Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ СПЫНЕНЫ МЕНСКІ ПАРЦАЛЯНАВЫ ЗАВОД. РАБОТНІКІ ПРАВЯЛІ СТЫХІЙНЫ СТРАЙК


Ігар Карней, Менск

Упершыню за ўвесь пасьляваенны час перад тьсячным калектывам завода паўстала рэальная пагроза банкруцтва. Да апошняга часу дзяржава кампэнсавала страты прадпрыемства. Але нават самі рабочыя канстатуюць: прадукцыя прадпрыемства нікому зараз не патрэбная — ні ў краіне, ні тым больш па-за яе межамі. Цягам дзесяцігодзьдзяў не аднаўляюцца вытворчыя магутнасьці, развальваюцца печы абпальваньня, якасьць асартымэнту не вытрымлівае ніякай крытыкі. Але прычыну гэтага яны бачаць вось у чым.

(Супрацоўніца цэху жывапісу: ) "З-за пагрозаў дырэктара, бо ён казаў "калі ты не акцыянэр, то першы пойдзеш падскарачэньне", мы сталі акцыянэрным таварыствам. З таго часу пачалося раскраданьне гэтага заводу. Ды ніхто ніколі не раіцца з намі, яны хочуць усё вырашаць за нас, а потым ставяць перад фактам — як сёньня. Нас ніхто не папярэдзіў, ніхто ані слова не сказаў, што адключаць газ. А мы як натуральнае быдла стаім у касу, каб дачакацца гэтых 70 тысячаў, і быць выкінутымі за тэрыторыю завода. Ніякіх распрацовак лябараторыя не дае, — чаму і не рэалізуецца прадукцыя, ня мае ніякага збыту, попыту, прадукцыя ўся старая. На гэта ніхто ўжо глядзець ня можа. Было б вельмі добра, каб нас пачуў таварыш Лукашэнка. Мы не жадаем быць акцыянэрным таварыствам. Раскралі ўсё. Невядома, куды пайшлі прафсаюзныя грошы. І ніхто ня мае ніякага намеру патлумачыць нам, што адбываецца насамрэч!"

Сёньня ў якасьці ахвярнага казла рабочым быў кінуты загадчык аддзелу эканомікі — чалавек, які пры ўсім жаданьні ня можа адказваць за палітыку ўсяго кіраўніцтва. Кіраўнік прадпрыемства Васіль Пірагоўскі зьявіўся ў актавай зале літаральна на некалькі хвілінаў і сказаў, што размаўляць з падначаленымі яму няма пра што. Але, паводле прафсаюзных актывістаў, дырэктару ёсьць што хаваць ад сваіх супрацоўнікаў, а таму, маўляў, й такая рэакцыя.
(Прадстаўнікі прафкаму: ) "Дырэктар ўсё падаў у вельмі неакрэсьленым выглядзе, а нам патрэбна канкрэтыка. Таксама адмовіліся прыйсьці сюды спэцыялісты: галоўны бугальтар, камэрцыйны дырэктар. Галоўны эканаміст, як бачыце, ня можа адказваць па фінансах. А мы хочам знайсьці выйсьце. Ня тое, каб гарантавалі, што ўжо заўтра мы будзем усе працаваць, але мы павінны нешта зрабіць, каб зьмяніць сытуацыю. Няхай не адразу, але ад гэтага залежыць ўсё наша далейшае жыцьцё".

Скончыўся стыхійны мітынг ня толькі завочным высьвятленьнем адносінаў з кіраўніцтвам заводу, але і прыняцьцём пэўных рашэньняў. Пасьля шумных спрэчак прынялі пастанову — правесьці на наступным тыдні агульны сход акцыянэраў, дзе паставіць на разгляд шэраг пытаньняў. Найперш, рэвізія фінансавай дзейнасьці заводзкай адміністрацыі. Па-другое, заслухаць камэрцыйнага дырэктара ў справе збыту прадукцыі. Нарэшце, выслухаць са справаздачай дырэктара, у прыватнасьці, ягоныя прапановы пра выйсьце з крызысу. Праблема зараз у адным: якім чынам назьбіраць патрэбныя 10% ад 14 тысячаў юрыдычных і фізычных акцыянэраў, якія ніводнага разу не атрымлівалі ад сваіх інвэстыцыяў дывідэнды, а таму згубілі ўсялякую цікаўнасьць да заводу.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG