Апошняя інфармацыя, якая сыходзіць з колаў нямецкіх палітыкаў, сьведчыць пра тое, што ізаляцыя ў дачыненьні да Беларусі будзе пераадольвацца, але не праз кіруючыя колы краіны, не праз прэзыдэнта, чые паўнамоцтвы Захад не прызнае на ўсе 100 адсоткаў, а праз розныя грамадзкія, палітычныя, дзяржаўныя інстытуты краіны, у партнэрстве зь якімі Эўропа зацікаўленая. Упершыню Нямеччына ды іншыя краіны Эўразьвязу робяць стаўку на супрацоўніцтва з незалежнай Беларусьсю, а ня зь нейкім дамініёнам Расеі, як гэта было яшчэ да самага апошняга часу.
Прафэсар Генадзь Грушавы, якія зараз знаходзіцца ў Нямеччыне і прымае ўдзел ў розных імпрэзах, што ладзяць палітычныя і няўрадавыя арганізацыі ФРН, лічыць, што гэта адна з самых прынцыповых зьменаў, якая адбылася ў апошні час ў палітычнай клясе Нямеччыны. Яшчэ ўчора, – сьведчыць Генадзь Грушавы, – значная частка прадстаўнікоў афіцыйных і няўрадавых колаў ФРГ схілялася да таго, што інтэграцыя з Расеяй, калі яна нават зьвязаная са стратай незалежнасьці Беларусі, гэта на карысьць рынкавых рэформаў, бо ў гэтым выпадку Расея прымусіць рэжым рухацца больш хутка, у накірунку да дэмакратычных нормаў.
(Грушавы: ) “Шчыра кажучы, мяне гэта вельмі засмучала, што вялікае кола палітыкаў самага вышэйшага ўзроўню менавіта такім чынам ставілася да пэрспэктываў разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі. Нават былі заявы такога кшталту, што Беларусь і не павінна зьяўляцца самастойна дзяржавай. Сеньня зьмена ў падыходах у гэтым пытаньні бачыцца на ўзроўні кіруючых нямецкіх сацыял-дэмакратаў”.
Паводле прафэсара Генадзя Грушавога, падобныя зьмены ў падыходах выкліканыя той надзвычайнай інфармаванасьцю нямецкіх палітычных колаў адносна разьвіцьця рэальнай сытуацыі у Беларусі. Як вынікае з дасьледаваньняў бэрлінскай фундацыі навукі і палітыкі, сёньня ідэя беларуска-расейскага саюзу страціла сваю прыярытэтнасьць сярод большай часткі насельніцтва краіны. Другі момант стаўкі Захаду на Беларусь як на незалежную дзяржаву зьвязаны з тым, што акцэнты ў адносінах да будучага славянскага ці сндоўскага аб’яднаньня зьмененыя самім Пуціным. Гэта чалавек, паводле немцаў, які кіруецца выключна прагматычнымі эканамічынымі інтарэсамі, і Лукашэнка, які страціў усялякія пэрспэктывы адыгрываць у межах саюзнага аб’яднаньня нейкую кіруючую ролю, гэта цудоўна разумее.
Як сьведчыць прафэсар Генадзь Грушавы, сеньня прадстаўнікі нямецкай палітычнай клясы праяўляюць найвялікшы за апошні час інтарэс да беларускай сытуацыі.
(Грушавы: ) “Яны адсочваюць наколькі паступова грамадзтва адыходзіць ад ідэалу аб’яднаньня з Расеяй, наколькі моцная ў Беларусі эліта, наколькі прадстаўнікі дзяржаўных колаў схільныя да таго, каб падтрымліваць гэтую эліту. Што тычыць Лукашэнкі, то немцы таксама пралічваюць сытуацыю. Аднак для іх відавочна, што Беларусь застаецца незалежнай дзяржавай. І яны, як прагматыкі, сыходзяць з рэальнай сытуацыі”.