Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТВОРАНЫ ГРАМАДЗКІ КАМІТЭТ У АБАРОНУ КАЛЬВАРЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Намаганьнямі Хрысьціянскага таварыства міласэрнасьці й ягонага старшыні, пробашча менскага Чырвонага касьцёла ксяндза Уладыслава Завальнюка сёньня быў арганізаваны круглы стол пад назваю "Кальварыйскія могілкі — сьвятыня й памяць".

Галоўная праблема, што паўстала апошнім часам вакол менскай Кальварыі — гэта разбурэньне старых пахаваньняў у цэнтры могілак і зьяўленьне на гэтых месцах новых магілаў.

(Завальнюк: ) " На сёньняшні дзень, калі мы бачым як зьневажаюцца гэтыя сьвятыя месцы, могілкі, пахаваньні нашых продкаў, гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што ня бачыць нам Божага блаславеньня ў будучыні. Калі мы сапраўды хочам, каб Божае блаславеньне й жыцьцё нам спрыяла, мы мусім вяртацца да хрысьціянскіх першавытокаў, культуры, традыцыяў, духоўнасьці. Бяз гэтага мы ня зможам падрыхтаваць добрую будучыню для нашых дзяцей і нашчадкаў".

Нягледзячы на тое, што ў 1990 годзе Кальварыя была ўзятая пад ахову дзяржавы, і любыя пахаваньні на гэтых могілках з другой паловы 60-х гадоў былі забароненыя, менскі гарвыканкам, у 1997 годзе, дазволіў рабіць там пахаваньні на месцы гэтак званых "закінутых магілаў". У выніку былі зьнішчаныя магілы многіх славутых менчукоў: княгіні Юзэфы Патоцкай, сямейныя склепы іншых беларускіх шляхецкіх родаў, а таксама пахаваньні аўстрыйскіх ды нямецкіх ваеннапалонных часоў першай усясьветнай вайны.

На гэтых месцах цяпер хаваюць нябожчыкаў, сваякі якіх заплацілі па 500-600 даляраў за месца на могілках. Пры гэтым існуе й экалягічная небясьпека ў раскопваньні старых пахаваньняў, бо на Кальварыі шмат магілаў памерлых ад сухотаў, халеры ды іншых небясьпечных хваробаў.

Хрысьціянскае таварыства міласэрнасьці, што апякуецца Кальварыяй, дзе першыя пахаваньні зьявіліся яшчэ ў сярэдзіне 18-га стагодьдьдзя, зьвярнулася ў Дзяржаўны камітэт аховы помнікаў, каб тыя паўплывалі на чыноўнікаў, якія фактычна дазволілі зьнішчэньне помніка гісторыі. Камітэт прыняў пастанову прыпыніць пахаваньні на Кальварыі, аднак чыноўнікі з управы камунальнага абслугоўваньня Менгарвыканкаму гэтую пастанову проста праігнаравалі.

Сытуацыю камэнтуе старшыня Камітэту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Зьміцер Бубноўскі:

(Бубноўскі: ) "На сёньняшні дзень нашым камітэтам падрыхтаваны праект пратакола аб парушэньнях. Ён будзе накіраваны ў Менгарвыканкам і копія ў пракуратуру. Я спадзяюся, што зараз гэта павінна спрацаваць на 100%".

Гісторык Алег Трусаў прапанаваў накіраваць ліст да генпракурора Віктара Шэймана з патрабаваньнем правесьці расьледваньне ў справе камэрцыйных пахаваньняў на Кальварыі. Гэта будзе дадаткам да нядаўняга звароту ў пракуратуру сябраў Хрысьціянскага таварыства міласэрнасьці.

Аднак ніякага адказу на гэты зварот пракуратура пакуль не дала, як няма адказу з МЗС Беларусі на ноту ў абарону Кальварыі, накіраваную амбасадай Польшчы. Найлепшым выйсьцем у гэтай сытуацыі была б перадача Кальварыі з рук дзяржавы ў рукі Царквы, аднак ў новым Законе пра пахаваньні, падпісаным Аляксандрам Лукашэнкам 12 лістапада, запісана, што ўсе могілкі Беларусі знаходзяцца ва ўласнасьці дзяржавы.

Абаронцы Кальварыі зьвярталіся па падтрымку ў многія установы, але нідзе не знайшлі разуменьня, нават у менскага каталіцкага біскупа Кірылы Клімовіча. Таму сёньня было прынятае рашэньне стварыць Камітэт і фонд у абарону Кальварыі, ды іншых нацыянальных сьвятыняў. Ягоныя сябры будуць патрабаваць каб улады надалі статус нацыянальных мэмарыялаў Кальварыйскім ды Ўсходнім могілкам, а таксама Курапатам і Трасьцянцу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG