Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІКІ БЕЛАРУСКІХ ЎЛАДАЎ НА МЕНСКІ ФОРУМ ТАК І НЕ ПРЫЙШЛІ


Валер Каліноўскі, Менск

Сустаршыня Менскага форуму Леанід Заіка зазначыў, што запрошаныя прадстаўнікі МЗС і Лукашэнкавай адміністрацыі нават не патлумачылі арганізатарам прычыны сваёй адсутнасьці на гэтай прадстаўнічай канфэрэнцыі.

На думку спадара Заікі, справа тут ня толькі ва ўзроўні палітычнай культуры, а ў тым, што ўлада цяпер сама ня ведае адказаў на многія пытаньні, бо пасьля выбараў у краіне абвастрыліся ранейшыя праблемы, і ўлада баіцца дыскусіі на роўных.

Арганізатары зь нямецкага боку былі больш далікатныя, у прыватнасьці, спадар Райнэр Лінднэр заявіў, што яны будуць працягваць заклікаць беларускія ўлады да дыялёгу.

Міжнародны каардынатар "Хартыі-97"Андрэй Саньнікаў так пракамэнтаваў той факт, што ўлады праігнаравалі гэты прадстаўнічы форум:

(Саньнікаў: ) "Гэта выдатна паказвае сапраўднае імкненьне ўладаў да гэтага дыялёгу. Ніколі яны не жадалі дыялёгу. Усё, чаго хацеў Лукашэнка і чаго зараз ён дабіваецца, — гэта прызнаньне практыкі, прызнаньне палітычнай сыстэмы, якая створаная тут у Беларусі. Нават у мінулым годзе на такім форуме ўлады прысутнічалі, быў намесьнік міністра замежных справаў, выступаў і адказваў на пытаньні. А цяпер зусім праігнаравалі..."

Прадстаўнік Эўразьвязу ў Беларусі амбасадар Італіі Стэфана Бэнацца адзначаў і вітаў пэўныя пазытыўныя зьмены ў беларускай палітыцы — у прыватнасьці, адмену сумнавядомага дэкрэту №40 ці заявы аб лібэралізацыі эканомікі. Але заяваў недастаткова, патрэбныя дзеяньні, пры гэтым спадар Бэнацца зазначыў, што эканамічная лібэралізацыя ня можа замяніць выкананьня краінай агульнапрынятых стандартаў у галіне правоў чалавека.

(Бэнацца: ) "Эўразьвяз добра ведае сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Мы зрабілі шэраг дэмаршаў з нагоды многіх падзеяў у гэтай галіне. Мы, вядома, сочым за сытуацыяй з закрыцьцём газэтаў, за падзеямі ў Курапатах, за станам пэнітэнцыярных установаў. Я хачу запэўніць вас, што няма ніякіх зьменаў ва ўзроўні ўвагі, якую Эўразьвяз надае гэтым праблемам.."

Стэфана Бэнацца таксама пацьвердзіў адзінства Эўропы са Злучанымі Штатамі ў падыходах да сытуацыі ў Беларусі.

Амбасадар ЗША Майкл Козак зазначыў, што ў адносінах ЗША і Беларусі адносіны паміж урадамі ня могуць дамінаваць над адносінамі паміж грамадзянамі:

(Козак: ) "Наша палітыка такая ж, як і краінаў Эўропы-сяброў АБСЭ, і яна заключаецца ў спробах заахвоціць урад Беларусі рухацца ў кірунку стандартаў міжнароднай супольнасьці і АБСЭ. Калі гэта здарыцца, нашы дачыненьні палепшаюць".

Амбасадар Козак прызнаў, што пакуль у беларускага кіраўніцтва словы разыходзяцца зь дзеяньнямі — у прыватнасьці, стаўленьне беларускага ўраду да грамадзянскай супольнасьці, да апанэнтаў улады, што бралі ўдзел у мінулай выбарчай кампаніі.

Ня менш шчыры быў сёньня і кіраўнік КНГ АБСЭ Ганс-Георг Вік, які аб'явіў што пры канцы гэтага году ён пакіне Беларусь. Спадар Вік зазначыў журналістам, што нягледзячы на свой ад'езд у Бэрлін, ён будзе сачыць за сытуацыяй у Беларусі й браць удзел у працэсах дэмакратызацыі, як і рабіў раней.

(Вік: ) "Я вельмі аптымістычны наконт будучыні Беларусі як часткі агульнаэўрапейскай дэмакратычнай супольнасьці. Але гэта будзе ня самы лёгкі шлях, які трэба будзе пераадолець".

Спадар Вік перад ад'ездам пажадаў Аляксандру Лукашэнку:

(Вік: ) "Падтрымліваць дэмакратычнае разьвіцьцё ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ і Рады Эўропы".

Амбасадар Вік напярэдадні (на прыёме ад імя групы АБСЭ) быў вельмі крытычны да А.Лукашэнкі. Спадар Вік тады зазначыў, што ён асабіста ня ўпэўнены, ці быў А.Лукашэнка абраны прэзыдэнтам падчас апошняй выбарчай кампаніі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG