Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ СУСЬВЕТНАЙ ЛІТАРАТУРЫ


Сяргей Шупа, Вільня

* ЛЁНДАН. Найвышэйшы суд Вялікабрытаніі пастанавіў, што выдавецтва Picador парушыла аўтарскія правы, выдаўшы ў 1997 годзе выпраўленую вэрсію раману «Уліс» Джэймса Джойса. У выпраўленым тэксьце ёсьць словы, якія адсутнічалі ў тэксьце прыжыцьцёвых выданьняў раману. Суд загадаў перадаць усе нераспрададзеныя асобнікі кнігі распараджальнікам Джойсавай маёмасьцю. Пры гэтым суд адхіліў абвінавачаньні ў тым, што выдаўцы пад выглядам славутага раману фактычна спрабавалі прадаваць зусім іншую кнігу.

* НЬЮ-ЁРК. Рукапісы Мёртвага Мора, знойдзеныя ў канцы 40-х гадоў ХХ стагодзьдзя, былі выдадзеныя ў 37 тамах пасьля дзесяцігодзьдзяў спрэчак і скандалаў. Гэтыя дакумэнты, створаныя паміж ІІ стагодзьдзем да нараджэньня Хрыстова і І стагодзьдзем нашай эры, зьмяшчаюць біблійныя тэксты і юдэйскія апокрыфы. Рукапісы, называныя таксама Кумранскімі, адкрылі новыя гарызонты ў ведах пра Біблію і жыцьцё Хрыста. Выданьне ажыцьцявіла выдавецтва Оксфардзкага Ўнівэрсытэту.

* ЛЁНДАН. Апошні раман Дугласа Адамса з сэрыі «Даведнік падарожніка аўтаспынам па галяктыцы» будзе выдадзены ў наступным годзе. Шостая частка сэрыі - «Ласось сумневу» - засталася недапісаная, калі летась 49-гадовы Адамс памёр ад інфаркту. Тэкст незакончанага раману знайшлі ў кампутарных файлах аўтара ягоная ўдава і асабістая сакратарка. Раман выйдзе ў траўні, у гадавіну сьмерці аўтара.

* ДЖАЛЯЛЯБАД. У Джалялябадзе на частаце афіцыйнай радыёстанцыі талібаў «Радыё Шарыяту» пачала працу станцыя «Радыё Нангархар». Празь перадатчык магутнасьцю 1 кіляват, які раней трансьляваў толькі чытаньні з Карану, у мінулую нядзелю ўпершыню за пяць гадоў гучалі вершы. Свае новыя творы чыталі вядомыя афганскія паэты, якія вярнуліся з эміграцыі на тэрыторыю Афганістану. вызваленую ад талібаў.

* ЛЁНДАН. Апошнімі тыднямі ў брытанскіх сьпісах найпапулярнейшых кніг застаецца па-за канкурэнцыяй сэрыя раманаў пра Гары Потэра. Усе чатыры раманы Джоан Роўлінг займаюць месцы ў першай пяцёрцы, а на першае месца на гэтым тыдні выйшла спэцыяльнае сьвяточнае выданьне першай кнігі - «Гары Потэр і філязофскі камень», звычайнае выданьне якой займае другое месца. Гэтаму посьпеху паспрыяў выхад на экраны аднайменнага фільму і набліжэньне калядных сьвятаў. Тым часам Джоан Роўлінг абяцае, што ўжо ў ліпені наступнага году пабачыць сьвет пятая кніга сэрыі — «Гары Потэр і Ордэн Фэнікса».

* ВАШЫНГТОН. Літоўскі амбасадар у Злучаных Штатах Вігаўдас Ушацкас запрасіў наведаць Вільню пісьменьніка Джонатана Фрэнзэна, які ў сваёй новай кнізе падае Літву ў карыкатурным выглядзе. У рамане «Папраўкі», за які пісьменьнік на мінулым тыдні атрымаў Нацыянальную кніжную прэмію, Літва апісваецца як краіна, дзе не стае ежы і электрычнасьці і дзе пануюць злачынныя групоўкі і дзе людзі ад голаду ядуць коней. Прадстаўнікі выдавецтва цьвердзяць, што Літва была абраная аўтарам выпадкова і што апісваныя ў рамане падзеі – твор аўтаравай фантазіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG