Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛАСНЫ СУД У БЕРАСЬЦІ АПРАЎДАЎ ДЫЯКАНА КАЛЕСЬНІКАВА, АСУДЖАНАГА РАНЕЙ ЗА ЗАБОЙСТВА СЬВЯТАРА


Алег Супрунюк, Берасьце

Сёньняшняе рашэньне судзьдзi Берасьцейскага абласнога суду Ўладзiмера Вайцяхоўскага шмат хто лiчыць сэнсацыйным. Нават у вопытных мясцовых юрыстаў было мала спадзяваньняў на тое, што вырак суду будзе апраўдальным.

Варта нагадаць, што настаяцель берасьцейскай праваслаўнай Сьвята-Мiкалаеўскай царквы а. Мiхаiл Сацюк быў забiты тры гады таму. Гэтае злачынства тады ўскалыхнула ўвесь горад. Кiраўнiцтвам Беларускага эгзархату Рускай Праваслаўнай Царквы а.Мiхаiл быў названы пацярпелым за веру, а сам ён пахаваны на тэрыторыi берасьцейскага храму. Праваахоўчыя ворганы адразу абвесьцiлi, што знайсьцi злачынцу ёсьць справай гонару. Неўзабаве быў затрыманы i абвiнавачаны ў забойстве Генадзь Калесьнiкаў, якi ў свой час працаваў дыяканам у Сьвята-Мiкалаеўскай царкве. Сьледчыя абласной пракуратуры сьцьвярджалi, што на допытах сп. Калесьнiкаў прызнаў сябе вiнаватым. Але падчас першага судовага разгляду гэтай справы абвiнавачаны нечакана адмовiўся ад ранейшых словаў i казаў пра тое, што ня мае дачыненьня да забойства а.Мiхаiла. Тым ня менш, год таму Генадзю Калесьнiкаву быў вынесены вырак – 20 гадоў зьняволеньня.

Падсудны i ягоныя абаронцы абскардзiлi гэтае рашэньне i пасьля ўмяшальнiцтва Вярхоўнага суду Беларусi вырак быў адменены, а справа перададзена на новы разгляд.

Новыя судовыя слуханьнi, як i ў першым выпадку, адбывалiся за зачыненымi дзьвярыма. На гэтым настойвалi абодва бакi, а таксама, па неафiцыйных зьвестках, кiраўнiцтва беларускага эгзархату. З матэрыялаў сьледзтва i са словаў самога Генадзя Калесьнiкава вынiкала, што а. Мiхаiл настойлiва спрабаваў схiлiць дыякана да гомасэксуальных кантактаў. Спадар Калесьнiкаў адмаўляўся ад гэтых прапановаў, у вынiку чаго, па меркаваньню дыякана, яго перавялi ў iншы, менш прыбытковы царкоўны прыход. Менавiта разгалошваньне ў адкрытым працэсе падобных зьвестак было непажаданым (у першую чаргу для гiерархаў Праваслаўнай царквы).

Абвiнавачаньне запрасiў для падсуднага 22 гады пазбаўлення волi. У той жа час адвакат настойваў на тым, каб Калесьнiкаў быў цалкам апраўданы. Пасьля апошняга слова падсуднага судзьдзя Вайцяхоўскi зрабiў перапынак амаль на месяц i ўрэшце сёньня абвесьцiў – Генадзь Калесьнiкаў мусiць быць адпушчаны на волю, паколькi ягоная вiна не даказаная.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG