Рух на памежным пераходзе Кузьніца Беластоцкая быў спынены 21 лістапада апоўначы. Пераход ня будзе працаваць да 1 сьнежня налета і за гэты час будзе амаль цалкам перабудаваны адпаведна эўрапейскім стандартам. Як паведамляе РАР, напярэдадні камандуючы беларускімі памежнымі войскамі генэрал Паўлоўскі заявіў, што закрыцьцё пераходу ў Кузьніцы – гэта дыскрымінацыя Беларусі, а таксама Расеі, бо расейскія грамадзяне езьдзяць у Калінінград выключна праз гэты памежны пераход. Аднак ужо на наступны дзень прадстаўнік прэсавай службы МЗС Беларусі паведаміў, што закрыцьцё пераходу – гэта праблема не палітычная, а тэхнічная і будзе вырашацца ў рабочым парадку праз амбасады абезьвюх краінаў.
Тым часам, паводле польскіх памежнікаў, на суседніх пераходах Баброўнікі і Палоўцы чэргі з польскага боку не павялічыліся. Учора апоўдні, каб праехаць у Беларусь праз Баброўнікі, кіроўцы чакалі ня больш за 5 гадзінаў.
Ці павялічыліся чэргі сёньня? Гаворыць прэсавы саветнік Падляскага аддзелу Памежнай службы Польшчы Ганна Валошын-Врона:
(Валошын-Врона: ) “Сёньня ў Баброўніках на выезд з Польшчы грузавым аўтамабілям трэба было чакаць дзьве гадзіны, легкавікам – 4 гадзіны. Гэта зусім ня шмат. Цяжка сказаць, ці павялічацца чэргі ў бліжэйшы час, аднак паводле нашай інфармацыі, пасьля закрыцьця Кузьніцы Беластоцкай вялікая колькасьць падарожнікаў скіравалася не на суседнія пераходы, а далей, напрыклад, у Тэрэспаль”.
Такім чынам, нягледзячы на заявы мытнікаў абедзьвюх краінаў пра павелічэньне прапускной здольнасьці пераходу ў Баброўніках да 600 грузавікоў у суткі, на памежных пераходах каля Берасьця, у прыватнасьці, у Тэрэспалі, чэргі стануць яшчэ даўжэйшыя.