Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КУПАЛАЎСКІМ ТЭАТРЫ ЗАБАРАНІЛІ “ТУТЭЙШЫХ”


Вольга Рымашэўская, Менск

Упершыню пасьля прэзыдэнцкіх выбараў спэктакль павінны былі паказаць 14 лістапада. Аднак у апошні момант адміністрацыя тэатру прыняла рашэньне адмяніць спэктакль быццам бы з тэхнічных прычынаў. Вось меркаваньне Віктара Манаева, нязьменнага выканаўцы ролі Мікіты Зносака:

(Манаеў: ) "Яны ведаюць, што падставаў зьнешніх – я маю на ўвазе тэатральных не было, бо артысты, дзякуй Богу, былі жывыя і здаровыя на гэты момант. Дэкарацыя была прывезеная, але раптам быў загад прыпыніць мантаж спэктаклю. Мне патэлефанавалі за пяць хвілінаў да спэктаклю і сказалі: "У тэатр вы можаце не прыходзіць. На жаль, мы ўсе ведаем чаму, але "Тутэйшых" ня будзе". Зьдзіўленьня не было, папроста было жахліва ўвачавідкі ўсё гэта убачыць: Купала не пажаданы ў тэатры імя Янкі Купалы".

У адміністрацыі тэатра ад камэнтароў адмаўляюцца, спасылаючыся на тое, што мець справу з журналістам небясьпечна. Чыноўнікі Міністэрства культуры кажуць, што ім, быццам бы, нічога не вядома пра падзеі ў Купалаўскім тэатры. На пытаньне карэспандэнта, чаму скасавалі "Тутэйшых", загадчык аддзела тэатраў міністэрства Вадзім Дапкюнас адказаў:

(Дапкюнас: ) "Ніхто не здымаў спэктакль. Я толькі прыехаў з камандзіроўкі, таму нават нічога не ведаю. Павінен проста дазнацца... Нічога ня ведаю".

Гэта ўжо ня першы выпадак, калі на сцэне Купалаўскага тэатра забараняюць "Тутэйшых". У часы перабудовы спэктакль паводле п'есы Янкі Купалы паставіў у Магілёве Валер Масьлюк. Аднак, калі спэктакль паказалі ў Менску, "Тутэйшых" адразу зьнялі з рэпэртуару. Чыноўнікам ад ідэалёгіі сацыялістычнай Беларусі, быццам бы, не спадабалася тое, што ў фінальнай сцэне спэктакля зьявіўся дзяржаўны сьцяг БССР. Яго і гімн камуністычнай Беларусі стоячы вітала заля. Гэтага было дастаткова, каб палічыць спэктакль нацыяналістычным.

Сваіх "Тутэйшых" купалаўцы ўвасобілі ў 1990 годзе. Паставіў п'есу вядомы рэжысэр Мікалай Пінігін. У "Тутэйшых" занятыя найлепшыя акторы Купалаўскага тэатра — Віктар Манаеў, Марыя Захарэвіч, Аляксандар Лабуш і іншыя. У 1992 спэктакль атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.

Тутэйшыя станавіліся сцэнічнай клясыкай, візытоўкай Купалаўскага тэатру разам з "Паўлінкай". Спэктакль ішоў на сцэне тэатру апошнія 10 гадоў. Летась ужо была спроба спыніць паказ спэктаклю, але празь некалькі месяцаў акторы дамагліся яго вяртаньня на сцэну.

Усе гэтыя гады ў фінале на тэатральнай сцэне лунаў бел-чырвона-белы сьцяг.
Праўда, апошні раз гледачы бачылі "Тутэйшых" толькі ў лютым. У тэатральных кулюарах кажуць, што спэктакль напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў рэкамендавалі не паказваць улады.

У рэпертуары Купалаўскага тэатра на сьнежань спектакля "Тутэйшыя" няма.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG