Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ МІСІЯ АБСЭ Ў ЭСТОНІІ ЗАЯВІЛА, ШТО ХУТКА СКАНЧАЕ ПРАЦУ Ў КРАІНЕ


Віталь Цыганкоў, Прага

Эстонскі парлямэнт (Рігікогу) у сераду прыняў папраўкі ў заканадаўства аб парлямэнцкіх і мясцовых выбарах. Раней кожны палітык, які вылучаўся на парлямэнцкім або мясцовым узроўні, павінен быў падпісаць сьведчаньне, што ён валодае эстонскай мовай. У выніку прынятых паправак, за якія прагаласавала 55 са 101 дэпутата эстонскага парлямэнту, гэтае палажэньне скасаванае. “Мы разглядаем гэта як вельмі пазытыўны знак, што парлямэнт вырашыў не дзяліць грамадзянаў на дзьве катэгорыі і мы верым, што гэта будзе мець пазытыўны ўплыў на працэс інтэграцыі Эстоніі ў эўраструктуры,” – адзначыла місія АБСЭ ў Таліне у адмысловай заяве.

Ці былі гэтыя папраўкі прынятыя пад ціскам Эўрапейскіх структураў альбо гэта быў сьвядомы крок эстонскіх палітыкаў? Такое пытаньне я задаю карэспандэнту Эстонскай службы нашага Радыё Марту Лінарту.

(Лінарт: ) “Калі казаць шчыра, я думаю, што быў пэўны ціск з боку эўрапейскіх структураў. Калі дакладней, то ў Эстоніі лічылі, што пакуль у краіне працуе мсісія АБСЭ, гэта нядобра ўплывае на пэрспэктывы нашага ўступленьня ў Эўрасаюз і НТАО. Калі ёсьць місія, значыць, у краіне ня ўсё ў парадку. І моўнае заканадаўства, гэта апошняя рэч, якую АБСЭ рэкамэндавала мяняць”.

(Цыганкоў: ) “Пасьля прыняцьця паправак прайшло ўжо некалькі дзён. Якая рэакцыя на новы закон эстонскага грамадзтва?”

(Лінарт: ) “Рэакцыя сапраўды была розная. Сярод найбольш кансэрватыўных сябраў кіруючай правай партыі было шмат незадаволеных. Напрыклад, адзін са старэйшых сябраў партыі выйшаў зь яе, заявіўшы, што ня можа прыняць такое рашэньне. Адначасова з гэтым у парлямэнце быў распрацаваны новы законапраект, што ўсе публічныя прамовы ў парлямэнце і мясцовых ворганах улады павінны гучаць на эстонскай мове”.

Варта дадаць, што Эстонія (відавочна, таксама пад ціскам місіі АБСЭ) прыняла пэўныя паслабленьні ў закон аб грамадзянстве, які паляпшае магчымасьці некарэннага насельніцтва атрымаць грамадзянства краіны. Тым ня менш, дасюль каля паловы гэтак званых “расейскамоўных” жыхароў Эстоніі не зьяўляюцца грамадзянамі краіны. Дарэчы, сёньня 23 лістапада, Эстонія была названа сярод тых 10 краінаў, якія стаяць у першай чарзе на пашырэньне Эўразьвязу. Прыняцьцё новых сябраў у Эўразьвяз можа адбыцца ўжо ў 2004 годзе.

Місіі АБСЭ дасюль працуюць у Латвіі, Украіне, Грузіі, і, зразумела, у Беларусі. Наяўнасьць місіі – відавочны знак недасьпеласьці краіны да дэмакратыі. Колькі гадоў місія АБСЭ будзе заставацца ў Беларусі – пытаньне рытарычнае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG