Навучэнцу Сьмілавіцкага тэхнікуму, будучаму пчаляру Ігару Міткевічу з пасёлку Бальшавік, што пад Менскам, удалося прыцягнуць да адказнасьці менскую раённую пракуратуру.
Суд Цэнтральнага раёну Менску задаволіў ягоны пазоў да пракуратуры і часткі ўнутраных войскаў №3110. З гэтых адказчыкаў суд пастанавіў спагнаць на карысьць Міткевіча 500 тысяч рублёў — як кампэнсацыю за маральныя страты, якія той атрымаў праз крымінальную справу, якую распачалі незаконна.
А пачыналася гэтая гісторыя больш як год таму — са звычайнай сваркі падчас вясковых танцаў. Толькі сварку зь мясцовымі хлопцамі, як высьветліў суд, пачаў ня Ігар Міткевіч, а патруль міліцыянтаў пад кіраўніцтвам старшага лейтэнанта Шыманскага, а Ігар Міткевіч паспрабаваў супакоіць удзельнікаў бойкі. За гэта яго зьбілі, а калі ён паскардзіўся на міліцыянтаў, пракуратура распачала на яго крымінальную справу.
Потым адбыўся суд, і Ігара апраўдалі, але ён не супакоіўся і вось цяпер выйграў справу аб абароне гонару і годнасьці. Праўда, Міткевіч прасіў спагнаць з пракуратуры й міліцыянтаў 4 мільёны рублёў, а суд зьменшыў суму кампэнсацыі ледзь ня ў 10 разоў, і ўсё ж хлопец вынікам працэсу задаволены. А ягоны абаронца, актывіст Беларускага Гельсынскага камітэту Алег Гулак лічыць, што вынік гэтай перамогі для грамадзтва пакуль не дастатковы, бо прайгралы бок ня лічыць сябе вінаватым і не зьбіраецца рабіць высноваў.
(Гулак: ) "Ня створаная сыстэма рэагаваньня на сытуацыі, пры якіх дзяржаве нанесеныя страты. Высьветлілася, што з гэтымі супрацоўнікамі міліцыі ніхто не зьбіраецца нічога рабіць. Апраўдальны прысуд паводле крымінальнай справы супраць Міткевіча быў вынесены яшчэ ў сьнежні мінулага году, але за гэты час вінаватых міліцыянтаў ня тое што не пакаралі, а нават не зрабілі ім вымову. І гэта сапраўды жахліва, бо парушэньні ў сытуацыі беспакаранасьці будуць толькі пашырацца".
Як высьветліў Алег Гулак у прысутнага на працэсе прадстаўніка Міністэрства фінансаў, 500 тысяч рублёў кампэнсацыі будуць плаціць ня старшы лейтэнант Шыманскі й ягоныя падначаленыя, а дзяржава. Алег Гулак заўважае:
(Гулак: ) "Падаткаплатнікі, якіх міліцыянты зьбіваюць, яшчэ і расплачваюцца за іхныя супрацьпраўныя дзеяньні".
Праваабаронца звяртае ўвагу і на такі бок справы як фактычна незаконнае патруляваньне гарадоў і мястэчак міліцыянтамі з частак унутраных войскаў. Такіх службоўцаў рыхтуюць найперш для разгонаў мітынгоўцаў, але не для складанай патрульнай працы.
(Гулак: ) "Фактычна для падтрыманьня грамадзкага парадку выкарыстоўваюцца людзі, якіх адпаведна не падрыхтавалі. Яны ня ведаюць законаў, ня маюць неабходнай псыхалягічнай падрыхтоўкі, але ад іх залежыць лёс шмат якіх людзей. Глядзіце, старшы лейтэнант Шыманскі дагэтуль проста ўпэўнены, што ён меў рацыю, што нічога дрэннага яны не зрабілі. І вось з гэтай упэўненасьцю ён і ягоныя падначаленыя патрулююць і сёньня".
Паводле спадара Гулака, практыка патруляваньня населеных пунктаў часткамі ўнутраных войскаў патрабуе неадкладнага перагляду.