Ад сёньняшняга дня абавязкі кіраўніка галоўнай ідэалягічнай управы прэзыдэнцкай адміністрацыі выконвае Іван Карэнда. Кар'ера новага ідэоляга ад улады цалкам падобная на шлях большай часткі беларускай намэнклятуры: вышэйшая школа ЦК ВЛКСМ, аддзел прапаганды й агітацыі ў друкаваных выданьнях, праца ў камсамольскім і партыйным апараце. Апошняе месца — выканаўчы камітэт саюзнай дзяржавы. Адметна, што Іван Карэнда — сябар Саюзу пісьменьнікаў, ён аўтар трох вершаваных зборнікаў.
Сярод заўважных прызначэньняў — абраньне новых асобаў у структуры Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Але калі прозьвішча першага намесьніка Васіля Манюка пакуль адмыслоўцам малавядомае (ён пераведзены на новую пасаду з Берасьця), то прызначэньне кіраўніком Дзяржаўнага радыё Аляксандра Саламахі ўспрынятае многімі са спадзяваньнямі на станоўчыя зьмены — нягледзячы нават на тое, што Саламаха пераведзены на новую пасаду з управы грамадзка-палітычнай інфармацыі адміністрацыі Лукашэнкі.
Гаворыць Генадзь Бураўкін, які з 1972-га да 1990 году ачольваў Беларускае тэлебачаньне і радыё:
(Бураўкін: ) "Манюк — гэта нехта з абсалютна новых людзей, пры мне, як кажуць, яго й блізка не было. Таму хто ён, адкуль ён, як трапіў у берасьцейскі тэлерадыёкамітэт — я гэтага ня ведаю. Саламаху — так, я ведаю яго як журналіста, і людзі, якім я давяраю і якія зь ім знаёмыя, добрае пра яго меркаваньне маюць. Я вельмі задаволены, што Ядранцава нарэшце пагналі. Дай бог, каб прыход Саламахі за сабой пацягнуў ачышчэньне этэру ад адыёзных фігураў. Але паўтаруся, што тычыцца Манюка, то для мяне гэта абсалютна невядомае ні прозьвішча, ні тым болей чалавек".
Ранейшы кіраўнік Дзяржаўнага радыё Ўладзімер Ядранцаў дагэтуль сапраўды лічыўся адной з самых адыёзных фігураў. Ягоная адданасьць Лукашэнку зьдзіўляла нават заўзятых прыхільнікаў цяперашняй улады. Уладзімер Дзюба, былы рэдактар папулярнага некалі Радыё-2, паводле загаду Ядранцава быў адхілены ад пасады ў часе красавіцкіх падзеяў 1998 году.
Сёньня Дзюба бачыўся зь некаторымі былымі калегамі і кажа, што, паводле інфармацыі з Дому радыё, Ядранцаў у добрым настроі. Ёсьць зьвесткі, што неўзабаве ён павінен падаць у прэзыдэнцкую адміністрацыю праект сумеснага беларуска-расейскага радыё. Ніякага фінансаваньня з сумеснага бюджэту пры гэтым не прадугледжваецца, бо адзін такі сумесны праект ужо існуе — радыё "Мір". Таму падобныя неакрэсьленыя прызначэньні, на думку многіх аналітыкаў, цалкам раўназначныя адхіленьню ад справы.