Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ТЭХНАЛЁГІІ І ІНТЭРНЭТУ


Сяргей Шупа, Вільня

* СТАКГОЛЬМ. На гэтым тыдні зьявіліся ў продажы першыя робаты-пыласосы. На думку іх стваральнікаў, яны будуць лепш за людзей спраўляцца з самай цяжкай і нуднай працай у хаце. Гэта адбылося роўна праз 100 гадоў пасьля вынаходкі першага пыласоса, які быў падобны да грузавіка, што спыняўся каля дому, тым часам як шэсьць чалавек абслугі заходзілі зь вялізнымі шлянгамі ў дом. Робат-пыласос, які пачаў прадавацца ў Швэцыі, мае дыямэтар каля 30 см і каштуе больш за паўтары тысячы даляраў. Ён разглядаецца па хаце з дапамогай міні-радара і зь лёгкасьцю аб’яжджае любыя перашкоды.

* САН-ФРАНЦЫСКА. Жыхары Сан-Францыска прагаласавалі за тое, каб іх горад стаўся самым вялікім у Злучаных Штатах вытворцам электраэнэргіі, спароджанай сонечным сьвятлом. Там будзе ўсталявана гэтулькі сонечных панэляў-генэратароў, колькі ва ўсіх астатніх гарадах ЗША разам узятых. Для фінансаваньне гэтага праекту гарадзкія ўлады выпусьцяць адмысловыя акцыі. З дапамогай сонечных панэляў у Сан-Францыска за год будзе дастаткова выраблена ад 10 да 20 мэгаватаў электраэнэргіі - гэтай колькасьці дастаткова, каб забясьпечыць электрычнасьцю 15 тысячаў дамоў.

* ЛАС-ВЭГАС. Выступаючы на традыцыйным кірмашы высокіх тэхналёгіяў «Комдэкс» у Лас-Вэгасе, кіраўнік кампаніі Microsoft Біл Гейтс зазначыў, што 2001 год быў вельмі цяжкі як для сьвету наагул, гэтак і для бізнэсу, але наступныя дзесяць гадоў будуць сапраўдным «дыгітальным дзесяцігодзьдзем». Паводле Гейста, «кампутарная тэхналёгія прынясе зьмены ва ўсе сфэры нашага жыцьця і споўніць абяцаньні пра сьвет сапраўды бясьпечных і сапраўды пэрсанальных кампутараў». У прыватнасьці Гейтс паабяцаў шырокае разьвіцьцё малых партатыўных кампутараў-нататнікаў.

* БРУСЭЛЬ. Рыхтуецца для падпісаньня міжнароднае пагадненьне аб барацьбе з інтэрнэт-злачынствамі. Канчатковы тэкст пагадненьня быў зацьверджаны на паседжаньні міністраў Рады Эўропы . Пагадненьне будзе пададзенае для падпісаньня на міжнароднай канфэрэнцыі аб кібэрзлачынствах, якая адбудзецца 23 лістапада ў Будапэшце. З жорсткай крытыкай пагадненьня выступаюць праваабарочныя арганізацыі, якія цьвердзяць, што абмеркаваньне праекту вялося без належнага дэмакратычнага кантролю і што з прыыняцьцем пагадненьня паліцыя атрымае занадта шырокія паўнамоцтвы.

* ТОКІЁ. Галоўны японскі апэратар мабільнай сувязі кампанія NTT DoCoMo уводзіць для сваіх карыстальнікаў новую паслугу. Дагэтуль уладальнікі адмысловых мабільных тэлефонаў, якія працуюць толькі ў Японіі, у рамках паслугаў сувязі i-mode мелі магчымасьць тэлефанаваць, дасылаць кароткія запіскі, гартаць старонкі ў Інтэрнэце, чытаць электронную пошту, замаўляць білеты і месцы ў гатэлях, гуляць у гульні. Ад наступнага тыдня ўладальнікі мабільных тэлефонаў трэцяга пакаленьня змогуць прымаць і глядзець відэафайлы з навінамі, музычнымі кліпамі, спартовымі спаборніцтвамі. На сёньняшні дзень паслугамі сувязі i-mode карыстаецца каля 30 мільёнаў японцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG