Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАСТАЦКАЯ СУПОЛКА “ПАГОНЯ”, БНФ І ТБМ НАЛАДЗІЛІ СУМЕСНУЮ ВЫСТАВУ-ПРОДАЖ


Юрась Барысевіч, Менск

Выйшаў у сьвет юбілейны — 500-ы — нумар газэты “Культура”, заснаванай дакладна 10 гадоў таму. У першыя гады свайго існаваньня і незалежнасьці самой Беларусі газэта была значным інтэлектуальным асяродкам: з рубрыкі “ЗНО” нарадзілася сучасная беларуская філязофія, у рэдакцыі месьціўся штаб авангарднага руху Бум-Бам-Літ, друкаваліся тэксты з архіву Радыё Свабода, у тым ліку радыёп’еса Аляксандра Лукашука “Вяртаньне нацыяналіста”. Цяпер газэта “Культура” сталася афіцыёзным органам Міністэрства культуры, ледзь не штонумар друкуе партрэты Лукашэнкі, але ўсё адно ня мае сродкаў, каб адзначыць юбілей. Некаторыя супрацоўнікі не атрымлівалі заробку ўжо больш за два месяцы.

Пры Беларускім калегіюме пачала дзеіць Лябараторыя сучаснага мастацтва. Яе кіраўнік, мастак Артур Клінаў, распавёў першакурсьнікам пра мэты й структуру навучаньня. Лекцыі і майстар-клясы беларускіх і замежных авангардыстаў маюць на мэце стварыць кола адукаваных крытыкаў і мэнэджэраў сучаснага мастацтва. Дзяржаўныя навучальныя ўстановы такіх знаўцаў пакуль не рыхтуюць. Першая лекцыя адбудзецца 27 лістапада. Тэма — “Псыхалёгія творчасьці”.

У Нацыянальным музэі гісторыі й культуры адчынілася выстава дарожных аксэсуараў ХІХ-ХХ стагодзьдзяў. Бальшыня выстаўленых рэчаў зробленыя за межамі Беларусі, што сьведчыць пра ня надта вялікую любоў беларусаў да далёкіх вандровак (гэтым тлумачыцца й вядомы этнонім “тутэйшыя”). Сярод найбольш цікавых экспанатаў — менскі зімовы вазок-“таксоўка”, куфэрак для перавозкі кілішкаў і бутлі з гарэлкаю, сыгнальны ражок чыгуначніка.

Пабачылі сьвет асобнай кнігаю матэрыялы дзьвюх навуковых канфэрэнцыяў, якія ў 2000 годзе ладзілі Навукова-асьветны цэнтр імя Скарыны й Варшаўскі ўнівэрсытэт. Тэмаю канфэрэнцыяў “Шлях да ўзаемнасьці” й “На шляху да праўды” былі праблемы нацыянальнае ідэнтычнасьці й беларуска-польскага дыялёгу на мяжы тысячагодзьдзяў. Дапамог выдаць кнігу Польскі інстытут у Менску.

Мастацкая суполка “Пагоня”, Беларускі Народны Фронт і Таварыства беларускае мовы наладзілі ў галерэі “Золата” дабрачынную выставу-продаж пад назовам “Усё часовае, мастацтва вечнае”. Можна набыць творы Алеся Марачкіна, Алеся Пушкіна ці іншых вядомых аўтараў. Сродкі ад продажу карцінаў пойдуць на пабудову мэмарыялу ў Курапатах.

Інстытут Гётэ наладзіў у Нацыянальнай бібліятэцы выставу, прысьвечаную нямецкай мове й культуры. У трох адмыслова збудаваных павільёнах можна паглядзець відэакліпы, карыкатуры, гульні са словамі, калекцыю ўсьмешак знакамітых немцаў. Адзін з плякатаў сьцьвярджае, што продкі сучасных людзей — нэандэртальцы — былі немцамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG