Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЫЛЫЯ МІНІСТРЫ ЗАСТАЛІСЯ БЯЗ ПРАЦЫ


Уладзімер Глод, Менск

Былы старшыня беларускага ўраду Ўладзімер Ярмошын, паводле зьвестак зь ягонай сям'і, зараз у адпачынку за межамі Менску. Магчыма, сям'я і ведае пра ягоныя пляны, але абмяркоўваць гэтае пытаньне без самога Уладзімера Ярмошына адмаўляецца.

Аляксандар Лукашэнка, як вядома, пасьля звальненьня старшыні ўраду абяцаў яму адказную працу на расейскім напрамку. Некаторыя кажуць, што гэта можа азначаць і месца Дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, якое цяпер займае Павал Барадзін, і месца прадстаўніка Беларусі ў Калінінградзкай вобласьці, дзе працуе былы старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Ўладзімер Заламай.

А вось былы віцэ-прэм'ер Міхаіл Дзямчук ужо ўладкаваўся на дзяржаўную службу. Вядомы навукоўца (ён зьяўляецца акадэмікам Нацыянальнай Акадэміі навук) вярнуўся ў Беларускую палітэхнічную акадэмію. Праўда, ня рэктарам (а менавіта з гэтай пасады ён прыйшоў ва ўрад), а кіраўніком цэнтру лазэрнай фізыкі.

Яшчэ адзін былы намесьнік старшыні ўраду Валеры Кокараў пакуль у Расеі. Сьцьвярджаюць, што ён хоча займацца там прыватным бізнэсам у нафтавай галіне — менавіта той, якой ён кіраваў, калі быў віцэ-прэм'ерам.

Экс-міністар адукацыі Васіль Стражаў, як распавёў мне ягоны блізкі сябар, хацеў бы паспрабаваць сябе ў дыпляматычнай сфэры. Спадар Стражаў свабодна валодае нямецкай мовай. Да таго ж, існуе падобны прыклад перакваліфікацыі — Віктар Гайсёнак, якога на пасадзе міністра адукацыі ў свой час зьмяніў Васіль Стражаў, цяпер прадстаўляе Беларусь у Аўстрыі як амбасадар.

За бортам новага ўраду апынулася і Вольга Даргель — былы міністар сацыяльнай абароны. Але яна ўжо перайшла рубеж, які дазваляе атрымліваць пэнсію. А вось экс-міністар аховы здароўя Ігар Зелянкевіч яшчэ не дасягнуў пэнсійнага веку. Дзе ён будзе працаваць далей, пакуль невядома.

Даволі працяглы час застаюцца беспрацоўнымі былы міністар абароны Аляксандар Чумакоў і экс-міністар культуры Аляксандар Сасноўскі. Лукашэнка звольніў іх яшчэ да прэзыдэнцкіх выбараў. Пра Чумакова яшчэ напачатку восені казалі, што ён стане вайсковым дарадцам кіраўніка "палаты прадстаўнікоў". Але пакуль такую пасаду не ўвялі ў штатны расклад палаты.

Што да Аляксандра Сасноўскага, дык ён дагэтуль таксама не працуе ў дзяржаўных структурах. Сьцьвярджаюць, што час ад часу былы міністар дапамагае свайму зяцю, які мае невялікі бізнэс у галіне харчаваньня.

Аналітыкі зьвяртаюць увагу на тое, што пры рэфармаваньні ўраду пацярпелі найперш тыя, хто мае менскія намэнклятурныя карані. Гэта і Ярмошын, і Дзямчук, і Кокараў, і Стражаў, і Зелянкевіч, і Даргель.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG