Судзьдзя Руслан Казадаеў спыніў справу супраць студэнткі Эўрапейскага Гуманітарнага Ўнівэрсытэту Ірыны Кашталік. Падставай для такога рашэньня сталі хлусьлівыя паказаньні супрацоўнікаў міліцыі Савецкага раёна Івана Дулупа й Міколы Клевады. У судзе высьветлілася, што насамрэч гэтыя міліцыянты не затрымлівалі Ірыну Кашталік, а толькі пісалі пратаколы паводле загаду кіраўніцтва.
Мікола Клевада наагул не пазнаў Ірыну сярод прысутных у судовай залі. А Іван Дулуп пасьля некалькіх пытаньняў судзьдзі пачаў блытацца ў сьведчаньнях, грубіць адвакату і спрачацца з судзьдзёй. Адвакат у сувязі з гэтым папрасіў суддзю напісаць на Івана Дулупа і Міколу Кляваду адпаведнае прадстаўленьне ў гарадзскую міліцыю. Гаворыць Ірына Кашталік:
(Кашталік: ) "Што я магу казаць пра дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, калі яны цалкам фальсыфікуюць справу, калі я зь імі знаёмлюся толькі ў пастарунку, і іх нават лепей памятаю чымся яны мяне. А яны сьцвярджаюць, што яны быццам мяне затрымлівалі, быццам я супраціўлялася. І нават дзеля таго, каб намаляваць больш яскравую карціну яны кідалася на падлогу. А тое як ён сябе паводзіў у судзе сьведчыць пра ягоны культурны ўзровень. Трэба было бы ўвесьці артыкул за нецэнзурныя выказваньні з боку міліцыянтаў".
Алесь Цялегін за абарону Курапатаў аштрафаны на 10 мінімальных заробкаў. Выказваньне міліцыянтаў пра тое, што Алесь падчас затрыманьня супраціўляўся ім, выклікала рогат сярод прысутных. Справа ў тым, што Алесь Цялегін, вядомы таксама, як Алесь Гетман, зьяўляецца віцэ-прэзыдэнтам Беларускай фэдэрацыі ў кантактным каратэ. Ён пракамэнтаваў судовы прысуд Радыё Свабода:
(Гетман: ) "Я лічу, што гэта несправядлівы прысуд. Судзьдзя сам нічога не вырашае, а рашэньне ідзе "зьверху". Насамрэч тут адбываецца не суд, а судзілішча люду. Я віцэ-прэзыдэнт Беларускай фэдэрацыі кантактнага каратэ. Калі б я насамрэч аказваў супраціў работнікам міліцыі, калі б я сапраўды аказваў супраціў міліцыянтам, то гэта ўжо была б не адміністрацыйная, а крымінальная справа; яны былі бы пакалечаныя на самой справе".
Юрася Фабішэўскага, сябра моладзевага руху "Зубр", судзьдзя Аксана Рэлява аштрафавала на шэсьць мінімальных заробкаў. Валер Буйвал аштрафаваны на трыццаць мінімальных заробкаў.
У адміністрацыйных справах Андрэя Ягорава, Яўгена Афнагеля, Яраслава Сьцешыка, Рамана Казакевіча, Мікіты Сасіма, Уладзіслава Валадзько, Веранікі Купчанкі, Міколы Ткачэнкі і Генадзя Дранковіча прысуды вынясуць на наступным тыдні.
Суды над затрыманымі абаронцамі Курапатаў зацягнуліся па віне супрацоўнікаў міліцыі, якія ігнаруюць позвы ў суд.