Паводле праекту бюджэту на 2002 год, Магілеёўшчына ў параўнаньні зь іншымі рэгіёнамі павінна атрымаць значна большы адсотак ад налічанага на ейнай тэрыторыі падатку на даданую вартасьць, падатку на даходы і прыбытак, акцызаў.
Магілёўскі бюджэт забярэ сабе ўсе 100% збораў падатку на прыбытак, а Віцебская вобласьць, напрыклад, толькі 44%. Згодна з праектам новага бюджэту, Магілёўшчына будзе мець і больш сродкаў на ўтрыманьне аб'ектаў сацкультбыту, на будаўніцтва аб'ектаў камунальнай уласнасьці...
Міністар фінансаў Мікалай Корбут у інтэрвію Радыё Свабода зазначыў, што ніякіх перавагаў Магілёўская вобласьць ня мае. Папросту на наступны год, паводле яго, заплянаваны пэўнага кшталту экспэрымэнт:
(Корбут: ) "Магілёўская вобласьць адзіная, якая пайшла на экспэрымэнт, адмовіўшыся ад фонду падтрымкі. Пазьней да яе далучыліся Гомельская вобласьць і горад Менск. Выдаткі разьлічаныя ў аднолькавых умовах, з аднолькавымі падыходамі да ўсіх. А ў Магілёўшчыне грошы, якія ішлі раней у рэспубліканскі бюджэт, а потым вярталіся ў рэгіён, я ім гэтую суму палічыў як і ўсім, але адразу заклаў у мясцовы бюджэт".
На ягоную думку, магілёўцы могуць нават прайграць ад такога экспэрымэнту, калі, напрыклад, не зьбяруць адпаведныя падаткі, бо не атрымаюць тады й дапамогі з рэспубліканскага бюджэту. Гэты экспэрымэнт можа прывесьці да стварэньня мытняў паміж абласьцямі, лічыць дэпутат Іван Пашкевіч.
(Пашкевіч: ) "Лічу, што гэткі падыход няправільны, бо ён прывядзе да канфрантацыі паміж абласьцямі. Вось, напрыклад, чаму пайшлі на такі прынцып кіраўнікі абласьцей. Асноўныя адлічэньні ў бюджэт — ад акцызнага тавару, напрыклад, ад віна-гарэлачных вырабаў. Цяпер, калі акцызы ад продажку гэтай прадукцыі будуць заставацца ў абласьцях, то я гатовы прадказаць, што можа дайсьці да таго, што паміж некаторымі абласьцямі будзе створаная мытня".
Паводле спадара Пашкевіча, міжрэгіянальныя канфлікты за акцызныя адлічэньні адбываюцца і цяпер, мясцовыя ўлады не дапускаюць у продаж гарэлкі з суседняй вобласьці. Пры падобным разьліку абласных бюджэтаў яны толькі ўзмоцняцца.
Нягледзячы на запэўніваньні міністра Кобута, незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што ў праекце бюджэту на 2002 год зусім не гарантаваная роўнасьць рэгіёнаў:
(Раманчук: ) "Найперш я мяркую, што Магілёўская вобласьць атрымае больш, таму што няма ніводнага палажэньня ў бюджэце, якое б казала аб гэтым экспэрымэнце і што магілёўцы атрымаюць больш датацыяў з рэспубліканскага бюджэту і зь бюджэтных фондаў. Калі мы паглядзім на аб'ём фінансаваньня бюджэтаў рэгіёнаў, калі мы паглядзім на структуру выдаткаў фондаў падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, дарожнага фонду і іншых, то там магілёўцы застаюцца з тымі ж памерамі сродкаў, як і былі".
Яраслаў Раманчук лічыць, што гэты экспэрымент пацерпіць фіяска, бо няма зьменаў у скрыжаваным субсыдаваньні ды іншых мэханізмах бюджэтнага пераразьмеркаваньня, якія б насамрэч дазволілі рэгіёнам жыць на тыя сродкі, якія яны зарабляюць.
(Раманчук: ) "Матывы відавочныя: калі прааналізаваць кадравую палітыку, якую праводзіць улада — галоўныя пасады займаюць выхадцы з Магілёўскай вобласьці. Усё гэта сьведчыць аб тым, што ў Беларусі, хаця яна была вельмі аднароднай, цяпер праводзіцца дыскрымінацыйная рэгіянальная палітыка".