Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА МАСКОЎСКАЙ ВАЛЮТНАЙ БІРЖЫ АДНОЎЛЕНЫ ГАНДАЛЬ БЕЛАРУСКІМІ РУБЛЯМІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Расейскія прадпрыемствы, фірмы й грамадзяне цяпер могуць свабодна купляць за расейскія грошы беларускія рублі й разьлічвацца імі за тавары зь Беларусі. Як паведамляе расейская газэта "Время МН", учора ўжо была заключаная першая зьдзелка на суму 10 000 000 беларускіх рублёў (гэта трохі больш за 7 000 даляраў).

Улады Беларусі забаранілі прымаць у расейскіх суб'ектаў гаспадараньня ў якасьці аплаты беларускія рублі яшчэ ў чэрвені 1998 году. Гэта быў фактычна першы крок новага старшыні Нацбанку Беларусі Пятра Пракаповіча. Прэсавы сакратар Нацбанку Анатоль Драздоў кажа, што гэта былі жорсткія адміністрацыйныя, але вымушаныя меры. Маўляў, у той час маскоўскія спэкулянты штучна заніжалі курс беларускага рубля, і беларуская эканоміка цярпела вялікія страты.

Паводле Анатоля Драздова, з прычыны слабасьці нацыянальнай фінансавай сыстэмы беларускія ўлады ў той час не маглі ўжыць эканамічных мераў. А цяпер беларуская валюта стабілізавалася, Беларусь падпісала артыкул №8 статуту МВФ, які забараняе ўжываць адміністрацыйныя меры супраць біржавых спэкулянтаў, і таму гандаль беларускімі рублямі ў Маскве адноўлены. Спадар Драздоў лічыць, што аднаўленьне куплі й продажу беларускіх рублёў на маскоўскай біржы ёсьць вельмі станоўчым крокам, які прынясе беларускай эканоміцы нямала зыску.

Былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Станіслаў Багданкевіч вельмі задаволены тым, што ўладам хапіла розуму адмовіцца ад заганнай практыкі забіраць беларускія рублі з расейскага ды іншых рынкаў. А ў беларускіх прадпрыемстваў цяпер зьяўляецца магчымасьць значна пашырыць аб'ём апэрацыяў з расейскімі партнэрамі.

(Багданкевіч: ) "Гэта папросту вяртаньне да здаровага сэнсу. І ў пэрспэктыве, калі Беларусь будзе выкарыстоўваць сваю валюту ў міжнародных разьліках, гэта будзе карысным. Зьмяншаецца наша залежнасьць ад міжнародных рэзэрвовых валютаў. Гэта крок да здаровага сэнсу. І крок да ўмацаваньня нацыянальнай валюты".

Экс-старшыня Нацбанку не выключае, што калі беларускі рубель умацуецца, то ўладам хопіць развагі не пераводзіць Беларусь на расейскую валюту. Станіслаў Багданкевіч кажа, што цяпер Нацбанку трэба не дапусьціць падзеньня абменнага курсу беларускага рубля. А дзеля гэтага трэба спыніць друкаваньне пустых грошай ды назапашваць рэзэрвы расейскіх рублёў і даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG