Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМОН НЕ ДАЕ АБАРОНЦАМ КУРАПАТАЎ ПРАТЭСТАВАЦЬ СУПРАЦЬ ПАШЫРЭНЬНЯ ФРОНТУ РАБОТ БУДАЎНІКАМІ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня раніцай ля ўрочышча Курапаты ўжо стаялі машына й аўтобус з амонаўцамі, усяго каля 40 чалавек. Нагадаю, што ўчора валанцёры змусілі перыпыніць высяканьне лесу ля мікрараёну "Зялёны Луг". Верагодна, што сёньняшнім сваім зьяўленьнем АМОН меў намер засьцерагчы валанцёраў ад далейшага супраціву.

Высякаюць лес дзеля таго, каб мець магчымасьць пракласьці ўздоўж дарогі з боку мікрараёну вадавод ды іншыя камунікацыі.

Сёньня за два кілямэтры ад урочышча адбывалася нарада будаўнікоў. На ёй мне давялося паразмаўляць з галоўным інжынэрам праекту на участку ля Курапатаў Валерам Шакалавым, які прадстаўляе "Мінскінжпраект".

(Шакалаў: ) "Для таго, каб разьвязаць "вузел" праз Курапаты, трэба перакласьці магістральны вадавод, тэлефонную каналізацыю й высокавольтны кабель. Для гэтага будзе неабходная зона каля 7 мэтраў уздоўж кальцавой дарогі, якая цяпер падрыхтаваная. За гэтым абяцалі назіраць навукоўцы зь Інстытута гісторыі, каб не было ніякіх нечаканасьцяў. Але ж фармальнае заключэньне ёсьць, што ў гэтым месцы няма пахаваньняў".

Паводле Валера Шакалава, калі пры пашырэньні дарогі не перакладваць вадавод ды іншыя камунікацыі, то гэта можа быць небясьпечна.

(Шакалаў: ) "Эксплуатаваць яго пад праезнай часткай немагчыма. Калі нешта здарыцца, то будзе вялікая аварыя на дарозе. Таму яго трэба выносіць, ён ня можа заставацца пад дарогай. І калі прынятае рашэньне, што дарога пашыраецца па старому сьледу, значыць трэба перакладваць усе камунікацыі ў гэтым самым калідоры".

Сёньня на нараду будаўнікоў спрабавалі трапіць і валанцёры. Гаворыць лідэр Беларускай партыі Свабоды Сяржук Высоцкі.

(Высоцкі: ) "Прынамсі, гэтая інфармацыя павінна была зьявіцца раней. Навукоўцы, якія, аказваецца, ведалі ўсё, і давалі дазвол на гэтае чарговае мэтравынішчэньне, павінны былі б пра гэтае паведаміць нам. Інжынэры й будаўнікі, зь якімі мы размаўлялі, апускаюць вочы долу, мы нічым не вінаватыя, мы — пешкі, не мы прымалі гэтае рашэньне. Мы самі тут працуем, і нам па начах, як яны кажуць, ня сьпіцца".

Сёньня ў першай палове дня лес ня секлі. Тымчасам, абаронцы Курапатаў працягвалі майстраваць крыжы. Я засьпела за працай Уладзімера Юхо, які сёньня зрабіў 3 крыжы. Спадара Уладзімера хвалюе, што трапіць ў Курапаты становіцца з кожным днём ўсё складаней.

(Юхо: ) "З абодвух бакоў так засыпалі, што, калі не апранаць адмысловы абутак, то цяжка сюды дабрацца. І другое, калі людзі з прыпынку сыходзяць і адразу бачаць машыну АМОНу, безумоўна, некаторыя пужаюцца. Я сам бачыў, як некаторыя паварочвалі й ехалі дадому".

Валанцёры зьбіраюцца стаяць да канца ў змаганьні за Курапаты. Паводле Сяржука Высоцкага, калі ўзьнікне пагроза зьнішчэньня самога мэмарыялу, сябры ягонай партыі маюць распачаць галадоўку.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG