустракаліся з былым старшынём ураду Ўладзімерам Ярмошыным. І ні разу — зь цяперашнім прэм'ер-міністрам Генадзем Навіцкім..."

(Ганчарык: ) "Я мушу зазначыць вось што. Адразу пасьля заявы прэзыдэнта я выказаў жаданьне сустрэцца зь ім. Прычым, незалежна ад вынікаў выбарчай кампаніі. І гэта было б разумна, таму што ёсьць пытаньні, якія трэба вырашаць, і вырашаць з прафсаюзамі як часткай грамадзтва. І мне шкада, што Навіцкі заняў такую пазыцыю і выконвае, напэўна, тыя далёка не найлепшыя парады, якія даюць яму ў адміністрацыі прэзыдэнта".

(Карэспандэнт: ) "У прафсаюзным асяродзьдзі зараз шмат размоваў вядзецца вакол прафсаюзнага пленуму, які прызначаны на пачатак сьнежня. Прычым гэтыя размовы зьвязаныя з пытаньнем вашага далейшага знаходжаньня на чале Фэдэрацыі. Што вы можаце сказаць на гэты конт?"

(Ганчарык: ) "Калі хто так лічыць, то гэта памылка. Гэта не галоўнае пытаньне для пленуму. Для пленуму галоўнае пытаньне — як далей дзейнічаць. Як далей разьвіваць прафсаюзны рух, каб выканаць рашэньні трэцяга зьезду Фэдэрацыі прафсаюзаў — вось гэта галоўнае.

Як будзе карэктавацца сацыяльна-эканамічная палітыка ў інтарэсах людзей працы, як будзе ажыцьцяўляцца рэформа заработнай платы? Па-другое, важнае яднаньне прафсаюзаў. Трэба ня даць магчымасьці, каб прафсаюзы сталі пад кантроль улады. Трэба памятаць, што Міжнародная арганізацыя працы прыняла адносна беларускіх прафсаюзаў адмысловае рашэньне".

(Карэспандэнт: ) "Ваша, Уладзімер Іванавіч, асоба працягвае актыўна цікавіць сродкі масавай інфармацыі. У недзяржаўных выданьнях апошнімі днямі зьявіліся публікацыі з крытычным, як мне падаецца, падтэкстам. У чым тут справа?"

(Ганчарык: ) "Любыя крытычныя заўвагі я ўспрымаю нармалёва. Але калі ёсьць нейкія домыслы і гэтак далей, то я гэтага не ўспрымаю. Я мяркую, што рэч у іншым. Калі хто хоча дэталёва аналізаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, то гэта адно. А другое, трэба рабіць выснову з гэтага, як жыць далей. У тым ліку і прафсаюзам".

(Карэспандэнт: ) "Як складваюцца вашыя стасункі з прадстаўнікамі палітычных партыяў і рухаў, грамадзкіх фармаваньняў, што гуртаваліся вакол вашай асобы ў часе прэзыдэнцкіх выбараў?"

(Ганчарык: ) "Я мяркую, што зараз у кожнай партыі ёсьць шмат праблемаў —яны напярэдадні выбарчых зьездаў, і таму іхная актыўнасьць у справе кансалідацыі, на жаль, пакуль невысокая. Але я мушу сказаць, што павінна захавацца тое, што раней называлася грамадзянскай кааліцыяй. Таму што наперадзе будуць выбары, напрыклад, у мясцовыя органы ўлады, у якіх трэба будзе браць удзел, і іншыя".

(Карэспандэнт: ) "Як вы сябе бачыце ў цяперашнім палітычным працэсе ў Беларусі?"

(Ганчарык: ) "Я быў і застаюся тым адзіным кандыдатам у прэзыдэнты, гэта ўжо гісторыя. І я буду спрыяць разьвіцьцю дэмакратычнага руху ў Беларусі, у тым ліку і ў прафсаюзах".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG