Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Тэмы: Скончыўся чарговы тэрмін расьсьледаваньня справы аб зьнікненьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. На працэсе над былым спэцназаўцам Ігнатовічам і ягонымі саўдзельнікамі пачалі расьсьледаваць эпізод пра зьнікненьне Зьмітра Завадскага. Жонка зьніклага экс-міністра Юрыя Захаранкі лічыць, што Ігнатовіча альбо прымусілі, альбо падкупілі. Былы начальнік менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў расчараваўся ў парлямэнце Беларусі.

20 лістапада скончыўся чарговы тэрмін расьсьледаваньня справы аб зьнікненьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. За больш чым два гады, што прайшлі ад зьнікненьня, сьледзтва працягвалі шэсць разоў, а выніку фактычна няма альбо пра яго не абвяшчаюць. Ірына Красоўская, жонка зьніклага разам з Ганчаром бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, распавядае.

(Красоўская: ) "Мінулым разам яны падоўжылі справу да 20 лістападу, а ці аднавілі яе зноў, я ня ведаю, мне невядомая гэтая працэдура".

Пры гэтым Ірына Красоўская мяркуе, што сьледзтва ў такім выглядзе, у якім яно вядзецца зараз, магчыма і не патрэбнае.

(Красоўская: ) "Відаць што не патрэбнае, бо, разумееш, ніхто нічога ня скажа, а тыя, хто маглі б сказаць, тыя далёка".

Нагадаю, Ірына Красоўская і Зінаіда Ганчар, жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара, неаднаразова прасіла дазволіць замежным адмыслоўцам прыняць ўдзел у расьсьледаваньні ці нават стварыць дзеля гэтага міжнародную камісію, аднак беларускае кіраўніцтва не прарэагавала на гэтыя просьбы. Улады Беларусі зноў і зноў паўтараюць, што ў стане расьсьледаваць справу самастойна, аднак, на думку Ірыны Красоўскай і Зінаіды Ганчар, ня робяць дзеля гэтага нічога.

Праз тры тыдні пасьля пачатку працэсу над групоўкай былога спэцназаўца Валерыя Ігнатовіча нарэшце суд дайшоў да эпізоду пра зьнікненьне апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Учора былі апытаныя менскія калегі зьніклага апэратара Наважылаў, Гельбах і Аўчыньнікаў, праз два дні чарга дойдзе да Паўла Шарамета, які зараз стала працуе ў Маскве. Нагадаю, Павал Шарамет лічыць зьнікненьне свайго калегі палітычнай справай. Ён перакананы, што тут замешаныя вышэйшыя кіраўнікі дзяржавы, а Ігнатовіч і ягоныя саўдзельнікі толькі выканаўцы бруднага заказу.

Што думаюць на гэты конт апытаныя ўчора супрацоўнікі ОРТ сказаць немагчыма, бо яны абавязаныя захоўваць тайну судовага працэсу. Між тым, паводле аднаго з адвакатаў, паказаньні гэтых ды іншых сьведкаў пакуль, цытую, "не напоўнілі доказамі вэрсію сьледчых пра тое, што гэта Ігнатовіч і ягоныя сябры скралі Завадскага". Між тым абаронца ня думае, што доказаў сапраўды няма – "…іх проста няма ў справе". Гэты чалавек мяркуе, што некалькі былых калегаў Ігнатовіча па службе ў спэцпадразьдзеле "Алмаз" разам зь ім павінны сесьці на лаву падсудных, аднак яны працягваюць служыць.

А вось жонка экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі Вольга Захаранка ўвогуле лічыць, што Ігнатовіч з астатнімі ня маюць ніякага дачыненьня да справы. Іх, мяркуе Вольга Захаранка, альбо прымусілі пагадзіцца з абвінавачаньнямі, альбо падкупілі.

(Вольга Захаранка: ) "Ніякія яны не выканальнікі, гэта падстаўныя асобы. Каму ён загадаў падставіцца за пэўныя сумы, тыя і выканалі загад, хіба гэта не зразумела?" – гэтак, паводле Вольгі Захаранкі, апынуліся на лаве падсудных былы алмазавец Валеры Ігнатовіч і яшчэ тры ягоныя саўдзельнікі. Вольга Захаранка сыходзіць з таго, што ў Беларусі падчас кіраваньня Лукашэнкі склаўся такі парадак, пры якім выконваюцца любыя загады, нават самыя злачынныя.

(Вольга Захаранка: ) "Што гэта за суд, які суд магчымы пры гэтым... Прабачце, каго ён прызначыў, таго і судзяць, што тут разважаць".

Далей Вольга Захаранка паведаміла, што вельмі была расчараваная вынікамі мінулых выбараў, не чакала, што беларусы, добра ведаючы пра прычыны зьнікненьняў вядомых людзей, ўсё ж абяруць на прэзыдэнта Лукашэнку. "Мы спадзяваліся хутка вярнуцца на радзіму, а цяпер трэба пераглядаць свае пляны," – сказала Вольга Захаранка, якая разам з дочкамі і ўнукам знаходзіцца ў Нямеччыне.

Там жа ў Нямеччыне знайшоў часовы прытулак былы начальнік менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў, аўтар вядомага рапарту на імя міністра ўнутраных справаў Навумава пра тое, што пэўныя асобы ў кіраўніцтве краіны, магчыма, спрычыніліся да зьнікненьняў апазыцыянэраў. Два тыдні таму Алег Алкаеў сказаў па тэлефоне, што разважае над адмысловым зваротам да беларускіх парлямэнтароў. Ён зьбіраўся заклікаць іх быць вернымі абяцаньням змагацца за законнасьць у краіне, якія яны давалі сваім выбаршчыкам. Але цяпер Алкаеў лічыць, што яшчэ раз заклікаць дэпутатаў да сумленных паводзінаў бессэнсоўна.

(Алкаеў : ) "Ды не, ня буду я рабіць ніякай заявы, навошта зноў заявы, гэта марная справа. Ужо больш за дзесяць разоў казалася пра тое, што ў нас адбываецца, а яны робяць выгляд, што нічога ня ведаюць. Вось хай грамадзяне па месцы жыхарства робяць запросы сваім дэпутатам, бо тыя павінны несьці адказнасць перад сваім выбаршчыкамі".

Нагадаю, два тыдні таму Алкаеў праз нашае Радыё прапанаваў Аляксандру Лукашэнку даць яму паўнамоцтвы для пошуку вінаватых ў выкраданьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. "За некалькі месяцаў знайду, хто скараў і чаму," – быў перакананы былы начальнік сьледчага ізалятару ў Менску. Але ў Беларусі на ягоную прапанову афіцыйныя асобы не адрэагавалі. "Ані званкоў, ані лістоў. Мяркуюць, што лепш праблему на заўважаць," – кажа Алкаеў. Між тым ён перакананы, што прыйдзе час і праўда пра гэтыя таямнічыя справы стане вядомая.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG