Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЛІЗАБЭТ ШРОДТАР: БЕЛАРУСЬ НЯ МОЖА СПАДЗЯВАЦЦА НА ІНВЭСТЫЦЫІ, ПАКУЛЬ У КРАІНЕ НЕ ДАТРЫМЛІВАЮЦЦА СВАБОДА ПРЭСЫ І ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА


Алена Панкратава, Бэрлін-Прага

Зь ёй падчас круглага стала “Беларусь пасьля выбараў” у Бэрліне, гутарыла Алена Панкратава.

Як сябра зьнешнепалітычнай Палаты Эўрапарлямэнту, Элізабэт Шродтар адказвае за пытаньні, якія тычаць краінаў-кандыдатаў у Эўразьвяз, а таксама за наладжваньне адносінаў з тымі краінамі, якія маюць агульную мяжу з Эўразьвязам. Гаворачы пра Беларусь, Элізабэт Шродтар лічыць, што на сёньняшні момант у Эўропе няма выразнай пазыцыі ў дачыненьні да новага шляху гэтай краіны.

(Шродтар: ) “Я думаю, праблема ў наступным: канечне ёсьць намер выпрацаваць нейкую новую стратэгію адносна Беларусі, таксама ёсьць рэальнасць, што Лукашэнка будзе ў бліжэйшыя пяць год кіраваць Беларусьсю і акрамя ўсяго ёсьць поўнае разуменьне таго, што Беларусь знаходзіцца ў Эўропе. Зразумела, Эўропа, у сваю чаргу, павінна быць зацікаўленая ў гэтым рэгіёне”.

Паводле Элізабэт Шродтар і шэрагу іншых эўрапейскіх палітыкаў, з боку афіцыйнага Менску паступаюць сыгналы, што краіна зацікаўленая ў двухбаковых эканамічных стасунках з Захадам. Эўропа не выключае супрацоўніцтва на міжурадавым ўзроўні ў пытаньнях агульнаэўрапейскага значэньня – гэта ахова навакольнага асяродзьдзя, інфармацыйнае разьвіцьцё, сучасныя тэхналёгіі, а таксама сумесныя праграмы ў барацьбе з тэрарызмам. Аднак, паводле эўрапейскіх палітыкаў, такое супрацоўніцтва можа адбывацца пры ўмове адкрытасьці беларускага грамадзтва.

Як лічыць Элізабэт Шродтар, нават на этапе першапачатковага міжурадавага абмену інфармацыяй у справе супрацоўніцтва Беларусі і Заходняй Эўропы, грамадзкасьць павінна мець дакладную інфармацыю, што супрацоўніцтва скіраванае на агульную карысьць Беларусі, на карысьць яе дэмакратычных працэсаў.

(Шродтар: ) “Немагчыма спадзявацца на нейкія інвэстыцыі, калі ў краіне няма стабільнасьці, немагчыма спадзявацца на нейкія інвэстыцыі, калі ў краіне няма празрыстасьці наконт таго, як будуць выкарыстоўвацца гэтыя грошы. Таму пытаньне правоў чалавека ў Беларусі, як і пытаньне незалежнасьці прэсы адыгрывае зараз галоўную ролю для эўрапейскіх палітыкаў. Пакуль прэса мае такую моцную цэнзуру, пакуль няма свабоды і адкрытасьці меркаваньняў, ня будзе магчымасьці сачыць за тым, як выкарыстоўваюцца гэтыя сродкі, і няма магчымасьці выказаць пратэст, калі штосьці ня будзе задавальняць”.

Паводле Элізабэт Шродтар, гэтаму пытаньню эўрапейскія дэпутаты зьбіраюцца надаць найвялікшую ўвагу ў самы бліжэйшы час.

(Шродтар: ) “Мы будзем шчыльна назіраць за тым, ці адбываецца зараз дэмакратычнае разьвіцьцё ў Беларусі, ці ёсьць нейкая цэнзура альбо нейкі перасьлед у пытаньнях незалежнай прэсы. Падкрэсьліваю гэта заўсёды: без фундамэнтальных правоў чалавека, няма надзеяў на эканамічнае разьвіцьцё. Гэта ілюзія”.

Паводле дэпутаткі Эўрапарлямэнту, незалежная прэса павінна прысутнічаць на ўсіх будучых афіцыйных перамовах, якія будуць праходзіць паміж Захадам і афіцыйным Менскам. Грамадзкасьць павінна ведаць, якія працэссы адбываюцца ў краіне, якую дакладную пазыцыю займаюць беларускія чыноўнікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG