Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ АГП ПРАПАНАВАЛІ АЛЬТЭРНАТЫЎНЫ ВАРЫЯНТ ДЗЯРЖАЎНАГА БЮДЖЭТУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У дакумэнце, які сёньня прэзэнтавалі лідэры АГП Анатоль Лябедзька і Яраслаў Раманчук, прааналізаваны праект дзяржбюджэту Беларусі на 2002 год і выказаныя прапановы рэфармаваньня бюджэтна-падатковай палітыкі. На пачатку прэзэнтацыі альтэрнатыўнага праекту бюджэту Анатоль Лябедзька адзначыў:

(Лябедзька: ) "За няпоўных паўтара месяца Аб'яднаная грамадзянская партыя вылучае ўжо трэцюю буйнамаштабную ініцыятыву, якая скіраваная на працэс рэальнай лібэралізацыі й дэмакратызацыі сытуацыі ў Беларусі. Гэтыя ўсе ініцыятывы знаходзяцца ў рэчышчы той мэты — зьмены існуючай сыстэмы ўлады, якая даказала свю неэфэктыўнасьць, некантраляванасьць і паразытычнасьць".

Ягоны намесьнік Яраслаў Раманчук параўнаў свой праект бюджэту з тым, які ўжо пачаў прапаноўваць дэпутатам "палаты прадстаўнікоў" міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут. Так, галоўнымі хібамі дзяржаўнага праекту бюджэту, на думку спадара Раманчука, ёсьць ягоная непразрыстасьць (асабліва што да фінансаваньня сілавых структураў, найвышэйшага дзяржаўнага апарату і г.д).

Паводле спадара Раманчука, цяперашняя падатковая сыстэма застаецца надзвычай складанай, са шматлікімі льготамі для стратных сэктараў эканомікі, а бюджэтныя выдаткі не сканцэнтраваныя на праграмах абароны сапраўды бедных людзей.

Прадстаўнікоў АГП таксама не задавальняе, што ўрад не плянуе прыватызацыі рэальнага сэктару эканомікі й банкаўскай сыстэмы, а сама эканоміка пры такім бюджэце не валодае дастатковым рэсурсам для росту даходаў.

Яраслаў Раманчук кажа, што асноўныя разьдзелы дзяржаўнага праекту бюджэту маюць дэкляратыўны характар і падрыхтаваныя на аснове завышаных тэмпаў эканаміччнага росту, таму й ня дзіўна, што ў ім адразу ж закладзены дэфіцыт у 344 мільярдаў 700 мільёнаў рублёў (гэта больш як 500 мільёнаў даляраў).

Яраслаў Раманчук лічыць, што пры такім бюджэце Беларусь у наступным годзе чакае альбо гіпэрінфляцыя, альбо сыстэмны крызыс эканомікі. У сваім праекце бюджэту спадар Раманчук прапанаваў скараціць расходы бюджэту за кошт адмены дапамогі дзяржаўным, наддзяржаўным і грамадзкім установам, якія самі мусяць зарабляць грошы, а таксама спрасьціць падатковую сыстэму. Г.зн. увесьці тры стаўкі падатку на даданую вартасьць, скараціць падатак для фізычных і юрыдычных асобаў да 10%, скасаваць усе падатковыя льготы ды ўвесьці адзіны мясцовы падатак. Усяго прапануецца скараціць колькасьць падаткаў з 39 да 6.

У праекце, што падрыхтавала АГП, таксама прадугледжаная забарона на фінансаваньне дэфіцыту бюджэту Нацыянальным банкам. Прапануецца браць дадатковыя сродкі ў бюджэт за кошт акцызаў на алькаголь і тытунь ды за кошт збораў за транзыт. Гэта толькі першачарговыя меры. Пра тое, які яны дадуць вынік, гаворыць Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) "Прапанаваны мною праект бюджэту бездэфіцытны. Больш за тое, паводле маіх лічбаў атрымліваецца, што ўжо першы год у нас будзе прафіцыт бюджэту. Даход будзе 3 мільярды 235 мільёнаў, выдаткі 3 мільярды 150 мільёнаў даляраў".

Лідэры АГП заклікаюць дэпутатаў "палаты" адкласьці прыняцьцё бюджэту да красавіка наступнага году.

Праўда, яны сумняюцца, што ўлады прыслухаюцца да іхных прапановаў. Міністар фінансаў Мікалай Корбут ужо два дні запар прэзэнтуе свой праект бюджэту, які ён сам называе складаным, у камісіях "палаты прадстаўнікоў", і дэпутаты не выказваюць асаблівага незадавальненьня гэтым дакумэнтам. Разгляд праекту пачнецца ўжо 15 лістапада.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG